Сэлфі з беларусамі

- 10:38Вышэйшая школа

Беларусь гасцінная, Беларусь гераічная, Беларусь культурная, Беларусь гістарычная, Беларусь прамысловая, Беларусь маляўнічая, Беларусь шчырая — такой убачылі нашу краіну прадстаўнікі азербайджанскай дэлегацыі, якая з 9 па 12 красавіка прымала ўдзел у Днях моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Захопленасць, з якой азербайджанскія госці прагульваліся па вуліцах Мінска, Жодзіна, Нясвіжа; уважлівасць, з якой слухалі аповед пра мінулае і сучаснае жыццё нашай краіны; цікаўнасць, з якой разглядвалі з акна экскурсійнага аўтобуса красавіцкія далягляды, не маглі пакінуць абыякавым нікога. Здавалася, што гэта мы, беларусы, якія суправаджалі азербайджанскіх сяброў і назіралі за іх захопленымі поглядамі, адкрывалі для сябе Беларусь.

Фота на памяць

Усмешкі, знаёмствы, шчырыя размовы, абмен вопытам — праграма знаходжання азербайджанскай дэлегацыі на беларускай зямлі была насычанай і цікавай. Супрацоўнікі ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зрабілі ўсё, каб нашы сябры з Краіны агню змаглі максімальна, наколькі гэта магчыма за чатыры дні, спазнаць Краіну рэк і азёр, лясоў і палёў, гасцінных і шчырых людзей. На памяць пра беларускія канікулы ў азербайджанцаў засталіся не толькі яркія ўспаміны, але і сотні сэлфі. “Дзе моладзь — там і сэлфі”, — прыкладна так можна сказаць пра папулярную ў эпоху смартфонаў фотаз’яву. Сэлфі-тур — так неафіцыйна можна назваць Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Калі моладзь робіць сэлфі на фоне пэўнага аб’екта, значыць, гэты аб’ект ёй спадабаўся. Калі ўлічыць, што азербайджанскія хлопцы і дзяўчаты зрабілі сотні сэлфі, то можна сцвярджаць, што Беларусь яны палюбілі і абавязкова вернуцца ў нашу краіну.

Першыя сэлфі былі зроблены ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Потым былі экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — і сэлфі на фоне ваеннай тэхнікі, затым наведванне музейнага комплексу “Дудуткі” — і сэлфі на фоне млына, кузні, сялянскіх хат мінулых эпох. У панядзелак дзясяткі сэлфі былі зроблены на фоне канцэртнай залы “Верхні горад”, дзе ў фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча з міністрам адукацыі нашай краіны. Вечарам успышкі смартфонаў асвятлялі Малую залу Палаца Рэспублікі, дзе адбыўся святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў Беларусі і Азербайджана. У сераду фота на памяць былі зроблены ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Пра гэтую частку праграмы знаходжання азербайджанскай дэлегацыі на беларускай зямлі “Настаўніцкая газета” ўжо паведамляла. Цяпер настала чарга аповеду пра не менш цікавае — пра Беларусь прамысловую і Беларусь шляхетную. Мы адпраўляемся ў Жодзіна на ААТ “БелАЗ” — кіруючая кампанія холдынга “БелАЗ-холдынг”, а таксама ў некаранаваную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага — наш славуты Нясвіж.

Моладзь БелАЗа

Флагман беларускага аўтамабілебудавання, завод-гігант, горад у горадзе — такімі эпітэтамі часцей за ўсё характарызуюць Беларускі аўтамабільны завод, што ў Жодзіне. Убачыць славуты кар’ерны 450-тоннік, сфатаграфавацца на фоне вялізнага — ў два чалавечыя росты — кола, наведаць канвеер, адкуль сыходзяць самазвалы-гіганты і, канечне, зрабіць дзясятак-другі самых крутых сэлфі — такой была задача мінімум наведвання азербайджанскай дэлегацыяй славутага завода. Задача была не толькі выканана, але і перавыканана на працэнтаў гэтак 200. Самазвал-рэкардсмен убачылі, на фоне вялізнага кола сфатаграфаваліся, на канвееры, дзе ствараецца сусветна вядомая тэхніка, пабывалі. А яшчэ наведалі музей працоўнай славы, дзе даведаліся шмат цікавых фактаў пра гісторыю развіцця прадпрыемства, азнаёміліся з рэалізацыяй праграмы “Моладзь БелАЗа”.

