Сельская школа павінна жыць

- 12:21Суразмоўца

Ірына Мікалаеўна Змачынская ўражвае шчырасцю і адкрытасцю, а яе Лядзенскі дзіцячы сад — школа, што ў Чэрвеньскім раёне, — удалым спалучэннем наватарскіх падыходаў у навучанні і традыцый вясковага выхавання. Ірына Мікалаеўна разам са сваімі калегамі змаглі пераламаць традыцыйнае ўспрыманне сельскай школы і даказаць яе эфектыўнасць, у тым ліку і эканамічную. Сваю сферу Ірына Мікалаеўна прадстаўляе ў грамадска-кансультатыўным савеце па пытаннях адукацыі. А сёння сваім вопытам дзеліцца з чытачамі нашай газеты.

— Ірына Мікалаеўна, давайце знаёміцца. Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.

— У Лядзенскай школе я з 1988 года. Спачатку працавала бібліятэкарам і на палову стаўкі настаўніцай рускай мовы. У 1994 годзе стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, сацыяльным педагогам. У 2002 годзе была прызначана намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Апошнія 10 гадоў працую на пасадзе дырэктара навучальнай установы. Як бачыце, у сваёй установе прайшла ўсе прыступкі педагагічнай дзейнасці. На адным месцы працую практычна 30 гадоў. Гэтая школа — маё жыццё, маё дзіця, якое я вельмі люблю. Працаваць вельмі цікава, бо побач знаходзяцца таленавітыя і адданыя сваёй справе людзі.

Вельмі люблю і паважаю сваіх настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў. Усе мы — адна каманда, якая штодзень вырашае тактычныя задачы, звязаныя са стратэгічнай лініяй развіцця нашай школы. Як вядома, адміністрацыя задае тон руху навучальнай установы, спрыяе наладжванню творчай, узнёслай атмасферы. Мы імкнёмся да шчырасці і адкрытасці, таму заўсёды дапамагаем і падтрымліваем адно аднаго ў развіцці. У гэтым годзе да нас у школу прыйшлі аж трое маладых спецыялістаў, і мы вельмі задаволены. Яны ўсе з вышэйшай адукацыяй,старанныя і адкрытыя да творчасці педагогі, якія змаглі адчуць дух нашай школы.

— А чым адметны дух вашай школы і якія ў ёй працуюць настаўнікі? Сённяшнія школьнікі даволі патрабавальныя ў адносінах да педагагічных уменняў, і мяркую, што сельскія не выключэнне.

— У гэтым годзе адукацыйны працэс у нашай школе ажыццяўляюць 17 настаўнікаў. Узрост ад 23 да 58 гадоў. Усе пастаянна імкнуцца да авалодання новымі ведамі і ўменнямі. Актыўна ўдзельнічаем у адукацыйных кірмашах, у прыватнасці, летам прымалі ўдзел у кірмашы сацыяльна-кіраўніцкіх інавацый, які праходзіў у Дзяржынску, ўдзельнічалі ў міжнародным семінары метадычных ідэй у АПА. Мы бяром на ўзбраенне ўсё новае, напрыклад, засвойваем інтэрактыўныя формы навучання. З гэтага навучальнага года ў метадычнай скарбонцы педагогаў з’явілася стратэгія актыўнага навучання, якая прыйшлася па душы і настаўнікам, і вучням. У перспектыве плануем займацца і робататэхнікай.

Традыцыйна ў школе праводзяцца прадметныя тыдні, КВЗ, сустрэчы з цікавымі людзьмі, мерапрыемствы па фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця, вывучэнні гісторыі свайго краю і роднай зямлі, сустрэчы з ветэранамі, арганізавана супрацоўніцтва з сям’ёй. Літаральна гэтымі днямі ездзілі па фермах, каб павіншаваць матуль з Днём маці.

Акрамя таго, у школе дзейнічае творчая група педагогаў, якая працуе над рэалізацыяй праекта “Фарміраванне эканамічнай культуры навучэнцаў сродкамі праектнага навучання”. Кіраўніком з’яўляецца намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Генадзьеўна Жаваранкава. У склад творчай групы ўваходзяць настаўніца рускай мовы Тамара Анатольеўна Бабіч, настаўніцы пачатковых класаў Таццяна Віктараўна Шуканова, Тамара Яўгенаўна Атрашонак, педагог-арганізатар Людміла Анатольеўна Грозная, педагог дашкольнай адукацыі Марына Аляксандраўна Ціхановіч. Мы распрацавалі каляндарны план на гэты год, перспектыўны на будучы. З гэтага навучальнага года ў нас дзейнічаюць факультатыўныя заняткі эканамічнай накіраванасці.

