Самы вялікі дзеючы вадзяны млын і «цацачны» помнік архітэктуры. Адпраўляемся ў падарожжа на Ваўкавышчыну

- 15:41Родная земля

Якія архітэктурныя аб’екты варта яшчэ паглядзець у Ваўкавыскім раёне, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” высветліў падчас сваёй вандроўкі.

Не толькі шахты

Упершыню Ваўкавышчыну я наведаў у снежні 2009 года. Гэта была незабыўная вандроўка. Разам з краснасельскімі педагогамі па яшчэ незаснежанай зямлі мы прабіраліся ў даліну Белых слядоў да першабытных шахт, у якіх нашы прашчуры здабывалі крэмень. Спачатку ішлі па лясных сцежках, збіваючы абуткам празрыстыя кроплі дажджу, якія ўсыпалі ігліцу і мох, а потым раптоўна пачалі пакідаць за сабой белыя сляды. Аказалася, ідзём па мелавых адкладаннях, прынесеных у гэты край ледавіком…

Старажытныя шахты — галоўная адметнасць раёна, такіх унікальных аб’ектаў не сустрэнеш больш нідзе ў Беларусі. Але не толькі шахтамі славіцца Ваўкавышчына. Над зямлёй таксама можна ўбачыць шмат цікавага. З вякоў мінулых да нас дайшлі цэрквы, касцёлы, сядзібныя дамы, арыгінальныя гаспадарчыя пабудовы. Сапраўдным россыпам помнікаў архітэктуры адарыла гэтую зямлю гісторыя.

Самы старажытны

“Я запрашаю вас на малую радзіму”, — такімі словамі сустрэла настаўніца геаграфіі Гнезнаўскай сярэдняй школы Надзея Мікалаеўна Лойка, прадстаўляючы аднайменны турыстычны праект, які яна распрацавала разам з вучнямі 9 класа. Праект раскрывае самабытнасць гістарычных помнікаў аграгарадка Гнезна і яго ваколіц. І самы ўнікальны помнік — касцёл Святога Міхаіла.

Падарожжа па Ваўкавышчыне мы невыпадкова пачнём з наведвання гэтага аб’екта. Па-першае, у архітэктуры храма перапляліся готыка і рэнесанс, а ў пакручастым лёсе — веліч, слава, запусценне, адраджэнне. Па-другое, гэта самы старажытны будынак на тэрыторыі раёна. У наступным годзе ён афіцыйна адзна­чыць сваё 500-годдзе. Але дакладна сказаць, калі пабудаваны храм, складана, бо на адной з цаглін фасада можна ўбачыць лічбы “1121”. Некаторыя даследчыкі лічаць, што такім чынам будаўнікі пазначылі год узвядзення святыні.

Храм дайшоў да нас праз віхуры стагоддзяў, шматлікія войны. Ужо гэты факт варты таго, каб з павагай адносіцца да яго. Невыпадкова храм уваходзіць у многія турыстычныя маршруты Ваўкавыскага раёна.

— Гісторыкамі знойдзены рукапісны дакумент 1524 года, у якім адзначаецца, што ўладальнікі Гнез­на Шамятовічы выдалі фундуш на пабудову (магчыма, на рэканструкцыю) касцёла ў сваім маёнтку, паводле якога за будучым храмам замацоўваліся зямельныя ўгоддзі і падданыя з выплатай “штогод з двух двароў дзесяціны ўсялякага збожжа на вечныя часы”. Хоць у дакуменце і ўказываецца, што менавіта Шамятовічы пабудавалі касцёл, але многія гісторыкі з гэтым фактам не згодны. Яны лічаць, што, дзякуючы Шамятовічам, касцёл перабудавалі або рэстаўрыравалі. Таксама складана ўявіць першапачатковы выгляд храма, бо не хапае дакументальных крыніц сярэдзіны ХVII стагоддзя, — расказвае На­дзея Мікалаеўна.

Нават у змрочнае кастрычніцкае надвор’е храм уражвае сваёй веліччу. Міжволі падумалася, як бы цудоўна ён гля­дзеўся на фоне блакітнага неба з аблокамі. Высокая вежа, масіўныя сцены і… невялікія ўваходныя дзверы. Для храмавай архітэктуры нехарактэрная дэталь. Невыпадкова мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што касцёл урос у зямлю. Аднак знаўцы архітэктуры гэтае сцвярджэнне абвярга­юць. Магчыма, першапачаткова храм выконваў ролю абарончай пабудовы.