Алег Амірбекаў, пераможца конкурсу эсэ “Што я ведаю пра Беларусь?”: “Прыехаць у Беларусь усё неяк не атрымлівалася. З вашымі помнікамі архітэктуры, маляўнічасцю прыроды знаёміўся ў інтэрнэце. Цяпер хацелася ўсё ўбачыць у рэжыме анлайн. Калі Міністэрства моладзі і спорту аб’явіла конкурс, адразу ж вырашыў прыняць у ім удзел, выбраў тэму “Імя, слаўнае ў стагоддзях. Імі ганарыцца Беларусь”. Падчас напісання эсэ даведаўся пра вялікую колькасць беларусаў, якія ўнеслі ўклад не толькі ў нацыянальную, але і сусветную культуру, спорт. Як адзін з пераможцаў конкурсу прыехаў да вас у складзе дэлегацыі. Прыгожая прырода, архітэктурныя помнікі, аднак уражанні ад любой краіны складваюцца на аснове размоў з яе жыхарамі. Беларусы вельмі гасцінныя людзі, таму і ўражанні ад Беларусі самыя выдатныя. Упэўнены, што я сюды абавязкова вярнуся, магчыма, з сям’ёй, бо хочацца падзяліцца прыгажосцю вашай краіны з роднымі”.

— Беларускі аўтамабільны завод уяўляе сабой прадпрыемства-холдынг. На галоўным прадпрыемстве працуюць 9 тысяч чалавек. Трэцяя частка работнікаў завода — гэта моладзь ва ўзросце ад 18 да 31 года. Сацыяльнай падтрымцы маладых людзей, іх якаснаму адпачынку, павышэнню кваліфікацыі ўдзяляецца вялікая ўвага. Гэтая работа вядзецца ў рамках праграмы “Моладзь БелАЗа”, разлічанай на 2016—2020 гады. Па штатным раскладзе ў нас ёсць спецыяліст па рабоце з моладдзю, а ў кожным падраздзяленні — каардынатар па рабоце з моладдзю, — сустрэў гасцей намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце Станіслаў Эдуардавіч Якубовіч.

Што трэба моладзі? Якасныя ўмовы працы, годная заработная плата, магчымасць для добрага адпачынку. Менавіта такія ўмовы створаны на Беларускім аўтамабільным заводзе. Вялікая ўвага ўдзяляецца самаразвіццю, самавызначэнню моладзі. Штогод праводзяцца конкурсы, якія даюць магчымасць маладым людзям, якія нядаўна прыйшлі працаваць на прадпрыемства, праявіць сябе, заявіць пра свае таленты. Каб моладзі камфортна працавалася, робіцца многае. Асноўнай мэтай праграмы “Моладзь БелАЗа” з’яўляецца рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, стварэнне прававых, сацыяльна-эканамічных, арганізацыйных умоў для станаўлення і развіцця моладзі, уключэнне маладых людзей у розныя сферы жыцця прадпрыемства, выкарыстанне інавацыйнага патэнцыялу моладзі ў інтарэсах развіцця прадпрыемства і інтарэсах самарэалізацыі маладых работнікаў. Для нядаўніх выпускнікоў устаноў прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі кожны месяц праводзяцца дні адаптацыі. За маладымі спецыялістамі ўстанаўліваецца куратар. Два разы ў месяц праводзяцца семінары па актуальных пытаннях працы прадпрыемства, работнікі завода выязджаюць на іншыя прадпрыемствы для абмену вопытам.

— У канцы верасня святкуем Дзень машынабудаўніка — гэта наша прафесійнае свята. Праходзяць дні адкрытых дзвярэй, канцэрты. У гэты дзень любы жадаючы можа прыйсці на прадпрыемства і азнаёміцца з прадукцыяй. Да нас часта наведваюцца групы школьнікаў, экскурсіі распісаны на некалькі месяцаў наперад. Асабліва насычаны канікулярны перыяд. Акрамя таго, у нас дзейнічае праграма прамысловага турызму. Любы чалавек можа патэлефанаваць нам і заказаць экскурсію, уключаючы праезд на кар’ерным самазвале, — паведаміла спецыяліст па рабоце з моладдзю Дзіяна Яўгенаўна Калтовіч.

