Школьны падручнік: асноўная крыніца інфармацыі і надзейны навігатар

- 10:20Людзі адукацыі

У 2021/2022 навучальным годзе завяршаецца абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі. Новыя вучэбныя праграмы і распрацаваныя ў адпаведнасці з імі вучэбныя дапаможнікі ўводзіліся ў адукацыйны працэс паэтапна. Як складваецца сітуацыя сёння? Пра гэта мы вядзём гутарку з дырэктарам Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянцінай Васільеўнай ГІНЧУК.

— Сапраўды, пачынаючы з 2015/2016 навучальнага года мы паэтапна абнавілі вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах для 1—11 класаў. У 2021/2022 навучальным годзе па новых праграмах вучацца нашы 11-класнікі. Для распрацоўкі новых вучэбных праграм былі створаны рабочыя групы, у якія на парытэтнай аснове ўвайшлі навукоўцы, метадысты, настаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля распрацоўкі ўсе вучэбныя праграмы абмяркоўваліся ў творчых групах настаўнікаў-прадметнікаў на базе АПА і АІРА, дапрацоўваліся з улікам іх заўваг і прапаноў і ў выніку былі зацверджаны.

У адпаведнасці з новымі вучэбнымі праграмамі распрацоўваліся новыя вучэбныя дапаможнікі. На сённяшні дзень усе вучэбныя дапаможнікі для 1—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а іх усяго 217, абноўлены. Але гэта не значыць, што работа над імі будзе спынена. У савецкім вучэбным кнігавыданні існавала добрая практыка ўдасканалення падручнікаў пры падрыхтоўцы іх да перавыдання. Некаторыя падручнікі вытрымлівалі па 20 і больш перавыданняў і з кожным разам станавіліся ўсё лепшымі. Мы гэтую практыку захавалі. Усе вучэбныя дапаможнікі праходзяць доследную праверку, у якой удзельнічаюць педагогі. Працуючы на працягу навучальнага года з канкрэтным вучэбным дапаможнікам, яны прапаноўваюць па яго змесце свае заўвагі, якія тычацца тэкстаў параграфаў, фармулёвак азначэнняў паняццяў, ілюстрацыйных матэрыялаў, пытанняў і заданняў. Усе заўвагі па выніках доследнай праверкі абагульняюцца і сістэматызуюцца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. Мы арганізуем круглыя сталы з аўтарамі, метадыстамі, педагогамі, якія ўдзельнічалі ў доследнай праверцы, і вызначаем напрамкі дапрацоўкі і ўдасканалення вучэбных дапаможнікаў.

Сёння ўсе педагагічныя работнікі, бацькі школьнікаў маюць магчымасць прыняць удзел ва ўдасканаленні школьных падручнікаў. Для гэтага мы праводзім анлайн-анкетаванні педагогаў, вучняў, іх бацькоў, каб пачуць меркаванні аб новых вучэбных дапаможніках, вызначыць напрамкі дапрацоўкі і ўдасканалення. Акрамя таго, з 2015 года на нацыянальным адукацыйным партале (adu.by) створаны раздзел “Новыя падручнікі. Новыя вучэбныя праграмы”. Кожны жадаючы можа выказаць свае заўвагі і прапановы па вучэбных праграмах і падручніках, звярнуўшыся на інфалінію партала. Тут жа можна задаць пытанне аўтару любога вучэбнага дапаможніка па змесце. Мы адкрыты да канструктыўнага ўзаемадзеяння з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Усе канкрэтныя заўвагі і прапановы своечасова перадаюцца аўтарам вучэбных выданняў і разглядаюцца пры падрыхтоўцы дапаможніка да перавыдання.

На сённяшні дзень усе вучэбныя дапаможнікі для 1—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а іх усяго 217, абноўлены. Але гэта не значыць, што работа над імі будзе спынена.

— Валянціна Васільеўна, як фарміруюцца аўтарскія калектывы па распрацоўцы новай вучэбнай літаратуры? Хто ўваходзіць у іх склад?

