Новы экспанат папоўніў багатыя фонды (больш за 2000 экспанатаў) народнага музея гісторыі сярэдняй школы № 1 Ашмян. Макет старога будынка школы, са сцен якой з 1929 па 1997 год выйшла не адно пакаленне вучняў, выканаў і падарыў музею Дзяніс Сяргеевіч Чакуноў. Сустрэчу з ім для старшакласнікаў арганізавала кіраўнік школьнага музея Рамуальда Іосіфаўна Ануфрыева.
І хаця сам Дзяніс Сяргеевіч не выпускнік сярэдняй школы № 1 (тут, у 6 класе, вучыцца яго сын Ілья), ён упэўнены, што гісторыю сваёй установы трэба ведаць. Менавіта таму ў 2014 годзе ў рамках конкурсу праектаў спагадлівы тата адгукнуўся на заклік настаўніцы пачатковых класаў Алены Станіславаўны Чаплінскай, разам з якой тады было вырашана зрабіць макет сучаснага будынка школы. Праект удаўся, а разам з тым узнікла ідэя ўвекавечыць стары будынак школы, бо менавіта тут былі напісаны першыя старонкі гісторыі сярэдняй школы № 1.
Былыя выпускнікі, педагогі, якія працавалі ў старым будынку, і сёння ўспамінаюць дружную школьную амаль тысячную сям’ю, заняткі ў дзве з паловай змены, традыцыйныя справы піянерскай дружыны, педагагічныя нарады, якімі бліжэй да ночы заканчваўся працоўны дзень… Усё гэта, канечне, складана перадаць з дапамогай канструкцыі, аднак спраектаваны макет захаваў дух часу. Выкананы ў маштабе 1:100, ён да самых дробязей адпавядае арыгіналу. У аўтара работы Дзяніса Сяргеевіча пры яго стварэнні была магчымасць усебакова вывучыць будынак. Інжынер па адукацыі, ён грунтоўна падышоў да справы. Перш чым пачаць работу, зрабіў неабходныя замеры, правёў адпаведныя падлікі, пры стварэнні загатовак некалькі разоў прыходзіў да старога будынка школы, каб улічыць усе дробязі.
“Вельмі многа часу ідзе на стварэнне загатовак, — падзяліўся Дзяніс Сяргеевіч. — Канечне, на розных сайтах можна купіць неабходныя дэталі, а потым, быццам канструктар LEGO, збіраць макет. Аднак было вырашана выкарыстоўваць толькі даступны матэрыял”. Так у аснову канструкцыі ляглі папера, кардон, дрот, свінец (для помніка ў двары школы), а таксама рыс, паралон, дробны наждак, драўляныя шпажкі, фарбы і іншыя падручныя матэрыялы. На стварэнне макета пайшло ў выніку каля паўгода свабоднага ад работы часу. А працуе Дзяніс Сяргеевіч адміністратарам сеткі ў пункце пропуску “Каменны Лог” Ашмянскай мытні. Адказная работа не перашкаджае любімаму сямейнаму хобі: разам з жонкай яны робяць эксклюзіўныя навагоднія касцюмы. У іх калекцыі ўжо ёсць індзеец, Ілья Мурамец, рымскі воін, самурай, архангел.
У найбліжэйшых планах Дзяніса Чакунова — перарабіць макет першай школы, створаны ў 2014 годзе, з улікам больш моцных і сучасных матэрыялаў, а там, хто ведае, можа, на замак хопіць рашучасці замахнуцца.
Людміла КОЗЕЛ.
Фота Аляксандра НАВУМЧЫКА.