Школьны кірмаш на Бульвары Надзей

- 13:11Нам пішуць

Шосты школьны дзень у сярэдняй школе № 6 Смаргоні заўсёды напоўнены цікавымі падзеямі, мерапрыемствамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Не стаў выключэннем і суботні дзень 25 лістапада. Другі раз у школе прайшоў дабрачынны кірмаш-продаж сувенірнай прадукцыі членаў школьных аб’яднанняў па інтарэсах, школьнай бізнес-кампаніі BySix. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства сталі бацькоўскі камітэт школы і савет старшакласнікаў.

У гэтым навучальным годзе кірмаш пашырыў свае межы і прайшоў у нетрадыцыйным фармаце. Удзел у кірмашы прымалі ўсе класы. Нашы вучні актыўна падышлі да арганізацыі і правядзення кірмашу. Вучні самастойна майстравалі розныя вырабы, сувеніры, упрыгажэнні. Усім хацелася прыемна здзівіць аднакласнікаў. Былі арганізаваны майстар-класы, якія праводзілі бацькі вучняў па складанні букетаў з цукерак, вырабе дэкаратыўных паштовак.

Таксама ўпершыню прайшла выстава-продаж сувенірнай прадукцыі членаў школьных аб’яднанняў па інтарэсах “Вясёлыя самаробкі”, “Мастацтва рукадзелля”. Тут былі вышыўка і вырабы з салёнага цеста, пацерак і многае іншае. На выставе-продажы пабывалі не толькі вучні, іх бацькі, настаўнікі, але і сваякі, знаёмыя, сябры.

У дзень кірмашу было сабрана 130 рублёў, якія пойдуць на пераднавагоднія дабрачынныя акцыі, набыццё школьнай мэблі. Дабрачынны кірмаш прайшоў з поспехам, падарыў незабыўныя ўражанні, надзею на новыя сустрэчы. Усё ж невыпадкова адрас школы — Бульвар Надзей, 67.

Ірына ВЯРШКОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Смаргоні.