Я нават прайшла навучанне ў ЗША. Была ў штаце Мічыган, дзе пераймала вопыт па арганізацыі навучання па прадпрымальніцкай дзейнасці. Акрамя таго, у нашай школе на працягу 5 гадоў дзейнічае бізнес-кампанія “Грашовае дрэва”, якую, дарэчы, ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Нашы вырабы ёсць у Польшчы, Англіі, а цяпер і ў Амерыцы.

— Умееце вы ўразіць. Бізнес-кампанія — цікавая ініцыятыва для сельскай школы. Адкуль з’явілася ідэя?

— У ролі матыватара выступіў рэспубліканскі конкурс “100 ідэй для Беларусі”. Нам вельмі хацелася паўдзельнічаць, таму сабраліся разам з дзецьмі, каб падумаць, і тут адна дзяўчынка, дачка лесніка, прапанавала вязаць венікі з галля, якое паяўляецца пры доглядзе лесу ў мясцовым лясніцтве. Такой ідэяй мы забілі двух зайцоў: арганізавалі дадатковы заробак для навучэнцаў і дапамагаем мясцоваму лясніцтву чысціць лес. Свой праект мы паспяхова абаранілі ў вобласці, а пасля і на рэспубліцы.

У жніўні 2016 года былі запрошаны на абласную педагагічную канферэнцыю ў Слуцк, дзе прадстаўлялі сваю прадукцыю. З лістапада 2016 года ўдзельнікі нашай бізнес-кампаніі з’яўляліся слухачамі курсаў даўніверсітэцкай падрыхтоўкі эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта “Школа прадпрымальніцтва для моладзі. Уласная справа”. На курсах мы атрымалі вельмі шмат карыснай інфармацыі. У бягучым годзе на фестывалі школьных бізнес-кампаній Мінскай вобласці ў МАІРА атрымалі дыплом за лепшую бізнес- ідэю. Узнагароду ўручаў намеснік міністра эканомікі!

На сёння мы выпускаем гаспадарчыя і лазневыя венікі. Нядаўна засвоілі вытворчасць кухонных дошак, лапатак для смажання, відэльцаў для смажання мяса. Выпускаем і сувенірную прадукцыю, у тым ліку прыгожых ільняных лялек у нацыянальных уборах. Наш тавар якасны, хутка робіцца, а самае галоўнае — недарагі. У бізнес-кампаніі задзейнічаны вучні 8—9 класаў. У нас ёсць прэзідэнт кампаніі, менеджар па продажы і рэкламе, менеджар вытворчасці, фінансавы менеджар.

За гады рэалізацыі праекта бізнес-кампаніі мы ад сваіх вучняў і бацькоў чулі толькі падзякі. І найперш за тое, што навучылі іх жыць. Веды, якія вучні атрымліваюць на ўроку, вельмі важныя, бо з’яўляюцца асновай іх далейшага поспеху па жыцці. Але немалаважнай з’яўляецца і сацыяльная адаптацыя. Уменне распараджацца фінансамі — адно з самых патрэбных у жыцці. Нашы вучні знаёмы з эканамічнай культурай.
Нашы выпускнікі заўсёды працаўладкоўваюцца. Мы іх нацэльваем на атрыманне ступеньчатай адукацыі. Спачатку яны паступаюць у прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі, а затым, калі стануць на ногі, становяцца або навучэнцамі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, або студэнтамі завочных аддзяленняў вышэйшых навучальных устаноў. У нас быў вучань, які паступіў у Акадэмію мастацтваў на бюджэтную форму навучання. Канечне, мы ўсе яму дапамагалі і падтрымлівалі. Поспеху дабіваецца той, хто мае вялікую мару.

— Так, тое, што вялікія мары збываюцца, у той жа Амерыцы ведаюць з дзяцінства. Якія ўражанні і вопыт вы прывезлі з гэтай краіны?

— Самае каштоўнае ў замежным вопыце — разуменне сусветных тэндэнцый у плане развіцця школьнага прадпрымальніцтва. Цяпер вельмі важна ўмець працаваць у камандзе. А каб зразумець свае прафесійныя магчымасці ў бізнес-кампаніі, трэба паспрабаваць свае сілы на кожнай пасадзе, якія ў ёй існуюць. Дарэчы, у лістападзе плануем правесці відэаканферэнцыю па школьных бізнес-кампаніях з навучальнай установай штата Мічыган.

