Шчаслівай быць не забароніш

- 11:00Людзі адукацыі

Ёсць людзі, якія натхняюць іншых сваім прыкладам, пераконваючы ў тым, што многае магчыма. Менавіта да такіх яркіх, шматгранных асоб адносіцца жыхарка горада Баранавічы Брэсцкай вобласці Марыя Аляксандраўна Казлоўская. Многадзетная маці, настаўніца англійскай мовы і, як у старым добрым фільме: спартсменка, актывістка, прыгажуня. 

Жыццё Марыі Аляксандраўны ўжо даўно непарыўна звязана з Баранавічамі. Нарадзілася яна, дачка ваенных, у Санкт-Пецярбургу, але пазней сям’я перабралася ў Баранавічы і засталася тут. Менавіта ў гэты горад Марыя Аляксандраўна вярнулася пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Яе нязменным месцам працы стала сярэдняя школа № 7. Літаральна з першых слоў адчуваецца, наколькі настаўніца прывязана да гэтай установы і сваіх вучняў.

— Я на сваім месцы, і адчуваць гэта — вялікае шчасце, — адзначае М.А.Казлоўская. — Дзеці — гэта маё! Мне вельмі падабаецца вучыць іх, перадаваць ім свае веды, накіроўваць па жыцці, падбадзёрваць. Імкнуся праводзіць свае ўрокі з максімальнай карысцю для вучняў. Аднак пры гэтым не магу сказаць, што я строгая настаўніца. Ды мне гэта і не патрэбна. Мой падыход іншы: захапляю цікавым вучэбным працэсам, і праблем з дысцыплінай не ўзнікае. Калі бачу, што дзіця стараецца, але ў яго штосьці не атрымліваецца, заўсёды іду насустрач.

Марыя Аляксандраўна не дазваляе расслабіцца ні сабе, ні іншым. Яе ўрокі праходзяць насычана, дынамічна. Ёй удаецца стварыць атмасферу добразычлівага, эфектыўнага педагагічнага ўзаемадзеяння. Настаўніца адзначае: падыход да арганізацыі ўрокаў тлумачыцца яе ўласным характарам. Сама яна вельмі актыўная, творчая, цікавіцца ўсім новым. Выдатнае сведчанне гэтага — акадэмічная ступень магістра філалагічных навук. Марыя Аляксандраўна атрымлівала яе не адразу пасля заканчэння ўніверсітэта, а пазней, падчас дэкрэтнага водпуску, калі ў яе ўжо было двое дзетак. Усё паспявала, з усім спраўлялася і цяпер спраўляецца паспяхова. Напэўна, не памылюся, калі скажу, што галоўны сакрэт — у аптымістычным настроі Марыі Аляксандраўны. Яна заўсёды бачыць не цяжкасці і перашкоды, а новыя цікавыя магчымасці, каб развівацца і быць шчаслівай. Агульных рэцэптаў шчасця не існуе: кожнаму варта самому вызначыцца з інгрэдыентамі, каб штодня было радасна і смачна.

Адным з цікавых складнікаў работы для Марыі Аляксандраўны стала курыраванне навукова-даследчай дзейнасці вучняў. Яна з радасцю накіроўвае школьнікаў у гэтым няпростым, але захапляючым і карысным кірунку. Адданасць справе не застаецца не заўважанай. На гарадскіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях работы вучняў адзначаюцца прызавымі дыпломамі. Адметна, што герб школы зроблены па задуме менавіта Марыі Аляксандраўны. А два гады назад яна паспрабавала сябе ў новай для яе ролі класнага кіраўніка. Гэтая місія, хоць і патрабуе шмат часу і сіл, але таксама прыйшлася ёй даспадобы. Выхаванцам Марыі Аляксандраўны, сёлета ўжо шасцікласнікам, сумаваць не даводзіцца, а іх бацькі ўпэўнены: дзеці знаходзяцца пад надзейным крылом.

Магчыма, некаму здасца дзіўным, аднак многае паспяваць, у тым ліку і ў прафесійнай дзейнасці, Марыі Аляксандраўне ўдаецца дзякуючы сваім дзецям. А іх у яе чацвёра. Тры сыны і дачка сталі лепшай матывацыяй. Па-першае, таму, што Марыя Аляксандраўна і яе муж перакананы: выхоўваць дзяцей неабходна не на прыгожых, пафасных словах, а на ўласным прыкладзе. Тады не ўзнікае ніякіх супярэчнасцей, у сям’і пануе атмасфера даверу, разумення і ўзаемапавагі. Сям’я Казлоўскіх — гэта якраз не пра словы, а пра ўчынкі. Бацькі і дзеці шчырыя, адкрытыя свету і іншым людзям, актыўныя, таму ў іх утульны дом часта заходзяць сябры. 

