Сацыяльная арыентаванасць — у прыярытэце

- 13:52Апошнія запісы, Рознае

Семінар-нарада па актуальных пытаннях сацыяльнага развіцця пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Наталлі Качанавай адбыўся ў мінулую пятніцу ў Магілёве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, культуры, спорту і турызму, аховы здароўя, інфармацыі, а таксама прадстаўнікі органаў рэгіянальнага дзяржаўнага кіравання, якія курыруюць сацыяльную сферу.

Як заўважыла віцэ-прэм’ер, адкрываючы нараду, сацыяльная арыентаванасць, клопат пра людзей — аснова нашай палітыкі і эканомікі.

— Таму было прынята рашэнне правесці падобныя сустрэчы ў рэгіёнах. Непасрэдна з кіруючымі работнікамі, якія курыруюць сацыяльны напрамак на месцах, пагаварыць пра тую сітуацыю, якая складваецца ў сацыяльных галінах вобласці. Разам абмеркаваць існуючыя праблемы ў рэалізацыі канкрэтных дзяржаўных задач, — адзначыла Наталля Качанава.

Семінар, падчас якога былі разгледжаны актуальныя для ўсёй краіны пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця ў праламленні на Магілёўскую вобласць, праходзіў у фармаце канструктыўнай дзелавой размовы.

Асаблівая ўвага ў ходзе дыялогу была ўдзелена выніковасці рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Як аказалася, у цэлым адукацыйная сфера Магілёўшчыны мае дастатковыя рэсурсы для забеспячэння належнай якасці адукацыі. Але разам з пэўнымі дасягненнямі ёсць і некаторыя недапрацоўкі па асобных напрамках дзейнасці. Іх разгорнута адзначыў у сваім дакладзе міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Па словах Міхаіла Анатольевіча, у дашкольных установах рэгіёна сёння нарматыў забяспечанасці месцамі складае 96,4%, што значна вышэй за сярэдні рэспубліканскі паказчык. Намецілася таксама ўстойлівая тэндэнцыя змяншэння колькасці дзён, прапушчаных дзецьмі па хваробе. Звыш паловы магілёўскіх дашкольных устаноў аснашчаны сістэмай уліку і кантролю за якасцю харчавання, а педагагічныя работнікі ў большасці сваёй маюць профільную адукацыю. Аднак у рабоце па гэтым кірунку ёсць і мінусы. Так, ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей ад 1 да 5 гадоў па вобласці ніжэйшы, чым па рэспубліцы. У абласным цэнтры, а таксама ў Бабруйску і Мсціславе па-ранейшаму прысутнічае напружанне па накіраванні малых у дзіцячыя сады з улікам крокавай даступнасці.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі такая ж сітуацыя. Увогуле, навучальныя ўстановы гэтага профілю функцыянуюць стабільна, але праблемы ёсць. Асабліва занепакоены ў міністэрстве работай асобных магілёўскіх гімназій і ліцэяў.

— Шэраг гімназій і ліцэяў вобласці апошнія некалькі гадоў не паказваюць дастойных вынікаў. Сярод навучэнцаў гэтых устаноў практычна няма пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў даследчых работ, а сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання ў некаторых з іх нават ніжэйшы, чым у звычайных школах, — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.

Высокаму статусу гімназіі або ліцэя неабходна адпавядаць. Таму, калі якасць адукацыйнага працэсу ў такіх установах не павысіцца, будзе разгледжана пытанне аб іх пераводзе ў катэгорыю школ.

Не зусім паспяхова справіліся ў рэгіёне з работай па напаўняльнасці класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Пакуль гэты важны паказчык у магілёўскіх навучальных установах ніжэйшы за агульнарэспубліканскі.

А вось дзейнасць па ахове правоў дзяцінства наладжана на Магілёўшчыне дастаткова добра. Калі больш канкрэтна, тут забяспечаны самыя высокія па рэспубліцы паказчыкі вяртання дзяцей з прытулкаў у біялагічныя сем’і, зніжэння зноў выяўленых дзяцей-сірот. Выдатна наладжана работа па ўладкаванні дзяцей-сірот на сямейныя формы выхавання.

Плённа працуюць таксама ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У гэтых навучальных установах зладжана вядзецца і прафесійная падрыхтоўка маладых людзей, і работа па забеспячэнні выпускнікоў першымі працоўнымі месцамі. Сёлета размеркаванне на работу атрымалі звыш 97% выпускнікоў устаноў ПТА і ССА рэгіёна. Гэта выдатны вынік, з улікам таго, што з размеркаваннем у гэтым годзе былі пэўныя цяжкасці. Паспяхова была праведзена і аптымізацыя каледжаў і прафесійных ліцэяў. Цяпер плануецца завяршыць уніфікацыю гэтых навучальных устаноў.

Каменціруючы выступленне кіраўніка адукацыйнага ведамства, намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава падкрэсліла, што ўвагу неабходна звярнуць на многія моманты. Так, аптымізацыя ўстаноў адукацыі павінна праходзіць разумна, пры гэтым трэба ўлічваць не толькі эканамічную эфектыўнасць, але і інтарэсы людзей. Неабходна ўдасканальваць таксама падыходы да выдачы мэтавых накіраванняў на навучанне.