Як і належыць старажытнаму храму, з ім звязаны розныя легенды. Напрыклад, старшыня Гнезнаўскага сельсавета былы настаўнік гісторыі Сяргей Вацлававіч Станіслаўчык паведаміў, што ў храме ўпершыню сустрэліся Ядвіга і Ягайла. Было гэта аж у XIV стагоддзі. Калі тое праўда — цудоўна, калі ўсяго толькі прыгожая легенда, то і яна, безумоўна, мае права на існаванне, бо ро­біць гісторыю храма яшчэ больш таям­нічай.

— Першы раз я прыехала ў Гнезна, калі вучылася ў сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска. Право­дзіла тут канікулы ў лагеры працы і адпачынку, — расказвае дырэктар Гнезнаўскай сярэдняй школы Наталля Іванаўна Кароль. — Тады і ўбачыла касцёл. Храм яшчэ стаяў без даху, быў закінуты. Нас, падлеткаў, вельмі прыцягваў яго выгляд, штосьці містычнае было ў гэтым напаўразбураным гатычным будынку. Калі ў 1994 годзе пасля заканчэння Ваўкавыскага педвучылішча я прыехала сюды працаваць настаўніцай і падышла да храма, то ён ужо быў адноўлены, у ім праводзіліся службы.

Займаўся аднаўленнем храма ксёндз Людвік. З ім у нашай школы былі добрыя адносіны, бо большасць жыхароў Гнезна па веравызнанні католікі. Ён быў выхавальнікам ад Бога. Добра памятаю, як тагачасны дырэктар школы Аляксей Антонавіч Сімановіч, калі бачыў, што некаторыя вучні дрэнна сябе паводзяць або гавораць брыдкія словы, складаў спіс і даваў яго ксяндзу, а той потым праводзіў тлумачальныя гутаркі.

Прыемная атмасфера

Славіцца Гнезна яшчэ і ся­дзібай другой паловы XIX стагоддзя. Як часта бывае ў Беларусі, размешчана яна на беразе вадаё­ма. Сядзібны комплекс уключае невялікі палац, фрагменты парку з прыгожымі алеямі, гаспадарчыя пабудовы, якія раскінуліся па ўсім аграгарадку. Гэтыя будынкі былі жылымі, адміністрацыйнымі, гандлёвымі або выконвалі рознае гаспадарчае прызначэнне. Большасць з іх, а таксама парк, захаваліся ў добрым стане. Некаторыя нават нядаўна рэстаўрыраваны. У сядзібным доме сёння размяшчаюцца мясцовыя органы выканаўчай улады.

— Несумненна, сядзібны комплекс, як і касцёл, таксама можа быць цікавы турыстам. У Гнезна сфарміравалася вельмі прыемная турыстычная атмасфера. Да таго ж падарожнікаў тут чакае некалькі магазінаў, аптэка, паштовае аддзяленне. Інфраструктура ў нас добрая. Так што скажу яшчэ раз: я запрашаю вас на малую радзіму, — паведаміла на развітанне На­дзея Мікалаеўна Лойка.

Утульнае гняздо

Асобна варта сказаць пра цікавую назву аграгарадка. Калі ўпершыню чуеш слова “Гнезна”, то нескладана здагадацца, што ўтварылася яно ад “гнязда”. Менавіта так у гістарычных дакументах населены пункт доўгі час і называўся. Пад назвай Гняздо ён узгадваецца ў XV стагоддзі. Тады гэта быў дзяржаўны маёнтак. Пазней мястэчка, потым — вёска, сёння Гнезна носіць статус аграгарадка.

Узнікае яшчэ адно пытанне: чаму менавіта “гняздо”? Тут існуе некалькі версій, адна з якіх звязана з асаблівасцямі геаграфічнага размяшчэння. Знаходзіцца населены пункт на тэрыторыі Ваўкавыскага ўзвышша, а дакладней, у паніжэнні, акурат “у гняз­дзе”. Хаця мне, калі слухаў аповед настаўнікаў пра гэтыя мясціны, падалося, што са словам “гняздо” яны звязваюць нешта цёплае, роднае. Так і ёсць. Для многіх пакаленняў славутых родаў гнезнаўская сядзіба была ўтульным сямейным гняздом, такім жа месцам для настаўнікаў і вучняў з’яўляецца і школа.

