З набліжэннем новага навучальнага года перад бацькамі паўстае пытанне: як танна і практычна апрануць дзіця ў школу? У савецкія часы такой праблемы не існавала, таму што абмежаванасць выбару не садзейнічала развіццю індывідуальнага стылю адзення. На ўсёй савецкай прасторы існавала адзіная школьная форма.
У наш час сітуацыя кардынальна змянілася. Сучасныя беларускія прадпрыемствы могуць прапанаваць свайму пакупніку шырокі асартымент адзення дзелавога стылю, якое адрозніваецца не толькі колерам і кроем, але і тканінай, з якой выраблена. Такім чынам, зараз адзенне дзелавога стылю цалкам адпавядае модным тэндэнцыям. Адсюль паўстае пытанне: для чаго патрэбна форма, калі яна мала чым адрозніваецца ад адзення дзелавога стылю? Яго задаюць сабе бацькі, якія супраць школьнай формы. Свой пратэст яны часта тлумачаць аднабаковасцю прызначэння такога адзення.
Але навукоўцы яшчэ ў канцы ХХ стагоддзя правялі даследванне, якое паказала, што вучні школ, дзе ўведзена адзіная форма, дасягаюць большых поспехаў у навучанні, чым навучэнцы тых школ, дзе адзінай формы няма і дазволена апранаць любое адзенне. Эксперты ўпэўнены: справа ў тым, што дзеці не адцягваюць увагу на абмеркаванне адзення, форма настройвае іх на больш сур’ёзныя паводзіны ў сценах навучальнай установы і скарачае час, які траціцца на вызначэнне, у чым сёння пайсці на заняткі. І, вядома, на думку экспертаў, дзеці трацяць гэты сэканомлены час на тое, каб зрабіць урокі. Таксама, дзякуючы школьнай форме, значна паляпшаюцца паводзіны навучэнцаў і ўзаемаадносіны паміж імі, бо агульная школьная форма дапамагае ім адчуць сябе сацыяльна роўнымі. Галоўны аргумент, які прадстаўляюць прыхільнікі школьнай формы, — яе практычнасць і магчымасць нядрэнна сэканоміць на вялікім і не заўсёды патрэбным гардэробе. Для бацькоў дастаткова купіць два камплекты школьнай формы, якія навучэнец будзе апранаць на змену і пры гэтым выглядаць акуратна.
Такім чынам, школьная форма з’яўляецца для навучэнца гарантам поспеху, а для бацькоў — вырашэннем шматлікіх праблем.
Ганна СТРЫЖАКОВА,
класны кіраўнік Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.