Яшчэ адно важнае правіла настаўніцы можна сфармуляваць так: рухацца і развівацца! Усе яе дзеці наведваюць гурткі. Абавязкова займаюцца замежнымі мовамі, спортам, плюс кожны дадаткова выбірае тое, што яму больш па душы. У пачатку кожнага навучальнага года дома Марыя Аляксандраўна складае і размяшчае на кухні сапраўдную лагістычную карту. Гэта дапамагае сарыентавацца і запомніць, у які дзень і якія гурткі наведваюць сыны і дачка. У выхаванні дзяцей маці і бацька ставяць перад сабой галоўную мэту — выгадаваць іх дастойнымі, добрасумленнымі людзьмі, падрыхтаванымі да самастойнага жыцця. Старэйшаму сыну Даніілу ўжо 20. І матулі радасна бачыць, што любая жыццёвая задача яму па плячы. Ён можа і кран адрамантаваць, і суп згатаваць. Не адстаюць і малодшыя. У сям’і Казлоўскіх растуць яшчэ дачка дзесяцікласніца Аляксандра і два хлопчыкі — шасцікласнік Мацвей і першакласнік Сямён. Муж з жонкай жартуюць: у гэтым навучальным годзе чарговы, але ўжо апошні раз пайшлі ў 1 клас. Іх радуе, што дзеці сябруць паміж сабой і прывыклі клапаціцца не толькі пра сябе.

— Усе дзеці — вялікія памочнікі для нас з мужам, — расказвае пра свае сямейныя традыцыі М.А.Казлоўская. — У нас прынята ўсё рабіць разам, усе з разуменнем адносяцца да таго, што ў кожнага ёсць свае хатнія абавязкі. Мне дапамагаюць прыбіраць дом, ды і на кухні адну стараюцца не пакідаць. А разам любая справа, вядома ж, ладзіцца шпарчэй і весялей. Увогуле, мы шмат часу бавім разам, не толькі працуем, але і адпачываем, выязджаем на прыроду, адпраўляемся ў вандроўкі. Гэта аб’ядноўвае нас, дорыць яркія, цёплыя ўспаміны, якія даюць адчуванне шчасця і запатрабаванасці, саграваюць у цяжкія хвіліны. 

Марыя Аляксандраўна літаральна зараджае ўсіх сваёй актыўнасцю і аптымізмам. Актыўнасць спараджае актыўнасць. Але гэта патрабуе пастаяннага руху і работы над сабой. Марыя Аляксандраўна не сядзіць на канапе ў чаканні любімага серыяла. Некалькі разоў на тыдзень у яе раскладзе абавязкова значыцца басейн. Плаванне дорыць зарад новых сіл, так што з басейна жанчына вяртаецца дамоў асабліва энергічнай, гатовай працягнуць свае шматлікія справы. Дарэчы, плаваннем Марыя Аляксандраўна, кандыдат у майстры спорту, займаецца сур’ёзна: наведванне басейна яна называе трэніроўкай, якая займае не менш за гадзіну, што з’яўляецца для яе неабходнасцю. Таксама ёсць дасягненні і ў лёгкай атлетыцы — першы дарослы разрад. У басейн, які знаходзіцца за восем кіламетраў ад дома, на работу, дачу і па іншых справах жанчына дзевяць месяцаў у год ездзіць на веласіпедзе. Зімой з задавальненнем катаецца на лыжах. Пры такім ладзе жыцця, вядома, немагчыма быць не ў тонусе. Такім чынам Марыя Аляксандраўна адначасова сочыць і за сваім настроем, і за фігурай. А муж і дзеці не адстаюць ад зададзенага рытму. Напрыклад, адно з хобі мужа — хакей. 

Яшчэ адзін любімы сямейны занятак сям’і Казлоўскіх — падарожжы. Яны, што называецца, людзі лёгкія на пад’ём. Таму пры любой магчымасці наведаць іншы горад ці краіну яны гатовы хутка сабраць чамаданы. Сямейны фотаальбом напоўнены яркімі здымкамі з самых розных месцаў.

— Я шчаслівая жанчына, — усміхаецца Марыя Аляксандраўна. — Аднак гэтае адчуванне паўнаты, яркасці і карыснасці жыцця ў многім у нашых руках. Шчасця варта не чакаць, а штодня будаваць яго. Важна не скардзіцца на праблемы, а спакойна вырашаць іх, дарыць тым, хто побач, клопат і сардэчную цеплыню. Усміхацца жыццю і людзям, каб яны маглі падарыць свае ўсмешкі табе ў адказ. 

Таццяна ШЫМКО.
Фота з архіва гераіні.