А закончылася маё падарожжа ў Гнезна вершам, які калісьці напісалі вучні, а зачыталі настаўнікі: “Гнезна, о як я табой ганаруся, // Гнезна, часцінка маёй Беларусі… // Гнезна, ты лепшая вёсачка ў свеце, // Мову матуліну любяць тут дзеці”.

Дзе Рось іскрыцца

З верша пачалася і “Нясумная прагулка па Росі”. Менавіта так называецца інтэрактыўная экскурсія, распрацаваная кіраўніком народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы № 2 Росі Валянцінай Аляксандраўнай Слуцкай.

“Мая душа заўжды імчыцца // Туды, дзе рэчка Рось іскрыцца…” — пачала свой аповед пра архітэктурную спадчыну гарадскога пасёлка Валянціна Аляксанд­раўна. — Са старажытнага часу прыйшла да нас легенда аб узнікненні Росі. Кажуць, калісьці падарожнічаў па нашай мясцовасці князь. Застала яго ноч на беразе рачулкі Рось, разбілі лагер, заначавалі. А раніцай выйшаў князь з шатра і анямеў ад убачанага: луг пераліваўся ўсімі
колерамі вясёлкі ад буйных кропель расы на траве. І загадаў князь пабудаваць на гэтым месцы заезны двор, каб кожны ванд­роўнік мог спыніцца на начлег. І назваў ён гэтае месца Рось.

Першыя згадкі пра Рось адносяцца да 1388 года. Цікавым з’яўляецца герб мястэчка. На ім — выява анёла. Згодна з легендай, анёл з’явіўся роскай дружыне падчас зацьмення перад Грунвальдскай бітвай, прадказваючы перамогу. Амаль уся дружына палегла на полі, але вораг быў разбіты. Анёл невыпадкова ўпрыгожвае герб Росі многія стагоддзі. Мясцовыя жыхары заўсёды былі набожныя, веруючыя. І пацвярджаюць гэта храмы. Сёння Рось упрыгожваюць касцёл Святой Троіцы (узведзены ў 1808 го­дзе ў стылі класіцыз­му) і Свята-Троіцкая праваслаўная царква псеўдарускага стылю (1911 год). Таксама архітэктурную ціка­васць уяўляе капліца, пабудаваная ў 1904 годзе на могілках графам Патоцкім з мясцовай чырвонай цэглы.

— Пра кожны з гэтых аб’ектаў мы з вучнямі знялі невялікія відэафільмы, якія паказваем наведвальнікам музея. У касцёльнай кнізе ёсць запіс, што ў ХІХ стагоддзі ў храм з Лівана была прывезена драўляная фігурка Хрыста. Яна лічыцца цудадзенай, таму прыцягвае паломнікаў з розных мясцін. Таксама ўнутры храма можна ўбачыць надмагілле Соф’і Пац, зробленае ў 1881 го­дзе з некалькіх гатункаў мармуру. Гэты шэдэўр мастацтва заказала ў Італіі пляменніца былой уладальніцы Росі. Пра храм існуе і такая легенда. Некалі ў апошнія дні велікоднага паста сабралася на спо­ведзь многа лю­дзей. У розных грахах яны прызнаваліся, і не вытрымала зямля такога сораму і схавала ў сваіх нетрах храм разам з прыхаджанамі. Мясцовыя старажылы і цяпер сцвярджаюць, што калі прыкласці вуха да зямлі ў гэтым месцы, то можна па­чуць спеў, — расказвае Валянціна Аляксанд­раўна.

Што тычыцца праваслаўнага храма, то доўгі час ён быў драўляным і патрабаваў частых рамонтаў, таму і было прынята рашэнне аб будаўніц­тве мураванага. У 1901—1903 гадах быў зацверджаны праект, а ў 1908 годзе адбылася закладка мураванага храма. Урачысты чын асвячэння адбыўся 11 верасня 1911 года. У 2011 годзе ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу былі выяўлены чарцяжы праекта роскай царквы. Іх копія захоўваецца ў школьным музеі.

Вядома, што ў 1921 годзе на служэнне ў роскую царкву прыбыў святар Кіпрыян Клімуц, які ў 2011 годзе быў праслаўлены Беларускай Праваслаўнай Царквой як свяшчэннамучанік Кіпрыян.