Экскурсія-прафарыентацыя

На жаль, магчымасці праехаць на самазвале не было (у такім выпадку праграма наведвання БелАЗа для азербайджанскай дэлегацыі была б выканана не на 200, а на 400 працэнтаў), аднак можна было падняцца на самазвал-рэкардсмен і адчуць сябе вадзіцелем-выпрабавальнікам. Каб стаць ім, трэба мець катэгорыю С, адпрацаваць 2 гады, прыехаць на стажыроўку на прадпрыемства і атрымаць допуск для работы на вышыні. Гэтыя факты абавязкова расказваюцца навучэнцам, якія ў канікулярны перыяд наведваюць прадпрыемства. Такім чынам экскурсія сумяшчаецца з прафарыентацыйнай работай. Хто ведае, можа, пасля гэтых слоў і сэлфі на памяць на фоне 450-тонніка нехта з прадстаўнікоў азербайджанскай дэлегацыі вырашыць стаць вадзіцелем БелАЗа? Чаму б не? Кар’ерная беларуская тэхніка пастаўляецца ў 72 краіны свету, у тым ліку Азербайджанскую Рэспубліку.

Беларусь прамысловая

Гісторыя завода пачалася пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі ў 1946 годзе быў прыняты пяцігадовы план аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі краіны. У 1948 годзе быў закладзены першы вытворчы будынак завода па выпуску абсталявання па здабычы торфу. Гэты год лічыцца годам нараджэння прадпрыемства. Праз тры гады завод быў перайменаваны і пачаў выпускаць прадукцыю для будаўніцтва дарог, якая дапамагала больш хуткімі тэмпамі аднаўляць транспартныя шляхі краіны. З імклівым развіццём горназдабываючай прамысловасці востра стала пытанне аб вытворчасці машын вялікай грузапад’ёмнасці.

Першы БелАЗ-540 сышоў з канвеера ў 1961 годзе і мог перавозіць 27 тон. Унікальная будова кузава і рамы, машына была кампактная і манеўраная. Яго “брат” мог перавозіць ужо 40 тон. Калі гэтыя “першынцы” паехалі ў 1965 і 1967 гадах у Лейпцыг на міжнародную выставу, то абедзве мадэлі заваявалі першы прыз. Дабраліся яны туды сваім ходам, а гэта 1300 км толькі ў адзін бок. Сённяшнія кар’ерныя самазвалы — сапраўдныя гіганты і па дарогах агульнага карыстання не ездзяць. Акрамя самазвалаў, прадпрыемства выпускае і спецыяльнае абсталяванне для кар’ераў, тэхніку для падземных работ.

Яшчэ некалькі гадоў назад рэкардсменам быў БелАЗ грузапад’ёмнасцю 250 тон. Цяпер на фоне больш магутных мадэлей (360 і 450 тон) ён выглядае сапраўдным немаўляткам. Калі ў 2013 годзе быў створаны кар’ерны самазвал грузапад’ёмнасцю 450 тон, з’явілася ідэя зафіксаваць гэты рэкорд. Прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінеса прыехалі на тэрыторыю завода і зафіксавалі не адзін, а два рэкорды. Першы — за самы цяжкі перавезены груз. Тады БелАЗ перавёз 503,5 тоны, больш на 53,5 тоны заяўленай вагі. А другі рэкорд аказаўся нечаканым — самы вялікі аб’ём кузава.

Перад тым як БелАЗ паступае ў кар’ер, яго спачатку збіраюць на канвееры, потым старанна тэсціруюць на прадпрыемстве. Кожны самазвал павінен наездзіць не менш за 30 мотагадзін. Правяраюцца ўсе датчыкі, сістэмы, потым БелАЗ разбіраюць, дэталі грузяць на чыгуначныя платформы і адпраўляюць да месца назначэння. Каб перавезці на Кузбас сённяшняга рэкардсмена — самазвала 450-тонніка, спатрэбіліся 23 чыгуначныя платформы.

БелАЗы паспяхова працуюць пры тэмпературы ад мінус 50 да плюс 50 градусаў Цэльсія ў кар’ерах глыбінёй больш за 500 метраў, на вышыні больш за 4 тысячы метраў над узроўнем мора, пераадольваюць ухілы да 14 працэнтаў. БелАЗ — гэта амаль кожны трэці кар’ерны самазвал у свеце. Штогод з канвеераў прадпрыемства сыходзіць больш за 2 тысячы машын. БелАЗы ад 25 да 90 тон аснашчаны гідрамеханічнай трансмісіяй, кар’ерныя самазвалы ад 90 тон і вышэй — электрамеханічнай. Па правілах міжнароднай бяспекі, уся кар’ерная і будаўнічая тэхніка павінна быць жоўтага колеру. Адзінае месца, куды пастаўляецца тэхніка белага колеру, — гэта Аўстралія. Колер залежыць ад высокага ўзроўню сонечнай радыяцыі ў гэтай краіне. Пастаянная мадэрнізацыя і інавацыі, кантроль якасці і адпаведнасць усім міжнародным стандартам — так працуе флагман беларускага аўтамабілебудавання.

