Шэдэўры нараджаюцца са штрыха

- 15:46Вышэйшая школа

“Жыццё чалавека пачынаецца з чыстага аркуша. І з самага пачатку нашы бацькі, блізкія, аднакласнікі, сябры і проста добрыя знаёмыя дзень за днём робяць на ім маленькія, ледзь прыкметныя штрыхі. Так фарміруецца асоба”, — заўважыў адзін з герояў матэрыяла — студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія сталі пераможцамі конкурсу “Студэнт года — 2018”. Мне застаецца дадаць толькі тое, што жыццё маладых людзей можа натхніць нават старэйшае пакаленне і стаць выбітным матэрыялам для самых няўмелых “мастакоў”.

Ты нічога не дасягнуў, карона не павінна расці


Канстанцін Баяндзін.

“Зорны шлях” чацвёртакурсніка факультэта журналістыкі Канстанціна Баяндзіна пачаўся ў дзяцінстве, калі ён быў зайчанём на дзіцячых ранішніках. Пасля былі выступленні ў школе, але сур’ёзна юнак пачаў працаваць з публікай у сувораўскім вучылішчы: арганізоўваў мерапрыемствы, ладзіў дыскатэкі для роты.

— Даводзілася дамаўляцца з адміністрацыяй вучылішча, каб наша кіраўніцтва рабіла запыты ў найбліжэйшыя школы і да нас маглі прыходзіць дзяўчаты. А пасля як ініцыятар я выконваў ролю вядучага такіх сустрэч, — успамінае студэнт. — На трывалым узроўні мая дзейнасць замацавалася ў Ліцэі БДУ, там жа прыйшлі сур’ёзныя навыкі сцэнічнага майстэрства.

Пасля паступлення на журфак Косця пераканаўся, што творчае асяроддзе там вельмі спрыяльнае, і яму пашанцавала. Па словах чацвёртакурсніка, у БДУ паступае шмат ліцэістаў — гэта аднойчы і вызначыла росквіт яго дзейнасці на ніве культуры: адна са студэнтак старшых курсаў, выпускніца ліцэя, прыгадала яго і прапанавала ў якасці вядучага. Так, на другім месяцы вучобы хлопец ладзіў свята, прымеркаванае да Хэлоўіна. А потым, як кажа сам студэнт, “панеслася”.

— Мне, бывае, гавораць, што я “на кантакце” з усімі, але на цесным кантакце мала з кім. Гэта няпраўда: адкрыты я для ўсіх, проста блізкае кола не можа быць шырокім, — перакананы Косця. — Кажуць, што я актыўны. Людзям гэта падабаецца: многія знаёмыя гавораць, што паклічуць мяне весці ўласнае вяселле. Гэта клёва.

Няўрымслівы малады чалавек прызнаецца, што вяселлямі ён хоча займацца не заўсёды, паколькі гэта забівае творчасць: нават калі вядучы спрабуе зрабіць па-свойму, унесці ў мерапрыемства нешта новае, не ўсе заказчыкі гатовы на гэта ісці. А творчасці хлопцу, як ні круці, не пазычаць: штогод яго знаходзяць новыя ўзнагароды. На 1 курсе выйграў факультэцкі конкурс “Містар-журфак”, на 2-м — стаў пераможцам “Фестывалю эстрады БДУ”, зараз атрымаў званне “Студэнт года БДУ” ў намінацыі “Культура”. Да ўсяго гэтага, Косця — адзін са стваральнікаў Minsk Independent Battle — найбуйнейшай у Беларусі батл-пляцоўкі, якая стала вынікам перапрацоўкі аднаго з ліцэйскіх праектаў.

— Спачатку я гэтым ганарыўся ў нейкай ступені, думаў: “Класна, мяне цяпер ведаюць шмат людзей”, а пасля крыху асадзіў сябе: “Ты нічога не дасягнуў, карона не павінна расці”, — дзеліцца студэнт журфака. — Некалькі разоў пазнавалі на вуліцы, нехта прасіў сфатаграфавацца. Я разумею, калі фотаздымкі робяць з музыкантамі, нейкімі медыяперсонамі, а калі са мной… Гэта прыемна, але вельмі дзіўна і незразумела.

Канстанцін Баяндзін актыўны і па-за межамі ўніверсітэта: праводзіць вечарыны, фестывалі, гарадскія мерапрыемствы, займаецца спортам — футболам (яго каманда — чэмпіён факультэта) і бегам.

— Вялікіх дасягненняў у мяне няма, толькі звычайныя: я прабег два марафоны (па 42 км) у Барселоне і Амстэрдаме, але гэта вынік трэніровак. Разам з сябрам вырашылі, што кожны год павінны прабягаць, як мінімум, адзін. Мару паўдзельнічаць у марафоне Ironman (ён лічыцца самым складаным: трэба праплыць 4 кіламетры ў адкрытым акіяне, праехаць 180 кіламетраў на веласіпедзе, а пасля толькі прабегчы 42 кіламетры і ўкласціся ў 16 гадзін). Галоўная мэта — дабегчы, — усміхаецца юнак.

Калі хлопцу ўручылі ўзнагароду, яго бацькі жартавалі: “Усё, цяпер бабулі будуць спакойныя, не скажуць, што ўнук зусім згублены”.

— Мне з дзяцінства падабаецца быць наперадзе, у цэнтры ўвагі. І тое, што мяне ведаюць у БДУ, на рэп-пляцоўках, не перашкаджае, а наадварот. У мяне проста шмат энергіі, якая не заканчваецца — вось і ўвесь сакрэт, — дзеліцца Косця формулай поспеху.

Найвялікшы страх — “спусціць” усе грошы на кнігі


Стэфанія Змітраковіч.

У першы год навучання ва ўніверсітэце любімай дысцыплінай студэнткі факультэта сацыякультурных камунікацый Стэфаніі Змітраковіч, пераможцы ў намінацыі “Навука”, стала аналітычнае чытанне. Гэта і не дзіўна: з дзяцінства дзяўчына шмат чытала. І зараз яна бярэ кнігі і гадзінамі можа праседжваць у бібліятэцы. Стэфанія жартуе, што вялікі страх для яе — зайсці ў кнігарню і “спусціць” усе грошы на кніжныя навінкі.

Пасля здачы першай сесіі выкладчыца Алена Цвірко запрасіла студэнтаў да ўдзелу ў студэнцкай канферэнцыі. Дзяўчыне гэта падалося цікавым, яна вырашыла паспрабаваць: па-першае, было шмат матэрыялу для аналізу (можна было браць любы твор з прачытаных і прапанаваць сваю ўласную інтэрпрэтацыю, незалежную ад аўтарскай); па-другое, гэта быў своеасаблівы выклік, бо раней студэнтка падобным не займалася. Гэтае выступленне дало ёй усведамленне таго, што трэба ісці ў выбраным кірунку і не баяцца прапаноўваць ідэі.

У наступным годзе гісторыя паўтарылася, аднак цікавасць да навукі ў дзяўчыны падтрымала ўжо іншая выкладчыца — Аксана Улановіч. Яна адразу захапіла дзяўчыну незвычайным падыходам да вывучэння “Закінутага свету” Артура Конан Дойля — любімага з дзяцінства рамана дзяўчыны. Выкладчыца адразу адзначыла, што трэба вельмі сур’ёзна ставіцца да работы, таму напачатку Стэфанія сумнявалася, ці трэба ёй гэта наогул.

— Мне захацелася рабіць нешта ўнікальнае, непаўторнае і падаваць гэта ў такой форме, каб тыя, хто будзе чытаць маю работу, не засыналі на другой старонцы. Існуе такі стэрэатып, маўляў, навука — гэта нудна, нецікава і занадта сур’ёзна, і займацца ёй могуць толькі нудныя, нецікавыя і звышсур’ёзныя людзі. Я была пераканана, што яго трэба зламаць, і занялася даследаваннем гумару, — успамінае Стэфанія.

На 3 курсе дзяўчыне стала цікава адказваць на пытанні “Чаму людзі жартуюць” і “Ці ва ўсіх “жартаўнікоў” свету гэты механізм аднолькавы?” Так, па словах Стэфаніі, пачалася самая захапляльная частка яе даследаванняў: яна спрабавала зразумець і зафіксаваць асаблівасці ўспрымання гумару на роднай і замежных мовах. Дзяўчына вырашыла правесці эксперымент: адабраўшы дзесяць найбольш выразных англамоўных жартаў, дала прааналізаваць іх і іх рускую версію студэнтам-перакладчыкам. Калі атрымала вынікі, была ўражана: па-першае, мова цалкам мяняе ўспрыманне жартаў, нават калі яны і не апісваюць нацыянальныя асаблівасці; па-другое, гумар ніколі нельга ацаніць адназначна, паколькі ў кожнага індывідуальная сістэма ацэнкі камічнага.

— Мне вельмі пашанцавала працаваць з Аксанай Іванаўнай, — расказвае студэнтка. — Яе парады і энергія значна паўплывалі на мяне. За 4 гады сумеснай работы я неаднойчы дзівілася працаздольнасці майго навуковага кіраўніка, ініцыятыўнасці, рашучасці і адкрытасці да ўсяго новага — усім тым якасцям, якія я вельмі цаню ў людзях.

Адпачыць ад насычанага навуковага жыцця і вучобы Стэфаніі дапамагае маляванне, якое ў дадатак да ўсяго дапамагае ёй пазбавіцца непрыемных пачуццяў. Але самым любімым заняткам студэнтка называе прагулкі па горадзе.

— Лічу, што час ад часу кожнаму з нас проста неабходна выбірацца на такія прагулкі з самім сабой, — разважае мая суразмоўніца. — Гэта дапамагае вырашыць многія праблемы і захаваць душэўны спакой. А ў будучыні мне хочацца лепш пазнаёміцца з Беларуссю і аб’ехаць свет. Для мяне падарожжы — крыніца прыгод і новых знаёмстваў, таму я ніколі не адмоўлюся ад паездак. Калі ж гаварыць пра навуковую працу, хацелася б даследаваць камічную культуру беларусаў і наш нацыянальны гумар.

Галоўнае — быць шчаслівым


Хрысціны Канановіч.

Лідарскія якасці студэнткі выпускнога курса юрыдычнага факультэта Хрысціны Канановіч з’явіліся і развіліся дзякуючы бацькам. На працягу свайго жыцця яна бачыла прыклад і ў іх словах, і ў паводзінах — менавіта маці і бацька ўвасобілі яе ідэал паспяховага чалавека. А пасля, ужо ва ўніверсітэце, Хрысціна зразумела, чаго хоча і да чаго будзе імкнуцца. Студэнцкія гады прынеслі вялікую колькасць магчымасцей для рэалізацыі ідэй, яна пачала заўважаць водгук з боку іншых студэнтаў: дзяўчыну слухалі, ёй давяралі, за ёй ішлі.

— Для мяне лідарства — уменне дасягаць сваіх мэт і натхняць на гэта іншых, весці за сабой; у шумнай камандзе звярнуць увагу на свой шэпт і з’яднаць яе, — расказвае будучы юрыст.

Па словах пераможцы ў намінацыі “Лідар”, яна ніколі не імкнулася да першынства, толькі рабіла тое, да чаго гарнулася душа.

— Мае сябры заўсёды дзівяцца, адкуль ува мне столькі сіл і энергіі. Часта даводзіцца чуць, што размеркаваць 24 гадзіны ў сутках так, каб удзяліць час усяму запланаванаму і не адступіць ад намечанага плана ні на крок — вялікі талент, — прызнаецца чацвёртакурсніца.

“Крок за крокам можна дасягнуць поспеху” — менавіта гэтую “формулу” дзяўчына прымяняе да ўсіх бакоў свайго жыцця, да ўсіх спраў, якімі займаецца. Хрысціна пераканана: самае галоўнае ў жыцці, што павінен паспець кожны, — пабыць шчаслівым.

— Кожны чалавек імкнецца да шчасця. У гэтае зборнае азначэнне кожны ўкладвае свой сэнс. На розных этапах жыцця шчасце складваецца з розных цаглінак, і тое, што будзе карысным для мяне праз 10 гадоў, прадказаць вельмі складана, — гаворыць Хрысціна.

Студэнтка заўсёды любіла танцаваць. Танцы для яе — крыніца энергіі, аддушына, тое, што напаўняе яе новымі ідэямі. Гэты занятак, па словах Хрысціны, ніколі не быў лішнім, бо заўсёды пазбаўляў будзённасці. Яна знайшла сябе і як кіраўнік студэнцкага танцавальнага калектыву, цяпер перадае любоў да танцаў іншым.

— Калі я атрымала ўзнагароду, першай думкай стала: “Атрымалася!”, — дзеліцца актывістка. — Гэта не было нечакана. Пра нечаканасць можна гаварыць толькі тады, калі нешта дастаецца раптоўна ці без асаблівых намаганняў. У маім выпадку ўзнагарода — гэта вынік карпатлівай працы і, калі-нікалі, бяссонных начэй.

Хрысціна адзначае, што яна перастала б быць сабой, калі б спынялася на дасягнутым. Яе галоўная мэта — даказаць сабе, што яна нешта можа.

— Для мяне кожны дзень асаблівы, — прызнаецца будучы юрыст. — Я даўно ўсвядоміла, што нельга дзяліць жыццё на добрыя ці дрэнныя моманты. Усё гэта — новыя пачуцці, эмоцыі і перажыванні, новыя знаёмствы і сустрэчы. Гэта расчараванні, падзенні і шышкі. Адным словам, бясцэнны вопыт у маю жыццёвую скарбонку.

Патэнцыял чалавека невычарпальны


Вікторыя Антонава

Студэнтка 3 курса гістарычнага факультэта БДУ Вікторыя Антонава — яскравае сведчанне таго, што спорт — дзейнасць не толькі для хлопцаў (яна стала першай у намінацыі “Спорт”).

Самой дзяўчыне цяжка характарызаваць сябе, але пры знаёмстве з ёй нават новае вока бачыць невычэрпны аптымізм, адкрытасць і шырокую ўсмешку, якая перадаецца навакольным. Віка гаворыць, што сябры лічаць яе прабіўной — гэта, з аднаго боку, вынік прафесійнага спартыўнага мінулага, з другога — падарунак прыроды.

— Аддаючы сябе спорту, разумееш, што трэба няспынна развівацца, рухацца, дасягаць, перамагаць, не адчайвацца праз непрыемнасці і няўдачы, заўсёды ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, — разважае студэнтка. — За кошт таго, што многае было дадзена ад прыроды, мне многага ўдалося дасягнуць у спорце. Гэта і ў жыцці здорава дапамагае. Здараюцца сітуацыі, дзе можна было б і саступіць, але, калі ў мяне ёсць мэта, я не збіраюся гэтага рабіць. Так што ў спорце я пастаянна!
Вікторыя Антонава спецыялізуецца на настольным тэнісе. Яе тата прысвяціў гэтаму віду спорту 45 гадоў, ім займаецца і малодшая сястра нашай гераіні. Матуля для Вікторыі — надзейны тыл: яна заўсёды сустракае са спаборніцтваў, клапоціцца, суцяшае, як можа, калі бываюць паражэнні. І зараз тата па-мужчынску стрымана звяртае ўвагу дачкі на тэхнічныя моманты, а матуля лагодна прытуляе да сябе, дае магчымасць выплакацца на плячы.

— У нас у сям’і павінен быў нарадзіцца хлопчык Віктар, а нарадзілася я, — жартуе спартсменка. — Прыйшла на тэніс у 5 гадоў, мне спадабалася. У падлеткавым узросце я нешта незадаволена бурчала пра тое, што не хачу займацца, але гэта прайшло само па сабе. Прафесійна настольным тэнісам я займалася 13 гадоў, так што не такі гэта ўжо і мужчынскі від спорту.

Пасля паступлення ва ўніверсітэт часу на заняткі стала менш, але дзяўчына не перастае шліфаваць свае навыкі: трэніруецца ў секцыі БДУ, выступае за родны факультэт і ўніверсітэт. База, атрыманая раней, вельмі дапамагае. А натхняюць Вікторыю гісторыі людзей, якія нечага дасягнулі. Яна пераканана, што калі атрымалася ў іх, абавязкова атрымаецца і ў іншых.

За гады вучобы ва ўніверсітэце Віка паспела вельмі многа (ёй нават удалося перавесціся з аднаго падраздзялення БДУ на другое — студэнтка спачатку паступіла ў Інстытут імя Сахарава). Цяпер жа яна хацела б прысвяціць час сабе, самаразвіццю. Планы Вікторыя ставіць далёка наперад: пастаянна шукае сябе. Студэнтка прызнаецца, што гэта закладзена ў яе характары, праз які ёй пастаянна не хапае новых уражанняў, цягне да новага. “Для душы” дзяўчына займаецца маляваннем.

— Бывае, сядзеш маляваць у 9 раніцы, пасля падымаеш галаву: нічога сабе, ужо 9 вечара! Было б нядрэнна нешта паесці! — смяецца Вікторыя і амаль што адразу сур’ёзна дадае: — Хочацца ўмець рабіць многае. Некаторыя тэхнічныя рэчы не атрымліваюцца, але я спрабую. Пераканана, што патэнцыял чалавека невычарпальны: гэта мой дэвіз па жыцці. Калі ты нечага захочаш — даб’ешся ўсяго. Галоўнае — уседлівасць і працавітасць.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.