— Сярод аўтараў новых вучэбных дапаможнікаў, якія выдадзены ў 2015—2021 гадах, — 18 дактароў навук, 169 кандыдатаў навук, 38 метадыстаў, 52 настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Аўтарскі склад быў сфарміраваны з пераможцаў конкурсу на стварэнне новых вучэбных дапаможнікаў, які праводзіўся ў 2015—2019 гадах. Запрашэнні да ўдзелу ў конкурсе Нацыянальны інстытут адукацыі накіроўваў у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў, установы вышэйшай адукацыі, дзе функцыянуюць адпаведныя кафедры. Такія запрашэнні да ўдзелу ў конкурсе публікаваліся таксама ў “Настаўніцкай газеце” і на нацыянальным адукацыйным партале. Мы невыпадкова падключалі да супрацоўніцтва шырокае кола ўстаноў. Тым самым мы адбіралі для вельмі адказнай справы — стварэння школьных падручнікаў — сапраўдных прафесіяналаў, якія ведаюць вучэбны прадмет, методыку навучання гэтаму прадмету, псіхалогію навучання і выхавання дзяцей канкрэтнага ўзросту. Як паказаў вопыт, найбольш паспяховымі сталі менавіта тыя аўтарскія калектывы, у якіх аб’ядналіся вучоныя, метадысты і настаўнікі-практыкі.

— Хто яшчэ, акрамя аўтараў, прымае ўдзел у стварэнні вучэбных дапаможнікаў?

 — Стварэнне школьнага падручніка — складаны, шматэтапны працэс. Разам з аўтарамі, якія непасрэдна распрацоўваюць рукапіс будучага вучэбнага дапаможніка, у гэтым працэсе ўдзельнічаюць спецыялісты, якія праводзяць экспертную ацэнку вучэбных дапаможнікаў. Усе вучэбныя дапаможнікі па вучэбных прадметах праходзяць шматступеньчатую экспертызу: праверку на адпаведнасць зместу вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце; рэцэнзаванне навукоўцамі УВА, НАН Беларусі, метадыстамі, настаўнікамі-практыкамі. Акрамя таго, праводзіцца псіхолага-педагагічная экспертыза вучэбных дапаможнікаў на адпаведнасць узроставым пазнавальным асаблівасцям навучэнцаў; разгляд і аналіз рукапісаў вучэбных дапаможнікаў на пасяджэннях прадметных секцый, прэзідыума і бюро Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі. Вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, грамадазнаўстве, беларускай і рускай літаратуры, геаграфіі Беларусі разглядаюцца на пасяджэннях секцый і бюро Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў у грамадазнаўча-гуманітарнай сферы, склад якой зацвярджаецца распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Вучэбны дапаможнік па вучэбным прадмеце атрымлівае грыф “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь” або “Рэкамендавана навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Названыя грыфы прынцыпова важныя! Яны азначаюць, што вучэбнае выданне прайшло экспертызу і можа выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе.

У выпадку станоўчай ацэнкі на ўсіх названых этапах вучэбны дапаможнік па вучэбным прадмеце атрымлівае грыф “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Іншыя дапаможнікі для вучняў (рабочыя сшыткі, хрэстаматыі, атласы, контурныя карты і інш.) атрымліваюць грыф “Рэкамендавана навукова-метадычнай установай “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуць увагу педагогаў на тое, што названыя грыфы прынцыпова важныя! Яны азначаюць, што вучэбнае выданне прайшло экспертызу і можа выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе. Згодна з Кодэксам аб адукацыі Рэспублікі Беларусь (п. 9 арт. 94), толькі такія вучэбныя выданні могуць выкарыстоўвацца ва ўстановах адукацыі.

Сёння на кніжным рынку ёсць шмат іншай вучэбнай літаратуры, але без гэтых абавязковых грыфаў. Такая літаратура выдаецца выдавецтвамі самастойна, без прадстаўлення ў НІА на экспертызу. І калі вы купілі такое выданне, то прэтэнзій да яго якасці ні ў Міністэрства адукацыі, ні ў Нацыянальны інстытут адукацыі прад’яўляць не варта. Больш за тое, выкарыстанне такіх дапаможнікаў у адукацыйным працэсе неправамерна.

— Якая роля ў стварэнні школьных падручнікаў належыць выдавецтвам?

— Вельмі значная. Ад іх прафесіяналізму шмат у чым залежыць якасць вучэбнага дапаможніка. Вучэбныя дапаможнікі па вучэбных прадметах рыхтуюцца да выдання ў выдавецтвах дзяржаўнай формы ўласнасці. Сярод іх — “Адукацыя і выхаванне”, “Выдавецкі цэнтр БДУ”, “Вышэйшая школа”, “Народная асвета”, выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.