Нясвіж маладзёжны

Пастаяннае развіццё, адпаведнасць сучасным патрабаванням у рабоце з моладдзю — так працуе Нясвіжскі гарадскі маладзёжны цэнтр, дзе ў аўторак пасля экскурсіі па гарадской ратушы і Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” прайшло знаёмства азербайджанскай дэлегацыі з таленавітай моладдзю Нясвіжа, адбыўся тэатралізаваны канцэрт “Моладзь — за Беларусь!”, майстар-клас па сучасным дызайне “Дэкор велікоднага яйка ў тэхніцы пэчварк”, выстава работ студый сучаснага дызайну “Helen-арт” і камп’ютарнай графікі Creative.

Інтыгам Бабаеў, намеснік міністра моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі: “Многія члены нашай дэлегацыі першы раз наведалі брацкую Беларусь. У першыя хвіліны знаходжання на вашай зямлі, як толькі мы сышлі з трапа самалёта, атрымалі ўдарную дозу гасціннасці. За гэты кароткі час мы максімальна, наколькі гэта магчыма, азнаёміліся з культурай, гісторыяй, адчулі цеплыню вашага народа. Упэўнены, што прадстаўнікі нашай моладзі пакідаюць Беларусь з масай яркіх успамінаў. Сёння мы закладваем падмурак для будучых пакаленняў. Ад таго, наколькі моцна і правільна мы закладзём гэты падмурак, залежыць, наколькі моцнай будзе наша далейшае сяброўства. Упэўнены, што падмурак закладзены моцны”.

— Здаецца, што можа звязваць дзве краіны, якія знаходзяцца вельмі далёка адна ад адной? Гэта моладзь, а таксама наша нядаўняе агульнае мінулае. Сёння мы развіваемся кожны сваім шляхам, але супрацоўнічаем у эканамічнай і гуманітарнай сферах. Нашы прэзідэнты часта сустракаюцца і па-добраму называюць адзін аднаго сябрам. У Нясвіжа — 21 горад-пабрацім, у тым ліку азербайджанскі горад Ісмаілы, з якім мы падтрымліваем цесныя стасункі. На цэнтральнай плошчы Нясвіжа ёсць стэнды, прысвечаныя гарадам-пабрацімам. Сярод іх — і стэнд з інфармацыяй пра Ісмаілы. Штогод нашы дэлегацыі абменьваюцца візітамі. Нашай моладзі таксама пашчасціла пазнаёміцца з Азербайджанам. У мінулым годзе супрацоўнікі Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра ў складзе беларускай дэлегацыі наведалі Азербайджан і заключылі пагадненне з Цэнтрам інтэлектуальнага развіцця і творчасці моладзі “Зяка” Шамкіра. Ваш візіт надасць новы імпульс супрацоўніцтву ў сферы маладзёжнай палітыкі, — звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы ў гарадскім маладзёжным цэнтры намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Аляксандр Іванавіч Майсеня.

Просім у госці!

“Каб настрой быў узнёслы, каб запомніўся вам гэты край, вы прыміце, шаноўныя госці, ад нясвіжскай зямлі каравай! Ад нясвіжскай зямлі старажытнай — куточка зямлі беларускай прывітанне сваё дасылаем, шчасця, долі ўсім жадаем! Ад краю да краю дабра вам жадаем! Дай божа, каб век ваш быў гожы, а шлях па жыцці быў слаўны, прыгожы! З прыемнай сустрэчай, дабра, маладосці, і просім да нас, да Нясвіжа, у госці!” — такімі словамі віталі ўдзельнікаў азербайджанскай дэлегацыі на гасціннай нясвіжскай зямлі. Гэтыя словы можна аднесці да кожнага куточка Беларусі. “З прыемнай сустрэчай, дабра, маладосці, і просім да нас, у Беларусь, у госці!” — прыкладна з такімі думкамі і настроем развітваліся беларусы са сваімі азербайджанскімі сябрамі ўвечары 12 красавіка. “У Азербайджан, у госці!” — дадавалі жыхары брацкага Азербайджана.

Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь завяршыліся, але сяброўства паміж нашымі краінамі працягваецца, а значыць, абавязкова будуць зроблены тысячы сэлфі азербайджанцаў з беларусамі і беларусаў з азербайджанцамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.