Шатландская вясна, беларускае лета, французская восень

- 11:50Сацыяльны ракурс


Ад беларускага Гомеля да французскага Клермон-Ферана прыкладна 2500 кіламетраў, столькі ж і да шатландскага Абердзіна. Ад Клермон-Ферана да Абердзіна таксама нямала — каля 1500 кіламетраў. Але што значаць гэтыя лічбы для сапраўднага сяброўства (для якога, як вядома, не існуе межаў) паміж названымі гарадамі-пабрацімамі? Думаю, адказ відавочны: нічога. А вялікая адлегасць — гэта выдатная нагода для правядзення няхай не частых, затое доўгачаканых і абавязкова памятных сустрэч. Пацвярджэннем з’яўляецца шматгадовы вопыт супрацоўніцтва паміж беларускімі, французскімі і шатландскімі ўстановамі адукацыі.

Доўгачаканая сустрэча

Для педагогаў і навучэнцаў гімназіі № 71 Гомеля такая доўгачаканая сустрэча адбылася ўчора. 15 чэрвеня на беларускую зямлю прыляцела група шатландскіх настаўнікаў і вучняў. Спатканне ў Нацыянальным аэрапорце, радасныя ўсмешкі, некалькі дзён у Мінску, а потым амаль тыдзень у маляўнічым Гомелі. Вось так коратка можна ахарактарыза­ваць праграму знаходжання замежных гасцей у нашай краіне. Калі гаварыць больш падрабязна, то праграмай прадугле­джана наведванне ўстаноў адукацыі, знаём­ства шатланд­цаў з гістарычнымі, культурнымі і прыроднымі адметнасцямі Беларусі, з вопытам работы гомельскіх педагогаў-выхавальнікаў у канікулярны перыяд. Сярод сумесных мера­прыемстваў — пастаноўка англамоўных спектакляў на сцэне 71-й гімназіі, правядзенне май­стар-класа ў Гомельскім дзяржаўным мастацкім вучылішчы, наведванне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра і Веткаўскага музея народнай творчасці. Як адзна­чыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 71 Гомеля Кацярына Пятроўна Грышаева, настаўнікі і вучні зробяць усё магчымае, каб летні адпачынак у Беларусі стаў для шатландскіх сяброў яркім, цікавым, запамінальным.

Па словах Кацярыны Пятроўны, наладжванне пабрацімскіх сувязей паміж установамі адукацыі Гомеля і Абердзіна пачалося ў 2004 го­дзе, калі ў складзе шатландскай дэлегацыі, што наведвала абласны цэнтр, знаходзіліся прадстаўнікі сістэмы адукацыі. Яны пажадалі азнаёміцца з дзейнасцю ўстаноў адукацыі, наладзіць сяброўскія сувязі. Аб’ектам для знаёмства была выбрана 71-я школа (цяпер гімназія), дзе на паглыбленым узроўні вывучалася англійская мова. У хуткім часе на далёкім брытан­скім востраве ў беларускай школы з’явілася і шатландская сяброўка Kincorth Academy. Паміж гомельскімі і шатландскімі педагогамі была заключана дамоўленасць аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве, рэалізацыі сумесных адукацыйных, выхаваўчых, сацыякультурных праектаў, а таксама абмене навучэнцамі для моўнай стажыроўкі. Рэалізацыя гэтых праектаў пачалася ў 2005 годзе падчас першай паездкі гомельскіх школьнікаў у Абердзін.

— Наступнае падарожжа ў Шатландыю адбылося ў 2006 годзе. Падчас гэтай паездкі рэалізоўваліся два праекты. Першы сацыякультурны праект — “Беларуска-шатландская спадчына”, у рамках якога мы знаёмілі шатландцаў з культурнай спадчынай Гомельшчыны, а яны ў сваю чаргу расказвалі пра традыцыі і звычаі сваёй краіны. Падчас другога выхаваўчага праекта мы гаварылі пра адвечную праблему бацькоў і дзяцей, дзяліліся вопытам яе вырашэння ў Беларусі і Шатландыі, — расказвае Кацярына Пятроўна.