— Даследуючы з вучнямі дакументы, мы прыадчынілі заслону таямніцы ўзнікнення праваслаўнага прыходу ў Росі, жыццё і лёс жыхароў якога цесна перапляліся з лёсам храма, — адзначыла педагог.

Унікальныя будынкі

А завершым знаёмства з Россю, аглядаючы самы вялікі дзеючы млын у Беларусі і самы “цацачны” домік. Па словах Валянціны Аляксандраўны, пабудаваны млын быў Патоцкім на рацэ Рось. Цяпер будынак знаходзіцца на балансе пасялковага Савета. Настаўніца запэўніла, што кожны жадаючы можа ўзяць ключ і памалоць там зерне або проста схадзіць на экскурсію, паглядзець, як працуюць старыя механізмы. Першае пытанне, якое ўзнікае, калі бачыш гэты млын: чаму ў ім аж пяць паверхаў? Адказ просты: аб’ёмы работы тут былі вялікія, амаль прамысловыя, а на адным з паверхаў жыла сям’я млынара.

Што тычыцца “цацачнага” доміка, то па знешнім выглядзе не складана здагадацца: тут жыў садоўнік. У гэтым пераконвае выява белай кветкі на франтоне. Па некаторых звестках дом пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя.
Такога арыгінальнага будынка, які дайшоў да нас з тых часоў, здаецца, няма больш нідзе ў Беларусі.

Насустрач гісторыі

Нясумнай у плане знаёмства з архітэктурнай спадчынай аказалася і прагулка па старажытным Ваўкавыску. Можа, было б проста прайсціся па яго вуліцах і палюбавацца цікавымі аб’ектамі розных эпох, аднак супрацоўнікі Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прапанавалі зрабіць гэта куды больш захапляльна — падчас квеста.

— Школьнікі раёна проста ў захапленні ад гарадскіх квестаў — своеасаблівым края­знаўчым арыентаванні. Распрацавана і паспяхова апрабавана квест-гульня “Крок за крокам насустрач гісторыі” для трох узроставых катэгорый навучэнцаў. Змест гульні такі: камандам даюцца маршрутныя лісты, карта, а таксама выявы будынкаў на старых фота­здымках. Пазначаецца, на якіх вуліцах знаходзяцца аб’екты. На аб’ектах неабходна атры­маць адзнаку суддзі ў маршрутным лісце. Устаноўлены кантрольны час, — паведаміла метадыст турыстычна-краязнаўчага аддзялення цэнтра Жанна Пятроўна Баркет.

У залежнасці ад узросту ўдзель­нікам квеста прапаноўваецца як мага хутчэй адшукаць і сфатаграфаваць сучасны выг­ляд 5, 7 або 10 будынкаў. Напрыклад, малодшым вучням прапануецца адшукаць пяць аб’ектаў на вуліцах Леніна, Савецкай, Першамайскай, Панковай, Дзяржынскага. Менавіта па гэтым маршруце я і вырашыў прагуляцца, паспрабаваць свае квест-здольнасці…

Завяршаецца гульня ў будынку турыстычна-краязнаўчага аддзялення. Гэта таксама помнік архітэктуры, узведзены ў 1910 го­дзе. Як паведаміла загадчык аддзялення Галіна Вітальеўна Хоміч, у розныя часы ў будынку была мясная крама, вучэбна-вытворчы камбінат, дзіцячы сад. 1 верасня 1985 года тут размясцілася турбаза. Установа некалькі разоў мяняла назву, аднак мясцовыя жыхары па-ранейшаму называюць яе проста — турбаза. Першапачаткова функцыянавала 10 гурткоў, цяпер у 59 аб’яднаннях па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю займаецца 561 навучэнец. У кожнага аб’яднання свая праграма, аднак абавязковым пунктам пазначана вывучэнне архітэктурнай спадчыны малой радзімы.

Варта паглядзець

Цэлым россыпам помнікаў архітэктуры асыпала ваўкавыскую зямлю гісторыя. Велічныя храмы, утульныя сядзібы, арыгінальныя гаспадарчыя пабудовы вартыя таго, каб іх вывучаць, фатаграфаваць, любавацца імі, нават калі дзеля гэтага давядзецца пераадолець сотні кіламетраў. Спадзяюся, педагогі, з якімі мы сустракаліся падчас вандроўкі, пераканалі вас у гэтым.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара