Шчаслівыя дзеці на новай планеце

- 12:10Навіны рэгіёнаў, Рознае

У Салігорску адкрыўся новы дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, і гэта не проста дзіцячы сад, а цэлая “Планета дзяцінства” — менавіта такую назву носіць установа.

ДЦРД “Планета дзяцінства” ААТ “Беларуськалій” — установа незвычайная. Па-першае, гэта самая вялікая дашкольная ўстанова на Міншчыне: тут размясціліся 17 груп і наведваць іх будуць 330 дзетак.

Па-другое, праект, па якім пабудаваны цэнтр, унікальны: мноства элементаў са шкла робяць яго лёгкім і напоўненым святлом. Па-трэцяе, абсталявана ўстанова самай сучаснай тэхнікай. Тут ёсць лега-цэнтр, гульнявы пакой з лабірынтамі, музычная зала са сцэнай для тэатральных пастановак, пакой, дзе інтэрактыўным з’яўляецца, здаецца, усё: падлога, дошка, сталы, праектар і нават пясочніца. У ДЦРД працуе басейн, гімнастычная зала, сенсорны пакой і пакой рэлаксацыі, арганізаваны куток беларускай культуры. А злучаюць памяшканні прасторныя калідоры — па іх дзеці будуць катацца на веласіпедах, быццам па вуліцах горада, тым больш што сцены ў гэтых калідорах распісаны і на іх адлюстраваны краявіды Салігорска.

Не менш цудоўная і тэрыторыя цэнтра. Тут дзетак сустракаюць фігуры жывёл — такую форму набылі ў выніку стрыжкі кусты і дрэвы. Дзейнічаюць 3 спартыўныя пляцоўкі, а яшчэ ёсць “плюхальніца” — неглыбокі басейн з фантанчыкам, дзе ў спякоту маленькія выхаванцы змогуць пахадзіць басанож.

Працуе тут малады, энергічны калектыў пад кіраўніцтвам загадчыцы Іны Мікалаеўны Маршыцкай. Многія супрацоўнікі — сёлетнія выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка, якія цудоўна зарэкамендавалі сябе падчас вучобы. Яны поўныя планаў, ідэй, жадання працаваць і ствараць самыя спрыяльныя ўмовы, каб на “Планеце дзяцінства” раслі шчаслівыя дзеці.

Дар’я РЭВА.
Фота Віктара ПІЛІПЦОВА.