Сэрцам адданыя дзецям

- 10:56Навіны рэгіёнаў

Таленавітыя, творчыя, актыўныя, мэтанакіраваныя, а галоўнае — сэрцам адданыя дзецям. Усе гэтыя словы пра ўдзельнікаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі”.

Як паведаміла метадыст абласнога цэнтра творчасці Наталля Ластачка, падобныя спаборніцтвы праводзяцца штогод, а іх асноўная мэта — абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту, пошук новых ідэй па абнаўленні зместу адукацыйнага працэсу, ну, і, вядома, выяўленне лепшых педагогаў.
А таленавітых педагогаў дадатковай адукацыі ў вобласці хапае. Толькі сёлета рознымі этапамі конкурсу было ахоплена звыш двухсот удзельнікаў. Першапачаткова лепшага выбралі ўнутры кожнай установы. Затым канкурсантаў чакаў прамежкавы тур, для праходжання якога неабходна было прадставіць на суд журы ўласны вучэбна-метадычны комплекс, майстар-клас па сваёй дзейнасці і выхаваўчае мерапрыемства з навучэнцамі.
— Усе канкурсанты выдатна справіліся з заданнямі адборачнага тура. Аўтарскія вучэбна-метадычныя комплексы адрозніваліся варыятыўнасцю падыходаў да вывучэння дысцыпліны. Выхаваўчыя мерапрыемствы і майстар-класы таксама былі праведзены на высокім прафесійным узроўні. Педагогі прымянялі розныя формы і метады арганізацыі дзейнасці дзяцей, умела выкарыстоўвалі наглядныя і тэхнічныя сродкі навучання, — расказала Наталля Ластачка.Да фіналу сёлета былі дапушчаны ўсе 18 удзельнікаў: Віктар Бацаленка (Касцюковіцкі раённы цэнтр дзіцячай творчасці), Аляксандра Біндасава (Цэнтр творчасці “Эверэст” Магілёва), Святлана Голас (Горацкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), Марыя Гнядзько (Асіповіцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), Ала Дзівіна (Цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска), Андрэй Жукаў (мнагапрофільны цэнтр творчасці “Юнацтва” Магілёва), Наталля Запалянская (Круглянскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Вясёлка”), Настасся Каўрыжкіна (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска), Ларыса Навасад (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Магілёўскага раёна), Наталля Зіновенка (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска), Юлія Паўлава (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва), Дзяніс Руцкі (мнагапрофільны цэнтр “Ветразь” Бялыніч), Юлія Сямёнава (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва), Аляксей Цітоў (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава), Алег Шкутко (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска), Кацярына Шыцікава (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Чэрыкава), Святлана Фядосава (Цэнтр дзіцячай творчасці Мсціслава), Алеся Чунаева (Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі).
Каб усё ж вызначыць лепшага ў сваёй справе, фіналістам было прапанавана правесці заняткі ў незнаёмай групе і прайсці тэсціраванне “Ад тэорыі да практыкі”. І зноў педагогі пацвердзілі сваё майстэрства. Падчас правядзення адкрытых заняткаў яны ўмела авалодвалі ўвагай дзяцей, знаходзілі падыход да навучэнцаў. Не разгубіліся канкурсанты і на псіхолага-педагагічным тэсціраванні, паказаўшы цвёрдыя тэарэтычныя веды.
Пасля пераадолення гэтай прыступкі конкурсу ад перамогі кожнага з фіналістаў аддзяляла ўсяго адно заданне — творчая самапрэзентацыя. Здавалася б, што можа быць неардынарнага ў самапрадстаўленні канкурсантаў? Аказалася, можа. Гледачы і журы неадрыўна сачылі за тым, што адбываецца на сцэне. Прысутныя быццам акунуліся ў чароўны свет творчасці. Усе выступленні нагадвалі міні-спектаклі, якія раскрывалі таямніцы душ канкурсантаў.
Так, выступленне педагога Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска Алы Дзівінай было напоўнена нацыянальным беларускім каларытам. Педагог Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Марыя Гнядзько змагла звязаць гісторыю свайго жыцця з матывамі вядомых мультфільмаў. Самапрадстаўленне Віктара Бацаленкі з Касцюковіцкага раённага цэнтра дзіцячай творчасці нагадвала сапраўдную казку. Выступленне педагога Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска Алега Шкутко дазволіла прысутным ненадоўга пабываць на спаборніцтвах па тэквандо, а прадстаўніца Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва Юлія Паўлава разам са сваімі навучэнцамі паланіла гледачоў энергічнымі танцамі, тэатральнай гульнёй і чытаннем рэпа.
Кожны канкурсант паказаў сябе як яркая, неардынарная асоба, творчы, прафесійны педагог. Іх выступленні былі абсалютна рознымі і ў той жа час аб’яднаныя адзінай мэтай, прынцыпам працы. Як высветлілася, усе педагогі бачаць сваёй асноўнай задачай выяўленне і развіццё дзіцячых талентаў.
Што ж наконт пераможцаў, то лаўрэатамі конкурсу і ўладальнікамі дыпломаў ІІ і ІІІ ступені адпаведна былі названы педагог Горацкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Голас і прадстаўнік Касцюковіцкага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Віктар Бацаленка. А лепшым педагогам дадатковай адукацыі Магілёўшчыны стала Юлія Сямёнава з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.