Самастойны выбар 

- 11:44Портфолио

Напярэдадні цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі вучаніцы сярэдняй школы № 40 Магілёва, якія здаюць гэты прадмет, прыйшлі да свайго педагога Юліі ЯБЛОНСКАЙ, каб чарговы раз паўтарыць складаныя тэмы. Залатыя медалісткі і алімпіядніцы — усе яны мараць паступіць у медуніверсітэт.    

Ісці да мэты      

— Сёння са мной дзяўчынкі, якія зрабілі асэнсаваны выбар, да якога ішлі мэтанакіравана. Сярод іх залатыя медалісткі і пераможцы Абласной алімпіяды па хіміі Насця Масейкіна і Валерыя Осіпава, а таксама пераможцы абласной алімпіяды па біялогіі Насця Аўласцова і Аня Амосава, — гаворыць Юлія Антонаўна. — Прызнаюся, мне ў свой час складана было вызначыцца з прафесіяй. Шмат было дарадчыкаў, ды і выбар багаты. Бацькі рэкамендавалі ісці ў будаўнічую сферу, бабуля з дзядулем — у медыцыну. Я ж хацела стаць педагогам, але ў гэтым імкненні сям’я мяне не падтрымлівала. У выніку першую адукацыю атрымала ў Магілёўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце па спецыяльнасці “Плаўленне пластычных мас і эластамераў”, якая мне падалася цікавай. Мая любімая хімія там выкладалася ў велізарным аб’ёме, выкладчыкі былі вельмі добрыя, мы вялі навуковыя даследаванні. Але, калі пайшла практыка, я зразумела, што не хачу працаваць па спецыяльнасці. І пасля заканчэння інстытута апынулася ў школе. Тады можна было ўладкавацца не па спецыяльнасці, дастаткова было таго, што я хімік. Стала настаўніцай хіміі і біялогіі ў Філатаўскай школе Круглянскага раёна. Біялогію адкрывала для сябе нанова. Бо ў школе гэты прадмет не вельмі мяне цікавіў, падаваўся занадта лёгкім. Я паглыблялася ў матэматыку, фізіку і хімію. Такім чынам, другой маёй спецыяльнасцю стала “Настаўнік біялогіі. Ахова прыроды”, атрыманая ў Віцебскім педагагічным універсітэце імя П.М.Машэрава. 

Свой стыль

Раней біялогія ў школе насіла больш апісальны характар, размова вялася пра расліны, жывёл, чалавека. Тэмы генетыкі і экалогіі, напрыклад, не закраналіся. Па словах Юліі Антонаўны, сёння тое, што яна вывучала ў інстытуце на 1—2 курсе, праходзяць у школе, разглядаюцца найцікавейшыя і ра­зам з тым найскладанейшыя задачы. 

— Мае выпускнікі, якія сёння вучацца ва ўніверсітэтах, дзеляцца са мной сваімі заданнямі. Мы разбіраем іх са старшакласнікамі ў профільных класах, — адзначае педагог. — Біялогія — гэта прадмет, дзе трэба думаць, адных ведаў тут недастаткова, патрэбны логіка і добрая памяць, каб запамінаць тэксты з мноствам тэрмінаў. Як, напрыклад, запомніць усе назвы структур клетак і іх функцыі? З дапамогай розных схем і малюнкаў, пабудовы асацыятыўных радоў і лагічных ланцужкоў. Малюем, напрыклад, нефрон — гэта аснова нырак — і падпісваем кожную структуру. Нефронаў у нырках каля 2 млн. Для мяне галоўнае, каб дзіця разумела, якія працэсы ідуць у нырках, што трэба для іх работы і якія праблемы могуць узнікаць з гэтым органам. Каб завастрыць увагу вучняў на матэрыяле, які вывучаем, магу нечым іх здзівіць, сказаць: “Калі вам паставілі дыягназ “нырачная недастатковасць”, то вам засталося жыць максімум паўтара тыдня”. Дзеці імгненна ўключаюцца ў актыўнае абмеркаванне тэмы. 

