Самы сучасны вопыт

- 10:50Навіны рэгіёнаў

У Калінкавіцкім прафесійным аграрна-тэхнічным ліцэі плануюць адкрыць рэсурсны цэнтр сельскагаспадарчага профілю. Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў адзначае, што ў сучасным рэальным сектары эканомікі цвёрдую канкурэнтную барацьбу вытрымліваюць толькі тыя арганізацыі, кваліфікаваныя рабочыя якіх валодаюць ведамі пра самыя сучасныя тэхналогіі і ўмеюць якасна эксплуатаваць сучасную тэхніку і абсталяванне.

— У тым ліку і для гэтых мэт у вобласці створаны сучасныя рэсурсныя цэнтры. У новы рэсурсны цэнтр на базе Калінкавіцкага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя будуць прыязджаць навучэнцы 14 устаноў прафесійнай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Арганізацыя прафесійнага навучання на базе такіх цэнтраў дазваляе забяспечыць эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных, кадравых і метадычных рэсурсаў за кошт канцэнтрацыі і пашырэння доступу да іх, выкарыстання сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання. Наша задача — арганізаваць дзейсную работу раённых рэсурсных цэнтраў. Тых, каго трэба вучыць, — навучыць, а вопыт творчых настаўнікаў актыўна распаўсюджваць у раёне і вобласці.

Выпускнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі Гомельшчыны працуюць практычна ў кожнай галіне эканомікі і сацыяльнай сферы. Таму асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці работы гэтых устаноў, іх сучаснаму абсталяванню, адкрыццю новых спецыяльнасцей. Сёлета ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці будуць вучыць рабочых па 20 кваліфікацыях. Напрыклад, у Гомельскім прафесійным шматпрофільным ліцэі ўпершыню праведзены набор на спецыяльнасць “Тэрмаапрацоўшчык швейных вырабаў”. У Мазырскім політэхнічным каледжы — на спецыяльнасць “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-электрык”.

Між тым сёлета за кошт абласнога бюджэту падрыхтавалі і выпусцілі 6455 маладых рабочых і спецыялістаў, усе яны атрымалі накіраванне на работу. З 1 верасня 4 тысячы чалавек будуць залічаны ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі і амаль 3 тысячы — сярэдняй спецыяльнай.

Для прыцягнення моладзі ў вытворчы сектар эканомікі, папулярызацыі рабочых прафесій установы прафадукацыі бяруць удзел у конкурсах, напрыклад, у WorldSkills Belarus. У верасні каманда, у якой будзе больш за 40 удзельнікаў, прадставіць вобласць на чацвёртым чэмпіянаце ў Мінску.

— Удзел у чэмпіянатах, — гаворыць Руслан Смірноў, — добры шанс для навучэнцаў і маладых рабочых прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства, а для педагогаў — добрая школа, дзе яны могуць прааналізаваць, якія патрабаванні існуюць у свеце, і ўнесці карэктывы ў падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.