Менавіта такімі словамі апісвалі сучаснікі Уладзіміра Елісеевіча Лабанка. Яго імя ўжо амаль 40 гадоў з гонарам і пашанай носіць Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж, а яго спадчына дапамагае выхоўваць добрых людзей.
Уладзімір Лабанок — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыйнага падполля і партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўны і партыйны дзеяч. А яшчэ ён выпускнік Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума, які потым стаў каледжам. Імя Лабанка — гэта не проста запіс на шыльдачцы і ў дакументах. Яго гісторыя, жыццё, дасягненні цесна ўплецены ў выхаваўчы працэс установы.
Жыццё як подзвіг
Уладзімір Елісеевіч Лабанок нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. Ён хацеў, як і яго продкі, працаваць на зямлі і адправіўся вучыцца ў Мар’інагорскі сельгастэхнікум. Затым вучыўся ў Беларускай сельгасакадэміі і пачаў працаваць аграномам-памочнікам наркама земляробства БССР, хутка ўзнімаўся па кар’ернай лесвіцы. Быў дырэктарам Беліцкага і Смальнянскага сельскагаспадарчых тэхнікумаў у Віцебскай вобласці. Вялікая Айчынная вайна застала яго на Віцебшчыне. Уладзімір Елісеевіч застаўся ў тыле ворага для арганізацыі патрыятычнага падполля і партызанскага руху.
У жніўні 1941 года ўзначаліў Лепельскі падпольны райкам, быў камандзірам партызанскага атрада № 68, потым стаў камісарам Чашніцкай партызанскай брыгады Дубава, пазней — камандзірам Лепельскай партызанскай брыгады. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле былі здзейснены многія баявыя аперацыі па разгроме нямецка-фашысцкіх гарнізонаў, у тым ліку ва Ушачах, Камене, Бараўцы і Пышне.
Партызанам удалося вызваліць некалькі раёнаў. У выніку на Віцебшчыне з’явілася цалкам свабодная ад ворага тэрыторыя — Полацка-Лепельская партызанская зона. Тэрыторыя яе перавышала 3200 кв. км., у краі знаходзілася звыш тысячы населеных пунктаў, дзе пражывалі да 100 тысяч чалавек. Гэта была адна з найбуйнейшых партызанскіх зон, па сутнасці, дзейнічала паўнавартасная партызанская рэспубліка. Уладзімір Лабанок спачатку камандаваў брыгадай, затым партызанскім злучэннем гэтай зоны. Усё гэта адбывалася пад носам у гітлераўцаў. Партызаны не давалі ворагу жыцця ні днём ні ноччу. Раптоўнымі налётамі грамілі іх гарнізоны, падрывалі масты, склады, выводзілі са строю важныя камунікацыі, зрывалі варожыя перавозкі па чыгунках і шасэйных дарогах.
У кругавароце страшэнных ваенных падзей Уладзімір Елісеевіч не страціў сваёй чалавечнасці. Баявыя таварышы Лабанка адзначалі, што ён быў вельмі ўважлівы да людзей, ніколі не дазваляў сабе павысіць голас на падначаленага. Ён непасрэдна ўдзельнічаў ва ўсіх баявых аперацыях, праведзеных “ляснымі салдатамі” яго злучэння. Ім асабіста знішчана 17 нямецкіх салдат і афіцэраў, 3 нямецкія эшалоны, 5 аўтамашын, 11 мастоў.
За асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху палкоўніку Уладзіміру Лабанку ў верасні 1943 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”. Ён быў узнагароджаны шэрагам ордэнаў.
Пасля вызвалення Беларусі Уладзімір Лабанок не перастаў клапаціцца аб людзях — цяпер па-іншаму. Ён многа гадоў працаваў на адказных пасадах і стаў значным грамадска-палітычным дзеячам: быў міністрам вытворчасці і нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў БССР, намеснікам Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
Яго сучаснікі кажуць, што Уладзімір Елісеевіч ніколі не быў “кабінетным” работнікам — заўсёды цікавіўся меркаваннем людзей. Добра ведаў, не па чутках, аб патрэбах і праблемах простага чалавека. Ва ўсіх справах вышэй за ўсё ставіў інтарэсы народа, яго дабрабыт. Да апошняга дня быў у страі, служыў роднай Беларусі, якую так горача любіў. Уладзіміра Елісеевіча не стала ў 1984 годзе, і з гэтага года яго імя носіць Мар’інагорскі каледж.
Уладзімір Елісеевіч Лабанок сябраваў з летчыкам-знішчальнікам Аляксеем Марэсьевым, тым самым лётчыкам, які з пратэзамі замест ног працягнуў лятаць і збіваць варожыя самалёты і чый подзвіг стаў асновай для сюжэта “Аповесці аб сапраўдным чалавеку” Барыса Палявога.
Народны музей
Сёння ў Мар’інагорскім каледжы, як і многа гадоў назад, калі тут вучыўся У.Е.Лабанок, рыхтуюць спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу нашай краіны. Маладыя людзі вучацца па спецыяльнасцях “Тэхнік-механік”, “Тэхнік-электрык”, “Аграном”. Разам з асноўнай прафесіяй выпускнікі атрымліваюць і рабочыя прафесіі, такія як вадзіцель, трактарыст, камбайнер, слесар, электраманцёр, кладаўшчык. У каледжы створаны ўсе ўмовы для таго, каб працэс навучання праходзіў паспяхова. Штогод уменні і таленты навучэнцаў увасабляюцца ў дасягненнях на конкурсах прафесійнага майстэрства. І, канечне, тут імкнуцца вырасціць не проста прафесіянала, а яшчэ і добрага чалавека. У гісторыі каледжа для гэтага знаходзяцца добрыя прыклады для пераймання.
Галоўнай скарбніцай гістарычнай памяці ў каледжы з’яўляецца музей. Выкладчыкі і навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа збіраюць і клапатліва захоўваюць гісторыю малой радзімы.
Музей быў створаны ў 1966 годзе. Ля вытокаў яго стварэння стаяў Р.І.Грабчыкаў. Рыгор Ільіч у той час працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Будучы сведкам вайны (калі пачалася Вялікая Айчынная, яму было 12 гадоў), быў асабліва захоплены ідэяй захавання гістарычнай памяці і актыўна пачаў работу ў гэтым напрамку. Ён наладзіў сувязь з выпускнікамі, працаваў у Нацыянальным архіве і адшукаў вялікую колькасць фактаў, якія сталі падмуркам для стварэння музея.
Музей рос, развіваўся, і ў 2018 годзе атрымаў званне “народны”. Сёння музейны фонд налічвае каля 3 тысяч экспанатаў. Гісторыя каледжа, сабраная людзьмі розных пакаленняў і прадстаўленая ў музеі, цесна пераплецена з усімі значнымі гістарычнымі падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны за апошнія 150 гадоў.
Музей расказвае аб тым, як і чаму вучыліся тут людзі дзясяткі гадоў назад. Экспазіцыйныя вітрыны і стэнды музея змяшчаюць арыгіналы дакументаў, копіі архіўных дакументаў пазамінулага і мінулага стагоддзяў, фотаздымкі, кнігі, падручнікі, макеты, сродкі для арганізацыі адукацыйнага працэсу на розных этапах існавання ўстановы адукацыі. У музеі дэманструюцца прадметы працы і побыту, якімі карысталіся ранейшыя навучэнцы і работнікі. Цікавасць наведвальнікаў заўсёды выклікаюць медалі, заваяваныя на міжнародных сельскагаспадарчых выставах, гербарый шкодных раслін, сабраны першымі навучэнцамі сельскагаспадарчай школы.
Асаблівае месца займаюць экспазіцыі, што расказваюць аб выбітных асобах, чыё жыццё было цесна звязана з гісторыяй установы. Пачэснае месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная У.Е.Лабанку. Тут прадстаўлены асабістыя рэчы героя: пілотка, узнагародная планка, даведка аб раненні, прафсаюзны білет, білет і значок дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, фотаздымкі.
Даўжыня гістарычнага шляху каледжа набліжаецца да паўтара стагоддзя.
Памяць выхоўвае
Памяць аб гісторыі ўстановы, аб выбітных асобах, якія тут вучыліся, арганічна ўплятаецца ў вучэбную і выхаваўчую работу каледжа.
— Выхаванне і навучанне праз краязнаўства, а ў нашым каледжы педагогі замянілі гэтае слова на радзімазнаўства, — гэта той кірунак, пры якім не толькі вырашаецца задача выхавання грамадзяніна і патрыёта краіны, але і развіваюцца лепшыя якасці навучэнцаў, у іх з’яўляецца імкненне да спазнання таямніц малой радзімы. Што можа быць больш ганаровым для педагога, як навучыць моладзь любіць бацькоўскую зямлю? — гаворыць кіраўнік музея Алена Валянцінаўна Свірыдава.
Зразумела, кожны навучэнец каледжа абавязкова наведвае музей і знаёміцца з асобай чалавека, чыё імя носіць установа. Акрамя таго, вывучэнне біяграфіі Уладзіміра Елісеевіча Лабанка ўключана ў праграму навучання, унесена ў каляндарна-тэматычныя планы дысцыплін “Гісторыя Беларусі” і “Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”.
Да 110-годдзя з дня нараджэння У.Е.Лабанка была арганізавана экскурсія ў Музей народнай славы ва Ушачах, якому таксама прысвоена імя героя.
У народным музеі гісторыі ўстановы адукацыі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Старонкі гісторыі”. Яго ўдзельнікі вывучаюць краязнаўчыя матэрыялы, што сабраны ў музеі. Даследчыя работы і праекты, якія атрымліваюцца ў выніку, навучэнцы прадстаўляюць у рамках разнастайных акцый, конкурсаў. Цікавы навучэнцам і сайт музея. Над яго распрацоўкай працавалі выкладчыкі, а вось над яго напаўненнем і, галоўнае, прасоўваннем працуюць навучэнцы разам з выкладчыкамі. Таксама створаны акаўнт музея ў Instagram, слоган якога — “Злучаем мінулае, сучаснасць і будучыню”.
Інфармацыя, сабраная ў музеі, асабліва каштоўная тым, што дае магчымасць зрабіць “эмацыянальную прывязку” да жыцця самога навучэнца.
— Факты, гісторыя, што мы прапануем навучэнцам, не толькі цікавыя і важныя, а яшчэ і маюць дачыненне да кожнага з навучэнцаў. Выкладчыкі робяць усё магчымае, каб навучэнцы зразумелі: нашы продкі, гэтак жа, як і сучасныя падлеткі, жылі ў нашай краіне, у нашых пасёлках і мястэчках, хадзілі па нашых вуліцах, вучыліся ў нашых карпусах. І яны змаглі стаць тымі, кім сталі: навукоўцамі, кіраўнікамі, героямі. Гэта значыць, што магчымасць стаць выбітнай асобай, героем ёсць у кожнага, — расказвае Алена Валянцінаўна Свірыдава. — І асоба Уладзіміра Елісеевіча Лабанка ў гэтым дачыненні асабліва значная. Гэта чалавек, чый жыццёвы шлях быў няпростым, але яркім і гераічным, прысвечаным людзям і радзіме. А пачынаўся гэты шлях, як і ў нашых навучэнцаў, тут, у сельскагаспадарчым каледжы.
Каледж ганарыцца чалавекам, чыё імя носіць, і робіць усё магчымае, каб ганарыцца можна было кожным выпускніком, як годным чалавекам і грамадзянінам.
Дар’я РЭВА.