Шчасце — знайсці сябе

- 10:28Вышэйшая школа

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце падвялі вынікі конкурсу “Жанчына года БДУ”. У намінацыі “Навуковыя дасягненні” перамогу атрымала прафесар кафедры філасофіі культуры факультэта філасофіі і сацыяльных навук Таццяна Герардаўна Румянцава.

У Таццяны Герардаўны — унушальны паслужны спіс, гэта і адзначылі арганізатары конкурсу. Пад яе кіраўніцтвам абаронена 12 кандыдацкіх дысертацый, а сёння яна з’яўляецца навуковым кансультантам у двух дактарантаў. У вучонага — 555 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, раздзелы ў зборніках, артыкулы ў навуковых часопісах. Але не менш важна, што за гэтымі стосамі сур’ёзных філасофскіх работ стаіць вельмі цікавы чалавек, сапраўдны ўніверсітэцкі прафесар — дасведчаны, яркі, дасціпны.Цудоўная суразмоўца і вельмі эфектная жанчына.

“Можна сказаць, што я нарадзілася ў БДУ, — кажа пра сябе Таццяна Герардаўна. — Як прыйшла сюды адразу пасля школы, так і не пакідала ўніверсітэт. І я вельмі ўдзячна лёсу, бо мне дагэтуль тут усё цікава. Стараюся ўвесь час расці над сабой, чытаць новую літаратуру, пісаць свае работы. Без гэтага працаваць ва ўніверсітэце немагчыма, і я знаходжуся ў пастаянным руху”.

Адметна, што Таццяна Герардаўна прыйшла працаваць на філасофскі факультэт толькі ў 1992 годзе, пасля дактарантуры (дарэчы, доктарскую дысертацыю абараніла ў 37 гадоў, стала прафесарам у 38). А дагэтуль працавала на агульнаўніверсітэцкай кафедры са студэнтамі і аспірантамі матэматычнага, фізічнага факультэтаў, з замежнікамі.

“На факультэт я прыйшла даволі позна. Узяла другі курс, давяла яго да выпуску, і ў мяне з’явіліся першыя аспіранты, — расказвае прафесар Т.Румянцава. — З таго часу ў мяне практычна штогод ёсць абароненыя дысертацыі. Думаю, калі б я ўсё жыццё працавала на філасофскім факультэце, то падрыхтавала б ужо два дзясяткі кандыдатаў навук”.

Сёння яе вучні працуюць загадчыкамі кафедраў і выкладчыкамі ў розных універсітэтах краіны. З многімі Таццяна Герардаўна і цяпер падтрымлівае добрыя адносіны. “Часам яны заязджаюць у госці, мы любім пасядзець за чаем, пагутарыць на розныя навуковыя і калянавуковыя тэмы”, — гаворыць Таццяна Герардаўна.

Яна ўпэўнена, што ва ўніверсітэце ўсё залежыць ад выкладчыка: калі ён жыве навукай, то зможа данесці да студэнтаў нават самыя складаныя рэчы.

“Трэба ўмець каня прывесці да вады, праўда, гэта вельмі дорага каштуе, — гаворыць Таццяна Герардаўна. — Я заўсёды карпатліва рыхтуюся да заняткаў, бо ў мяне кожная тэма — раз на год, а бывае, што і раз на два гады. Акрамя таго, трэба заўсёды ісці да студэнтаў у добрым настроі. Калі яны бачаць маё натхненне, тое, як лёгка я перакладаю ім складаныя філасофскія рэчы на простую мову, то іх вочы загараюцца. Пасля ўдалых лекцый, калі бачу эфект, лятаю, быццам на крылах. Але для гэтага трэба добра папрацаваць”.

Студэнты цэняць талент свайго прафесара, многія пішуць у Таццяны Герардаўны курсавыя і дыпломныя праекты, магістарскія работы. Аднойчы, калі на факультэце філасофіі і сацыяльных навук святкавалі пасвячэнне ў студэнты, першакурснікі нават са сцэны пажартавалі: “А хто-небудзь можа прарэкламаваць Гегеля так, як Румянцава?” Адкрыць студэнтам выбітных філосафаў, паказаць, што філасофія не нейкае там мудрагельства, адгароджанае ад жыцця, а жыццёвыя пытанні і адказы на іх, — у гэтым вялікае майстэрства прафесара Румянцавай.

Я спытала Таццяну Герардаўну, адкуль яна чэрпае натхненне. Прафесар адказала, што вельмі шмат бярэ з літаратуры: “Я заўсёды чытаю некалькі кніг паралельна. Калі пішу ўласныя кнігі, ад перагрузкі мяне ратуюць разумныя англійскія дэтэктывы, якія захопліваюць (трэба ж ведаць, хто там злачынца). Напрыклад, зараз з асалодай чытаю лекцыі М.К.Мамардашвілі пра Марселя Пруста — вельмі светлая, цёплая, добрая літаратура”.

А яшчэ прафесар расказала, што любіць падарожнічаць, ахвотна ездзіць на веласіпедзе і ходзіць пешшу. “У мяне ёсць сын і пяцігадовы ўнук — ва ўзаемаадносінах з імі я таксама чэрпаю натхненне. І мне хочацца вельмі многае зрабіць, шмат дасягнуць, каб мае хлопцы мной ганарыліся”, — гаворыць Таццяна Герардаўна.
Вядома, у размове з прафесарам філософіі я не магла абмінуць тэму шчасця.

“Зараз я якраз чытаю кнігу “Хюге. Сакрэт дацкага шчасця”, — расказвае мая суразмоўніца. — Данія — напэўна, адзіная краіна, дзе ёсць Інстытут даследавання шчасця. Паводле шматлікіх апытанняў, датчане — самыя шчаслівыя людзі ў свеце, хаця ў гэтай краіне зусім мала сонца. Іх шчасце не ў тым, каб мець яхты, вілы ці іншыя багацці, да якіх многія так марна імкнуцца. Усё значна прасцей: можна запаліць свечкі, захутацца ў плед, уключыць светлую класічную музыку, выпіць духмянай гарбаты, з’есці што-небудзь смачнае, часцей за ўсё прыгатаванае ўласнымі рукамі… Побач — самыя блізкія сябры, родныя… І нават калі ты адзін, але з добрай кнігай, — таксама хораша… Шчасце хаваецца ў дробязях. Трэба вучыцца ўспрымаць яго па прыкладзе датчан. З іншага боку, ці не надта мы гонімся за шчасцем? У свой час савецкія пісьменнікі напладзілі банальных фраз тыпу “Чалавек народжаны для шчасця, як птушка для палёту”. Можа, не трэба перабольшваць і настройвацца на тое, каб быць шчаслівымі. А што, калі гэтага не адбудзецца? Жыццё не ўдалося? Я думаю, што кожны чалавек перш за ўсё павінен знайсці адказ, для чаго ён прыйшоў на гэты свет. Мой любімы філосаф Кант лічыў, што кожны чалавек нясе ў сабе пэўны пасыл. І калі чалавек знайшоў сябе, ён абавязкова будзе шчаслівы”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.