Французскі куточак

Вакол стандартныя панэльныя шматпавярхоўкі, побач вуліца з аўтамабілямі, аўтобусамі, тралейбусамі, ёсць святлафоры, пешаходныя пераходы… Звычайны пейзаж беларускага абласнога цэнтра. А вось незвычайнае ў гэтым звычайным гарадскім краявідзе пачынаеш усведам­ляць пасля таго, як падыхо­дзіш да будынка 46-й гомельскай гімназіі. “Вуліца Клермон-Феран, 14а” — сведчыць надпіс на невялікай шыльдзе. Каля галоўнага ўвахода ва ўстанову адукацыі напісана яшчэ цікавей: “Гімназія № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля”. Калі б не слова “Гомеля” і не кірылічныя літары, то можна было б падумаць, што ты апынуўся ў Францыі.

— А наша гімназія і ёсць французскі куточак у беларускім Гомелі. Вядома, што сяброўскія адносіны з усіх краін капіталістычнага свету Савецкі Саюз падтрымліваў у тым ліку і з Францыяй. Таму ня­дзіўна, што адміністрацыі нашых гарадоў падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве яшчэ ў далёкім 1977 го­дзе. Тады гэтую падзею было вырашана азнаменаваць адкрыццём у Гомелі школы з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. З таго часу і бярэ пачатак гісторыя нашай установы адукацыі. Звычайна падарожжы ў Францыю адбываюцца падчас асенніх канікул. А вось летам настаўнікі актыўна распрацоўваюць праграмы, якія бу­дуць рэалізоўвацца падчас такіх паездак. Так, ужо была рэалізавана праграма, прысвечаная 25-годдзю ўстанаўлення сувязяў паміж нашымі гарадамі. У мінулым годзе праграма была прысвечана 10-годдзю моўных стажыровак нашых педагогаў і навучэнцаў. Сёлетняе падарожжа будзе прымеркавана да 35-годдзя братэрскіх сувязяў паміж Гомелем і Клермон-Феранам. За гэтыя гады сотні навучэнцаў змаг­лі цудоўна рэалізаваць свой адукацыйны патэнцыял падчас вучобы ў французскіх ліцэях імя Жанны Д’арк і імя Блеза Паскаля. Дарэчы, менавіта мэрыя Клермон-Ферана ініцыіравала прысваенне нашай гімназіі імя Блеза Паскаля, ура­джэнца горада-пабраціма Гомеля, — расказвае дырэктар 46-й гімназіі Алена Віктараўна Шаўцова.

Амаль як у нас

Цікава, ці праводзіцца для тамтэйшых навучэнцаў акцыі кшталту “Жыву ў Шатландыі і тым ганаруся”? Ці ўдзельнічаюць французскія вучні ў добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі? І наогул, які ён, шосты дзень, там, на беразе далёкага Паўночнага мора ў партовым Абердзіне? Адказы прыкладна на такія пытанні хацелі атрымаць падчас першай паездкі да шатландскіх і французскіх калег педагогі гомельскіх гімназій № 71 і № 46. Думаю, гэтыя адказы цікава было б пачуць і ўсім педагогам-выхавальнікам.

— Калі мы ўпершыню ехалі ў Шатландыю падчас вясновых канікул, вельмі хацелі азнаёміцца з функцыянаваннем мясцовых уста­ноў адукацыі. Аказалася, што ў нас больш агульнага, чым рознага. Напрыклад, у Шатландыі праводзяцца традыцыйныя для нас лінейкі, практыкуецца і агульны збор навучэнцаў у актавай зале, падчас якога абмяркоўваюцца надзённыя агульнашкольныя пытанні. Сістэма пазакласнай работы падобна на нашу, хаця, канечне, ёсць у ёй і адрозненні. Напрыклад, такой пасады, як класны кіраўнік, у шатландскіх школах не існуе, затое там больш актыўна, чым у нас, працуе сістэма псіхолага-педагагічнага суправаджэння. Праводзяцца і традыцыйныя для нас экскурсіі, аднак з невялікімі асаблівасцямі. Паходы, вандроўкі плануюцца напрыканцы навучальнага года. Мы ж такія паездкі арганізоўваем на працягу ўсяго навучальнага года спачатку па сваёй малой радзіме, а потым па ўсёй краіне. Шатландскія настаўнікі і вучні арганізоўваюць паездкі зыходзячы з фінансавых магчымасцей. Пэўнай сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання, як у нашых школах, там няма. У гэтым кірунку наша работа вядзецца больш дэтальна, напрыклад у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, — расказвае Кацярына Пятроўна.

Што яшчэ ўразіла гомельскіх настаўнікаў, дык гэта адносіны іх шатландскіх калег да добраўпарадкавання школьнай тэрыторыі. Не, як і ў Беларусі, каля шатландскіх школ таксама чысціня і парадак, проста калі для падтрымання чысціні, напрыклад, на тэрыторыі 71-й гімназіі за кожным класам замацоўваецца пэўны ўчастак, на якім вучні разбіваюць клумбы, высаджваюць кветкі, то ў Шатландыі гэта ўвахо­дзіць у абавязкі мэрыі. Канечне, тут ёсць і свае перавагі, усё ж навядзенне чысціні на школьнай тэрыторыі — гэта дадатковы клопат для настаўнікаў і вучняў, аднак, з іншага боку, ніхто, акрамя іх, не будзе займацца гэтай справай гэтак жа шчыра, ад душы. Таму тэрыторыя шатландскіх устаноў адукацыі — гэта пераважна толькі зялёны газон, а беларускіх школ — яшчэ і рознакаляровыя кветкі, якія красуюцца ледзь не на працягу ўсяго года.

— Шатландцаў зацікавіў наш вопыт догляду за прышкольнай тэрыторыяй. Наогул, як адзначылі абердзінцы пасля неаднаразовых наведванняў гомельскіх устаноў адукацыі, беларуская сістэма выхаваўчай работы — адна з лепшых у свеце. І сакрэт, думаю, у тым, што мы здолелі захаваць усё самае лепшае, што засталося нам у спадчыну ад савецкага часу, і памно­жыць гэта на патрабаванні сучаснасці, — адзначыла Кацярына Пятроўна.

Па словах Алены Віктараўны, у Францыі выхаваўчай рабоце не ўдзяляецца такая вялікая ўвага, як у беларускіх установах адукацыі. Узровень правядзення прэзентацый, спартыўных, краязнаўчых, сямейных мерапрыемстваў у нас намнога вышэйшы. Напрыклад, такое мерапрыемства, як апошні званок, у іх наогул не праводзіцца.

— Неяк адзін жыхар Клермон-Ферана адправіўся ў велапае­здку па маршруце Клермон-Феран — Гомель — Масква — Пекін. Праязджаючы праз наш горад, ён якраз трапіў у гімназію на апошні званок і быў уражаны святочнасцю атмасферы. Потым у сваіх мемуарах ён вельмі чулліва і кранальна ўзгадваў пра наш апошні званок і шкадаваў, што ў Францыі гэтая традыцыя забыта, апошнія званкі не праводзяцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Што тычыцца летняга адпачынку французскіх школьнікаў, то такога паняцця, як школьны летнік, там не існуе. Летнім адпачынкам дзяцей займаюцца ў асноўным скаўцкія або гайдаўскія арганізацыі, далучаюцца і валанцёры з ліку студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей. Існуюць адрозненні і ў функцыі беларускага і французскага класнага кіраўніка. Асноўная функцыя нашых французскіх калег — гэта кантроль за наведваннем вучнямі заняткаў і своечасовае інфармаванне бацькоў аб поспехах іх дзяцей. Такім чынам арганізавана інфармацыйная прастора, сям’я сама адказвае за якасць вучобы дзіцяці, яго паводзіны. Таму і такога знаёмага для нас выразу “гэта настаўнік ва ўсім вінаваты” там не пачуеш. У рабоце бацькоўскіх камітэтаў крыху іншыя мэты і задачы, чым у нас, — расказвае дырэктар 46-й гімназіі.

Памятаеце знакаміты выраз: “Я не ведаю, як там у Лондане, я не была…”? Не ведаю, як там у Абердзіне і КлермонФеране, я там не быў, але тая захопленасць, з якой гомельскія педагогі расказвалі пра свае падарожжы ў Францыю і Шатландыю, і тыя фотаздымкі, што засталіся пасля вандровак, цудоўна пераконваюць, што для сапраўднага сяброўства не існуе межаў, як не існуе межаў і для абмену вопытам і правядзення якаснай выхаваўчай работы з беларускімі, французскімі і шатландскімі асаблівасцямі.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by
Фота з архіваў гімназій № 46 і № 71 Гомеля.