Салют піянерскаму папаўненню

- 14:27Нам пішуць

Піянерская арганізацыя ў нашай установе існуе з 1950 года. На працягу ўсяго часу нашы піянеры вучацца быць першымі, быць прыкладам для іншых. Даследуючы летапіс сваёй дружыны, навучэнцы выявілі, што дружына заўсёды была на добрым рахунку ў раёне. Піянеры ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, актыўна супрацоўнічалі з пагранічнай заставай “Русакі”.

Супрацоўніцтва з заставай працягваецца і цяпер. У дзень нараджэння піянерыі традыцыйна піянерская дружына “Юнацтва” папоўнілася новымі членамі. Адбыўся піянерскі збор на пагранічнай заставе: пастроены атрады, здадзены рапарт, унесены сцяг піянерскай дружыны. Наступае ўрачысты момант, будучыя піянеры даюць абяцанне добра вучыцца, быць працавітымі, паважаць і дапамагаць старэйшым, годна служыць Радзіме і адстойваць інтарэсы піянерскай арганізацыі. І самая хвалюючая хвіліна — ваеннаслужачыя заставы павязваюць акцябратам чырвона-зялёныя гальштукі. Піянеры атрымліваюць віншаванні з вуснаў сваіх старэйшых сяброў, пагранічнікаў. Гучаць урачыстыя гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.Пасля ўрачыстай часткі ўсіх піянераў чакала цікавая экскурсія па заставе. Дзецям паказалі вальеры з сабакамі, прадэманстравалі, як затрымліваюць парушальніка мяжы, як сабакі праходзяць паласу перашкод, пазнаёмілі з жыццём ваеннаслужачых на пагранічнай заставе.

Свята атрымалася светлым, прыгожым і цікавым.

Алена БУДНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.