У Амерыцы эканамічная адукацыя пачынаецца з пачатковай школы. Там з дзяцінства ведаюць, што такое грашовы актыў і пасіў і што самы галоўны рэсурс — гэта веды. Акцэнт робіцца на выхаванні эканамічнай культуры. І эканамічна падкаваны малады чалавек добра падумае, куды лепш укласці свае грошы — у новы гаджэт ці сваю адукацыю. Гэтаму ж мы імкнёмся вучыць і сваіх вучняў, каб яны не прасілі ў бацькоў купіць новую рэч, а задумваліся над тым, яна будзе актывам ці пасівам?

Акрамя таго, яшчэ раз пераканалася, што школа павінна займацца толькі навучаннем і выхаваннем, а не пісаць справаздачы для ўсіх службаў раёна і несці адказнасць нават за неаплачаныя камунальныя плацяжы бацькоў сваіх вучняў. Кожны павінен займацца сваёй справай. А каб узняць настаўніцкі прэстыж, трэба развіваць карпаратыўную этыку.

— Ірына Мікалаеўна, сёння вы паспяховы дырэктар. Наколькі змяніліся за час кіравання школай? Можа, сталі больш жорсткай або мудрай?

— Калі чалавек за гады працы ў школе прайшоў усе прыступкі кар’ернага росту, то ён ведае педагагічнае жыццё знутры. Акрамя таго, калі гэта твая родная школа, то ты ведаеш, чым жыве, пра што думае кожны настаўнік, у тым ліку і за межамі школьнай тэрыторыі. Мне здаецца, дырэктар павінен быць не толькі патрабавальным, але і чулым, далікатным. І самае галоўнае — трэба быць не над настаўнікамі, а поруч з імі. Гэта важна, інакш калектыву і каманды не будзе. Акрамя таго, у адным коле павінны быць не толькі адміністрацыя і настаўнікі, але і дзеці з бацькамі. Мы ў сваёй школе ўжо шмат гадоў працуем па прынцыпе “не павінна быць дзяцей, душу якіх раз’ядае думка, што яны ні на што не здатныя”. У нас ёсць свой гімн, які мы спяваем усе разам на ўрачыстасцях і розных мерапрыемствах. Асабліва кранальна ён гучыць на вечарах сустрэч з выпускнікамі, якія памятаюць кожнае яго слова. Школа аб’ядноўвае, выступае цэнтрам еднасці паміж пакаленнямі.

— Ваша школа хоць і сельская, але вы імкняцеся быць сучаснымі, робіце магчымае і немагчымае, каб дзеці атрымалі па максімуме.

— Наша школа малакамплектная. На сёння ў нас вучыцца 57 дзяцей, 18 выхаванцаў наведваюць дзіцячы садок. У самым вялікім класе вучыцца 11 вучняў. У гэтым годзе ў нас няма 10 і 11 класаў. Але наша школа з вельмі добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Дарэчы, у сакавіку да нас прыязджаў міністр адукацыі нашай краіны Ігар Васільевіч Карпенка. У нас тэрыторыя 3,5 гектара, ёсць свой агарод на 25 сотак, дзе мы вырошчваем агародніну і зеляніну для школьнай сталовай. І дзеці, і бацькі задаволены харчаваннем (наш кухар — вялікая майстрыха!). Дзеткі з мнагадзетных сем’яў харчуюцца два разы на дзень за кошт сродкаў бюджэту.

Наша школа — сямейны дом, у якім месца знойдзецца для кожнага. На працягу 15 гадоў у нас дзейнічае сямейны клуб “Здароўе”. Меркавалася, што мы будзем вучыць асновам псіхалогіі і педагогікі маладыя сем’і, але да нас далучыліся і бацькі са “стажам”, а затым прыйшлі бабулі з дзядулямі. У выніку кожны раз атрымліваецца вельмі жывая гутарка, дзе сталыя мамы і таты дзеляцца сваім вопытам з маладымі. Мы са свайго боку звяртаем увагу бацькоў на асаблівасці іх дзяцей. Разам шукаем падыходы, бо дзецям патрэбна ўвага.

У школе дзейнічае рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, для падлеткаў працуе кінаклуб “Існасць”, дзе дзеці разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Т.А.Бабіч абмяркоўваюць кіно з пункту гледжання маралі і духоўнасці. У такім абмеркаванні вучні атрымліваюць уяўленне аб сумленні, чалавечай дабрыні, міласэрнасці, веры ў людзей. Настаўнік павінен настаўляць дзіця на правільны жыццёвы шлях, таму мы імкнёмся выкарыстоўваць усе даступныя формы ўзаемадзеяння з нашымі вучнямі.

