Сенсорны пакой для асаблівых дзяцей

- 10:43Навіны рэгіёнаў

Ужо больш як два гады наладжана супрацоўніцтва Ельскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з галандскім дабрачынным фондам Stichting Kinderhulp Tsjernobylramp Wit-Rusland і лідарам у вытворчасці сусветна вядомых сенсорных пакояў “Снузэлен” галандскай кампаніяй Barry Emons.

У 2015 годзе, дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, спецыялісты Ельскага ЦКРНіР атрымалі магчымасць азнаёміцца з вопытам рэабілітацыйнай работы з дзецьмі-інвалідамі ў Галандыі, пабачыць, якія ўмовы створаны ў гэтай краіне для сумеснага адпачынку людзей з рознымі псіхічнымі і фізічнымі магчымасцямі: цырк для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі Clini Clowns, дзіцячы забаўляльны цэнтр Hof van Eckberge, цэнтр адпачынку выхаднога дня для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. Таксама ў час паездкі было наладжана цеснае супрацоўніцтва ў галіне развіцця валанцёрскага руху. На працягу двух гадоў двойчы на год студэнты і педагогі школы Nordik (Алмела) прыязджаюць з развіццёвымі праграмамі да дзяцей ельскага цэнтра, праводзяць з імі музычна-рытмічныя гульні, спартыўныя мерапрыемствы.

У красавіку 2015 года здзейснілася мара дзяцей, бацькоў і настаўнікаў Ельскага ЦКРНіР: у цэнтры з’явіўся цудоўны сенсорны пакой для заняткаў. Спецыялісты кампаніі Barry Emons устанавілі ў пакоі абсталяванне: мяккія мэблевыя модулі і сцены, вадзяны матрац, люстры і стацыянарныя святлодыёдныя калоны з вадой. Сенсорны пакой — гэта тое асяроддзе, дзе большасць дзяцей не толькі раслабляецца, але і атрымлівае новыя адчуванні, зарад энергіі, уяўленні пра навакольны свет, праяўляе рухальную і маўленчую актыўнасць. Спакойныя светлыя колеры мэблі, белы колер столі і сцен, мяккае прыглушанае святло на фоне зацемненага акна, прыемны пах, ціхая музыка — гэта ўсё дае дзецям з цяжкімі парушэннямі ў развіцці адчуванне спакою, камфорту і небяспекі.

Навучэнцы цэнтра — асаблівая катэгорыя дзяцей. Для іх характэрны цяжкасць і паліморфнасць сенсорных, інтэлектуальных, рухальных парушэнняў, парушэнні зносін і паводзін. Дзякуючы сенсорнаму пакою, педагогі могуць больш якасна арганізоўваць прадуктыўнае ўзаемадзеянне з дзецьмі: вырашаць задачу актывізацыі розных вербальных і невербальных праяўленняў камунікацыі дзяцей, стымуляцыі іх зрокавага, слыхавога, тактыльнага, пахавага ўспрымання. Заняткі праводзяцца ў індывідуальнай і падгрупавой форме. У залежнасці ад задачы і методыкі правядзення сеансаў сенсорны пакой дапаўняецца рознымі стымулятарамі, якія ўздзейнічаюць на органы чалавека (музычны цэнтр з калонкамі, праектар накіраванага святла з дыскамі, якія знімаюцца, аромалямпа з рознымі камплектамі масел, інтэрактыўныя палотны для гульні са святлом і колерам, масажнае абсталяванне для развіцця тактыльнага ўспрымання). Дадатковыя дэталі ў пакоі таксама дапамагаюць засвойваць новыя адчуванні, вучаць пазнаваць якасці прадметаў і паляпшаюць зрокава-маторную каардынацыю дзяцей.

Спецыяльна арганізаваная прастора сенсорнага пакоя дапамагае вырашаць канкрэтныя задачы ў дачыненні да кожнага дзіцяці: узнаўляе душэўную раўнавагу ў дзяцей з парушэннем паводзін, супакойвае, выключае непатрэбныя раздражняльнікі; у дзяцей з парушэннямі слыху і зроку, інтэлекту, наадварот, абагачае сенсорныя адчуванні, стымулюе рухальную і гукавую актыўнасць.

Адзначым, што ў рамках сумесных праектаў з галандскім бокам вялікая ўвага ўдзялецца павышэнню кваліфікацыі спецыялістаў цэнтра ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі ў развіцці, у тым ліку з выкарыстаннем рэсурсаў сенсорнага пакоя. Супрацоўніцтва з педагогамі галандскіх цэнтраў дае магчымасць абменьвацца інфармацыйна-метадычнымі матэрыяламі, пераймаць практычныя метады і атрымліваць своечасовую дапамогу ў рабоце з дзецьмі з цяжкімі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі.

Нядаўна ў Ельскім цэнтры пабывала педагог дзіцячага цэнтра De Lemenkorf, якая на працягу трох дзён наведвала заняткі ЦКРНіР, размаўляла з бацькамі і праводзіла майстар-класы, на якіх дэманстравала метады і прыёмы работы з дапамогай сродкаў клоўн-тэрапіі, сенсорнай стымуляцыі.

На сённяшні дзень распрацаваны праект, накіраваны на далейшае супрацоўніцтва і матэрыяльна-тэхнічны, практычна-метадычны, культурна-асветніцкі абмен паміж Ельскім раённым ЦКРНіР, галандскім дабрачынным фондам Stichting Kinderhulp Tsjernobylramp Wit-Rusland, кампаніяй Barry Emons і школай Nordik.

Людміла МІКСЮК,
дырэктар Ельскага раённага ЦКРНіР.