У профільных класах Юлія Антонаўна не начытвае матэрыял. Вучні заўсёды могуць узяць кнігу і самі пачытаць. Педагог абмяркоўвае з дзецьмі новую інфармацыю, разбірае складаныя моманты. У кожнага да 10 класа фарміруецца свой стыль навучання, спосаб работы з інфармацыяй. Камусьці дастаткова паслухаць настаўніка, каб зразумець, а хтосьці будзе запісваць і замалёўваць. Паколькі біялогія — навука аб жывым, то ў ёй практычна ўсе пра­цэсы апісваюцца малюнкамі. Адны пішуць тэзісна, а іншыя складаюць табліцы, схемы, кластары, так дзеці лепш бачаць сувязі паміж працэсамі. А хтосьці выкарыстоўвае метад “Стужка часу” або “Ланцужок падзей”. Напрыклад, замалёўвае стрававальную сістэму ад “а” да “я”. Свая схема разгортвання малюнка ёсць у кожнага вучня. Хтосьці абалонку клеткі пачынае маляваць звонку, а хтосьці — з цэнтра. Адны подпісы ро­бяць прама на малюнку, а іншыя запісваюць толькі лічбы на малюнку, а подпісы выносяць за яго межы. Хтосьці ўсю дадатковую інфармацыю па тэме ўклейвае ў сшытак у выглядзе гармоніка. Адпаведна і Юлія Антонаўна дае дзецям разнастайныя заданні. Напрыклад, аднавіць напалову запоўнены кластар або табліцу з пропускамі.   

Хтосьці выбірае біялагічны клас, таму што імкнецца пайсці да настаўніка, з якім будзе камфортна. Для мяне ж галоўнае, каб дзеці зрабілі правільны выбар.

Даць шанс 

У 6 класе, калі толькі пачынаецца курс біялогіі, Юлія Антонаўна праводзіць школьную алімпіяду. Запрашае паўдзельнічаць усіх жадаючых, але ў першую чаргу тых, хто добра праяўляе сябе на ўроках. І часам лепшы вынік выдае вучань, на якога першапачаткова педагог не ро­біць стаўку, які пытанняў не задае і вучыцца сам. Такім дзецям настаўнік практычна не патрэбны. Ім не трэба расказваць вядомыя ісціны пра тое, як пабудавана клетка, кветка і г.д. Але і пералапачваць з імі падручнікі па біяхіміі і батаніцы таксама не мае сэнсу. Для іх педагог можа стаць памочнікам, арганізатарам іх самастойнай працы, можа прывесці ў сістэму іх веды. Калі Юлія Антонаўна бачыць, што вучню сумна на ўроку, бо ён усё ведае, дае яму дадаткова рашыць тэсты алімпіяднага ўзроўню. У каго добра атрымліваецца, той ідзе далей. Упор робіцца на развіццё самастойнасці ў дзецях.

Насця Аўласцова вельмі адказная і працаздольная вучаніца Юліі Антонаўны. Калі педагог брала яе на алімпіяду, дзяўчынка вучылася на 5—6 балаў. Але вельмі імкнулася да поспеху, адшукала найскладанейшыя кнігі, шмат займалася і ў выніку перамагла на абласной алімпіядзе. Выснова: нават калі дзіця не паспявае па прадмеце, трэба даць яму шанс. 

— Я рада, калі дзеці ў старшых класах выбіраюць мой прадмет для вывучэння на павышаным узроўні, — гаворыць педагог. — Але не заўсёды ідуць менавіта на прадмет. Хтосьці выбірае біялагічны клас, таму што імкнецца пайсці да настаўніка, з якім будзе камфортна. Для мяне ж галоўнае, каб дзеці зрабілі правільны выбар. Калі яны, нарэшце, знаходзяць свой любімы занятак, то моцна мяняюцца, з’яўляецца агонь у вачах, іншая матывацыя. А тым, хто трапіў на мой профіль выпадкова, гавару: “Нават калі вы ў апошні момант перадумаеце, не страшна. Горш, калі вы будзеце займацца нелюбімай справай усё жыццё”. 

Нядаўна я прачытала кнігу “Пакаленне I” доктара Джын Твенге, прафесара псіхалогіі ўніверсітэта Сан-Дыега, дзе ўзнімаецца пытанне аб тым, чаму пакаленне інтэрнэту страціла бунтарскі дух, стала больш талерантным, менш шчаслівым і абсалютна не гатовым да дарослага жыцця. Для таго каб сучасныя дзеці маглі самі разабрацца са сваім жыццём, іх неабходна вучыць самастойнасці з ранняга дзяцінства.  

Рэсурсны цэнтр

У сярэдняй школе № 40 Магілёва з 2016 года функцыянуе гарадскі рэсурсны цэнтр па біялогіі, якім кіруе Юлія Антонаўна. Тут склаўся стабільны калектыў настаўнікаў з розных школ Магілёва, якія праводзяць заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяд. Ва ўсіх іх ёсць пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Заняткі ў цэнтры прахо­дзяць па суботах. У апошнія два гады з-за пандэміі работа вядзецца дыстанцыйна. 

Намаганняў толькі педагога недастаткова. Калі само дзіця не хоча паглыбляцца ў матэрыял і ўдзяляць яго вывучэнню шмат часу, поспеху не будзе.

— Да пандэміі ў нашым цэнтры быў сапраўдны аншлаг, адначасова на заняткі прыходзіла па 40 вучняў, — адзначае настаўніца. — Заняткі доўжыліся паўтары га­дзіны. Першыя 30 мінут дзеці пісалі тэст па папярэдняй тэме. На наступных занятках атрымлівалі вынікі і пасля са сваімі выкладчыкамі ў школах ліквідавалі недахопы ў ведах. Далей настаўнікі чыталі тэорыю і разбіралі з дзецьмі практычныя заданні па ёй (мінімум 20 заданняў). Гэта найцяжэйшая праца для педагогаў, таму што мы вучым разумных дзяцей, якія задаюць складаныя пытанні. Кожны наш настаўнік адказвае за выкладанне пэўнага раздзела біялогіі. Але намаганняў толькі педагога недастаткова. Калі само дзіця не хоча паглыбляцца ў матэрыял і ўдзяляць яго вывучэнню шмат часу, поспеху не будзе. 

Лепшыя вучні Юліі Антонаўны падчас ЦТ атрымліваюць ад 60 да 98 балаў. Для падрыхтоўкі да выпрабаванняў педагог стварыла віртуальны кабінет біялогіі на сайце школы. 

— Мае выпускнікі, як правіла, паступаюць у медуніверсітэты па ўсёй краіне, некаторыя ідуць у медкаледжы. Адзін з выпускнікоў, якім я буду ганарыцца ўсё жыццё, — гэта Міша Чакалкін, — адзначае педагог. — Ён скончыў 3 курс лячэбнага факультэта Віцебскага медуніверсітэта. Да мяне трапіў у 7 класе. Першая яго самастойная работа па біялогіі скончылася двойкай. І толькі ў выніку ўпартай працы з яго атрымаўся алімпіяднік. Рада, што дакранулася да фарміравання гэтага чалавека. Першы час, як ён паступіў ва ўніверсітэт, траціў па 8 га­дзін у дзень на падрыхтоўку да заняткаў. Зараз толькі 1,5 гадзіны. Спачатку ён вучыўся платна, а ўжо з гэтага года перайшоў на бюджэт, стаў лепшым вучнем на курсе, зай­маецца валанцёрскай дзейнасцю з дзецьмі з сіндромам Даўна, з аўтызмам. Зараз будзе ўдзельнічаць у праграме па рабоце з людзьмі, якія апынуліся ў інваліднай калясцы. Юнак вельмі любіць сваю прафесію, не мае завышаных амбіцый. Калі прыходзіць у бальніцу на практыку медыцынскага догляду, то не дзеліць людзей, яму не важна, каму дапамагаць — маленькім дзецям, бабульцы ці нават бамжу. Сёння я звяртаюся да яго за інфармацыяй, бо многія пытанні ён вывучыў значна лепш за мяне. Упэўнена, што ён стане ўрачом, аб якім будуць гаварыць людзі. Вось што значыць знайсці свой шлях. 

***

Перамогі на алімпіядах, гонар школы… — усё гэта мае значэнне. Але няма нічога важней, чым жыццёвая дарога, якую выбірае чалавек. Многія вучні Юліі Антонаўны імкнуцца пайсці ў медыцыну. Некаторыя разважаюць, маўляў, там добра пла­цяць. Педагог тлумачыць, што грошы плацяць не за прафесію, а толькі калі чалавек стане добрым спецыялістам. Таму трэба выбіраць справу па душы і па здольнасцях з разлікам на тое, што будзеш займацца ёй і ўдасканальваць майстэрства доўгія гады. Тут як з выбарам мужа ці жонкі і стварэннем сям’і. Успомнім прымаўку аб шчаслівых людзях, якія з радасцю ідуць на работу і з радасцю вяртаюцца дадому.  

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.