Школа беларусістыкі: новае, захапляльнае, нязведанае

- 10:57Вышэйшая школа

На базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы пачаўся трэці сезон міжнароднай летняй школы беларусістыкі, што прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Мерапрыемства ладзіцца пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ.

Па словах арганізатараў, навучанне будзе праходзіць па трох праграмах рознай цяжкасці (А — нізкая ступень, В — сярэдняя, С — высокая). Кожная з праграм уключае ў сябе лекцыйныя і практычныя заняткі па фанетыцы, граматыцы, лексікалогіі, а таксама спецыяльныя модулі, што закранаюць шматлікія аспекты мовы, гісторыі і культуры Беларусі. Асобны блок заняткаў будзе прысвечаны паглыбленаму знаёмству з выдавецкай дзейнасцю Францішка Скарыны, асэнсаванню яе ролі ў культуры славянскіх народаў.

Для тых, хто жадае вывучаць беларускую мову з самага пачатку, сёлета створаны дзве групы. Таксама арганізатары прадугледзелі асабістыя кансультацыі з выкладчыкамі.

— Мы больш сістэмна ў гэтым годзе падыходзім да падзелу на групы — гэта называецца ўзроўнева-кампетэнтнасны падыход, — расказала дырэктар міжнароднай летняй школы беларусістыкі прафесар кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ Лідзія Сямешка. — Канцэпцыя школы звязана з распрацоўкай стандарту выкладання беларускай мовы як замежнай.

Па словах Лідзіі Іванаўны, летась арганізатары школы беларусістыкі цалкам распрацавалі праграму для ўзроўню А1, выдалі па ёй лексічны мінімум, сёлета з’явіцца праграма для ўзроўню А2. Праграмы для ўзроўняў В1 і В2 пакуль не завершаны, друкаваных матэрыялаў па іх няма. Што да груп С1 і С2, то іх навучэнцам прапануецца абмеркаванне пэўных праблем: звычайна госці з такім узроўнем ведаў — гэта беларусы з замежжа, якія добра ведаюць мову. Многія з іх самі выкладаюць беларускую мову за мяжой, і іх цікавіць методыка выкладання. Ім даецца магчымасць наведаць іншыя аўдыторыі і паглядзець, як праходзіць падрыхтоўка на розных узроўнях.

— Адметна, што сёлета ў нас з’явіліся валанцёры-выкладчыкі, у якіх ёсць свае неапрабаваныя напрацоўкі, — адзначыла Лідзія Сямешка. — А тыя, хто ў мінулым годзе быў у нас стажорам, сёлета самі правядуць заняткі.

Геаграфія школы на дзіва багатая: слухачамі сталі 60 прадстаўнікоў з Японіі, Венгрыі, Чэхіі, Іспаніі, Румыніі, Латвіі, Польшчы, Славакіі, Расіі, Грузіі, Швецыі, Сербіі, Кітая і Германіі. Сярод іх спецыялісты ў галіне беларусістыкі і славістыкі, выкладчыкі ўстаноў адукацыі, аспіранты, студэнты, перакладчыкі і беларусы замежжа.

Японец Юзік Сумі прыехаў у Беларусь з Румыніі. Малады чалавек наведаў краіну другі раз. Упершыню ён убачыў Мінск чатыры гады назад, не валодаючы ні рускай, ні беларускай мовай. Юзік Сумі зацікавіўся беларускай мовай, калі пачаў вучыцца ў Будапешце.

— Мне хацелася вывучыць якую-небудзь са славянскіх моў, да таго ж вельмі спадабалася беларуская. Мая выкладчыца беларускай мовы з Будапешта вельмі паспрыяла гэтаму сваімі захапляльнымі лекцыямі. Яна ж і расказала мне пра магчымасць паехаць на летнюю школу ў Мінск, — расказаў Юзік Сумі. — Першы раз я быў у Беларусі зімой, таму не змог шмат чаго ўбачыць, зараз усё змянілася”.

Адзінае, што пакуль не зусім удалося Юзіку Сумі, — наладзіць камунікацыю з усімі ўдзельнікамі. Але малады чалавек перакананы, што гэта толькі справа часу.

Сваімі ўражаннямі ад школы падзяліўся і выкладчык Каміль Дворнік з Польшчы. Вопыт удзелу ў такога кшталту мерапрыемствах у яго багаты: малады чалавек наведваў падобныя мерапрыемствы ва Украіне і ў Германіі. Госць ведае, акрамя сваёй мовы, рускую і ўкраінскую.

— Беларусь — гэта краіна-суседка, і я хацеў пашырыць свае веды пра яе, — расказвае Каміль. — Увосень я выпадкова ў інтэрнэце патрапіў на інфармацыю пра школу беларусістыкі і пачаў чакаць гэтага года. Я ўпершыню ў Беларусі, але мне ўжо спадабаўся ваш Дзень Незалежнасці. Тое, што людзі святкуюць яго разам, а не па групках. Мяне ўразіла ваша еднасць.

Нязмушанай і шчырай атмасферай летняй школы беларусістыкі ўзрадаваны не толькі ўдзельнікі, але і валанцёры.

— Мець зносіны па-беларуску з людзьмі з іншых краін — магчымасць унікальная, — пераканана студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта БДУ Марыя Жмайлік. — У мяне ёсць жаданне дапамагчы людзям у вывучэнні беларускай мовы, бо сама яе бязмежна люблю. Ідэя пабыць у якасці валанцёра захапіла мяне адразу, цікавіцца школай беларусістыкі ў арганізатараў, валанцёраў і выкладчыкаў пачала яшчэ з мінулага года. Мае спадзяванні і рэальнасць цалкам супалі: кожны дзень — гэта свята. Разам з нашымі гасцямі я таксама адкрываю для сябе нешта новае, захапляльнае, нязведанае. Радуе тое, як замежнікі матываваны вывучаць нашу мову. Зносіны з імі заахвочваюць і нас да вывучэння замежных моў.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.