Салодкае свята

- 16:43Нам пішуць

Дзень ведаў, які святкавала ўся краіна, у аграгарадку Путрышкі Гродзенскага раёна быў падсалоджаны святам марожанага — новай традыцыяй мясцовага насельніцтва.

Свята марожанага ў Путрышках адзначаецца ўжо другі год першую суботу верасня. Але сёлета путрышкаўцы радаваліся і весяліліся ўдвая больш, бо Дзень ведаў арганічна перайшоў у сапраўднае народнае гулянне дарослых і дзяцей з нагоды святкавання самага смачнага свята — свята марожанага.

Нягледзячы на астуджальную назву свята і пачатак прахалоднай пары года восені, на пляцоўцы ДК “Путрышкі”, дзе адбываліся запланаваныя мерапрыемствы, было па-сапраўднаму спякотна: усе, хто нарадзіўся ў верасні, атрымалі порцыю марожанага ў падарунак; на пляцоўцы “Эскімолэнд” быў наладжаны святочны гандаль, атракцыёны, фотазоны, дэгустацыя марожанага ААТ “Малочны свет”, фаер-шоу, фестываль фарбаў.

Асаблівы гонар і павагу выклікала цырымонія ўзнагароджання славутых жыхароў аграгарадка і акцыя — запуск у неба шароў “Путрышкі — любоў мая!”. А ўжо апладысменты і ўсеагульнае галёканне падчас выступлення Мінскага тэатра роставых лялек, вобразаў Алы Пугачовай, Філіпа Кіркорава, Веркі Сярдзючкі (акцёр шоу “ONETOONE” Сяргей Кунай), удзельнікаў калектываў аматараў творчасці Гродзенскага раёна, эксклюзіўнага шоу балалаечніка-віртуоза Аляксандра Варанішча пры ўдзеле акардэаніста Л.Юхніка і шоу-балета “Лайт Мікс” разляталіся далёка па ўсім наваколлі. Стаіўшы дыханне, слухалі путрышкаўцы чароўны голас артысткі беларускай эстрады Ганны Шаркуновай. Самыя стойкія і трывалыя завяршылі гэты дзень дыскатэкай з удзелам кавер-групы “NOLIMIT” (Гродна).

Шчыры дзякуй, верасень, за два цудоўныя святы! Дзякуй старшыні СВК “Путрышкі” Віктару Іванавічу Петрушкевічу за неабыякавасць, ініцыятыву і падораную жыхарам новую мясцовую традыцыю! Дзякуй, Путрышкі, за тое, што нам выпала шчасце тут нарадзіцца!

Святлана БОЗЫР,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.