З 1 па 9 мая ў нас традыцыйная дэкада добрых спраў, калі мы разам з дзецьмі прыбіраем могілкі, наведваем мясцовы мемарыял памяці. Пра баявыя дзеянні ў час вайны на тэрыторыі нашай вёскі цікава расказвае настаўнік гісторыі Георгій Георгіевіч Бабіч, у якога бацька ваяваў у нашых мясцінах. На жыццёвых прыкладах паказваем вучням, што чалавек павінен імкнуцца рабіць дабро менавіта на сваёй зямлі.

— Як вы ставіцеся да працэсу аптымізацыі сельскіх школ?

— Гэты працэс ідзе. Ён закладзены і ў канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі на найбліжэйшыя гады, але мне і маім калегам з навакольных раёнаў, якія працуюць у вясковых школах, здаецца, што сельская школа павінна жыць. Такія школы вучаць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, апрацоўваць яе. Яны вучаць любіць прафесіі сваіх бацькоў — ветэрынара, агранома, палявода, заатэхніка, жывёлавода, фельчара, настаўніка. А пераязджаючы ў горад, вясковыя дзеці губляюць сувязь. Вясковыя школы можна і трэба рабіць профільнымі, напрыклад, з агратэхнічным напрамкам.

Яшчэ адзін момант. Па законе працаваць дазволена з 14 гадоў. Нам падаецца, што планку можна крыху апусціць і даваць магчымасць пачынаць займацца працоўнай дзейнасцю раней. Многія ў гэтым узросце кураць і ўжываюць алкаголь. Каб гэтага не было, дзяцей трэба займаць справамі — працай, каб яны праз рукі адчувалі прыналежнасць да сваёй зямлі. Праз некаторы час з іх вырастуць сапраўдныя гаспадары, але ім трэба прадаставіць права працаваць і зарабляць грошы. Не сакрэт, што многія бацькі ў вёсцы не маюць магчымасці, а некаторыя і жадання, вучыць сваіх дзяцей у гарадах. Гэта патрабуе выдаткаў, прычым немалых. Мы павінны дапамагчы гэтым дзецям стаць на ногі, у тым ліку і тым, што будзе дазвол пачынаць працаваць раней, чым у 14 гадоў. Тым самым мы паспрыяем усведамленню імі даўно вядомага: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. У вясковых дзяцей прыродай закладзена любоў да сваёй зямлі. Яны не павінны саромецца сваіх пачуццяў, а з гонарам працаваць і развіваць свой край.

Сення ў сельскіх школах вучацца дзеці з малазабяспечаных, мнагадзетных, няпоўных сям’яў, выхаваннем якіх займаецца ў асноўным толькі маці. Адсутнічае аўтарытэт бацькі. Часта дзеці з такіх сем’яў здзяйсняюць правапарушэнні, іх ставяць на ўлік ІСН, яны знаходзяцца ў сацыяльнанебяспечным становішчы, а часам становяцца сацыяльнымі сіротамі. Трапляюць у прытулак, а потым у апякунскую сям’ю або дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе жывуць з усведамленнем, што дзяржава павінна пра іх клапаціцца. І ў дарослае жыццё такі чалавек выходзіць з думкай, што ўсе яму абавязаны, бо ён сірата. Я сама вучылася ў школе-інтэрнаце, бо мае бацькі загінулі, калі мне было 6 гадоў. Атрымалася нават так, што мы з сястрой былі ў розных інтэрнатах, але выхоўваліся, што заўсёды ведалі: спадзявацца трэба толькі на сябе. Нам увесь час гаварылі, што ўсё ў гэтым жыцці зарабляецца, з неба нічога не ўпадзе. Трэба жыць з людзьмі ў згодзе, прыслухоўвацца да парад, дабівацца жыццёвых мэт. Я ўдзячна сваім настаўнікам за строгасць у выхаванні і веру ў мяне. Дзякуючы ім, я здзейсніла сваю мару стаць настаўніцай і быць карыснай людзям.

Дзеці гора-бацькоў вельмі хутка прывыкаюць быць утрыманцамі. Ведаю выпадкі, калі такія дзеці вяртаюцца да сваіх бацькоў і становяцца такімі ж. Паўтаруся: адзіным выйсцем з’яўляецца прывіццё любові і павагі да працы, самай простай, але працы. Дзеці павінны разумець, што грошы толькі зарабляюцца.

— Згодна з вамі. Дзякуй за змястоўную размову.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.