— Пры мэтавым навучанні ў прыярытэце павінны быць рэгіянальныя ВНУ, правядзенне вытворчай практыкі студэнтаў у мясцовых арганізацыях. У перспектыве такі падыход дапаможа вырашыць праблему з замацаваннем маладых спецыялістаў у раёнах і сельскай мясцовасці, — лічыць Наталля Іванаўна.

Віцэ-прэм’ер таксама заўважыла, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца пэўныя меры па падняцці статусу настаўніка. Прапрацоўваюцца ў тым ліку механізмы павелічэння заработнай платы педагогаў.
Прадстаўнікі профільных міністэрстваў выступілі з ацэнкай сацыяльнай сферы рэгіёна. Аказалася, у розных напрамках работы прысутнічаюць як дасягненні, так і праблемныя моманты.

Так, на думку першага намесніка міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, у цэлым неабходныя паказчыкі па якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі выконваюцца. Аднак прысутнічаюць і негатыўныя тэндэнцыі. Адна з вострых праблем — кадравая. Пэўныя меры па ўкамплектаванні штатаў медыцынскіх устаноў кадрамі прымаюцца, і гэта прыносіць адпаведныя вынікі. Урачамі і медыцынскімі работнікамі вобласць забяспечана на 75 працэнтаў. Але працаваць ёсць над чым. Як было адзначана, варта больш увагі звяртаць на работу з маладымі спецыялістамі, прыкладаючы ўсе намаганні для іх замацавання па месцы размеркавання.

Шэраг праблем назіраецца і па лініі працоўнай занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва. Для сацыяльна-працоўнай сферы рэгіёна, як і ў цэлым для рэспублікі, у бягучым годзе былі характэрны вымушаная няпоўная занятасць працуючых, запазычанасці па выплаце заработнай платы ў асобных арганізацыях. Для змены такога становішча неабходна ўзмацніць работу па мадэрнізацыі вытворчасці, канкурэнтаздольнасці прадукцыі, тавараў і паслуг.

Разам з тым, як паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, прыдняпроўскі край з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх новых форм сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Менавіта на Магілёўшчыне ўпершыню з’явіліся сацыяльныя пункты, аддзяленні кругласутачнага знаходжання. Таксама ў вобласці высокі ахоп насельніцтва адраснай сацыяльнай дапамогай. Амаль дваццаць працэнтаў малазабяспечаных грамадзян атрымліваюць штомесячную або аднаразовую дзяржаўную дапамогу.

— На аказанне дзяржаўнай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу, трэба звярнуць асаблівую ўвагу. І гэтая справа — прэрагатыва мясцовых органаў кіравання: райвыканкамаў, сельскіх выканаўчых камітэтаў. Менавіта на месцах як на далоні бачна жыццё кожнага чалавека, кожнай сям’і. І калі паўсталі цяжкасці, дзяржаўная падтрымка ў абавязковым парадку павінна быць аказана, асабліва тым сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці, — падкрэсліла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.

Падчас разгляду эфектыўнасці спартыўнай галіны рэгіёна акцэнт быў зроблены на арганізацыю дзіцячага і юнацкага спорту. Высветлілася, што дзейнасць многіх дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ далёкая ад эталона. Значна знізілася фінансаванне гэтых устаноў на каляндар спартыўных мерапрыемстваў і забеспячэнне спартыўным інвентаром. Праблемным застаецца і кадравае пытанне: не хапае кваліфікаваных трэнераў. Між тым менавіта кадры ДЮСШ — асноўнае звяно ў развіцці спорту і падрыхтоўцы будучых чэмпіёнаў, таму гэтая праблема павінна вырашацца, прычым вырашацца разам спартыўным і адукацыйным ведамствамі.

На нарадзе дэталёва абмеркавалі станоўчыя і негатыўныя моманты ў функцыянаванні культурнай галіны, сродкаў масавай інфармацыі вобласці. Падчас семінара слова было прадастаўлена і прадстаўнікам мясцовых выканкамаў. Яны выказалі розныя прапановы, заўвагі і пытанні, якія былі ўзяты на кантроль для далейшага разгляду на рэспубліканскім узроўні.

— Праводзячы гэты семінар, мы не імкнуліся даць станоўчую ці адмоўную ацэнку функцыянаванню сацыяльнай сферы Магілёўскай вобласці. Нашай мэтай было вызначэнне для рэгіёна асноўных напрамкаў работы, сугучных з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступныя пяць гадоў, — адзначыла Наталля Качанава.

У цэлым пастаўленая задача была дасягнута. Размова атрымалася зацікаўленай, месцамі пераходзіла ў дыскусію. Нарада стала для яе ўдзельнікаў падставай для разважанняў і ўдасканалення сваёй кіраўніцкай работы. Падобныя выязныя семінары ў найбліжэйшы час пройдуць у астатніх рэгіёнах рэспублікі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.