Дзякуючы прафесіяналізму выдаўцоў, нашы вучэбныя выданні былі высока ацэнены на нацыянальных і міжнародных конкурсах кнігавыдання і неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды. Напрыклад, прызёрамі Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД сталі нашы вучэбныя дапаможнікі “Развіццё маўлення” для 1 класа спецыяльных агульнаадукацыйных школ для дзяцей з парушэннем слыху і “Гісторыя Старажытнага свету” для 5 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У намінацыі “Падручнік новага стагоддзя” Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” ў перыяд з 2017 па 2020 год пераможцамі сталі вучэбныя дапаможнікі “Фізіка. 7 клас”, “Кітайская мова. 5 клас”, “Геаметрыя. 8 клас”, “Нямецкая мова. 3 клас”, “Гісторыя Старажытнага свету. 5 клас”, “Нямецкая мова. 4 клас”, “Англійская мова. 5 клас”. Хачу выказаць асобную ўдзячнасць усім выдавецкім прадпрыемствам за канструктыўнае супрацоўніцтва.

— Валянціна Васільеўна, раскажыце, якія асаблівасці характэрны для новых вучэбных дапаможнікаў. Што адрознівае іх ад папярэдняга пакалення вучэбнай літаратуры?

— У новых вучэбных дапаможніках у значнай меры прадстаўлены беларускі кантэнт. Гэта інфармацыя аб прыродных і культурных славутасцях Беларусі, дасягненнях беларускага народа ў розных галінах жыццядзейнасці, што з’яўляецца трывалай асновай для рэалізацыі выхаваўчай функцыі вучэбных выданняў. Большы акцэнт, чым раней, зроблены на практыка-арыентаваных заданнях і практыкаваннях, у якіх патрабуецца прымяніць засвоеныя веды для вырашэння вучэбных і жыццёвых задач (рамонт, пакупкі, наведванне музеяў і інш.).

У новых вучэбных дапаможніках актыўна выкарыстоўваюцца розныя формы прадстаўлення вучэбнай інфармацыі. Разам з традыцыйным тэкстам параграфа ў вучэбныя дапаможнікі ўключаны графікі, табліцы, дыяграмы, ілюстрацыі. Хацелася б, каб педагогі бачылі ў гэтым не ўпрыгажэнне старонак выдання, а крыніцу інфармацыі, правільна арганізоўвалі работу з такім матэрыялам, вучылі навучэнцаў здабываць з яго інфармацыю, інтэрпрэтаваць яе, крытычна ацэньваць і выкарыстоўваць для вырашэння вучэбных задач.

З 2015 года на нацыянальным адукацыйным партале (adu.by) створаны раздзел “Новыя падручнікі. Новыя вучэбныя праграмы”. Кожны жадаючы можа выказаць свае заўвагі і прапановы па вучэбных праграмах і падручніках, звярнуўшыся на інфалінію партала.

Ні адзін школьны падручнік не можа ўключаць дэталёвае апісанне ўсіх з’яў, падзей, якія вывучаюцца. Сучасны падручнік — гэта асноўная крыніца інфармацыі па вучэбным прадмеце, ён выконвае ролю навігатара. У новых вучэбных дапаможніках актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, QR-коды, дапоўненая рэальнасць, якія дазваляюць пашырыць веды вучняў па вучэбных пытаннях і арыентуюць іх у інфармацыйным полі. Усе вучэбныя дапаможнікі для 10—11 класаў распрацаваны для двух узроўняў вывучэння вучэбных прадметаў: базавага і павышанага. Базавы ўзровень рэалізаваны ў вучэбным дапаможніку на друкаванай аснове, павышаны — у выглядзе электроннага дадатку, які размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале ў раздзеле “Профільнае навучанне”. Як паказваюць вынікі анкетавання, электронным дадаткам карыстаюцца ў тым ліку і навучэнцы, якія вывучаюць вучэбны прадмет на базавым узроўні, калі ў іх узнікае цікавасць да тых ці іншых тэм вучэбнай праграмы.

— У пачатку верасня гэтага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя новага вучэбнага дапаможніка “Буквар” для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. Што ўласціва новаму выданню?

— З 1 верасня 2021 года навучанне чытанню вучняў 1 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання ажыццяўляецца па новым вучэбным дапаможніку. Ён падрыхтаваны да друку Выдавецкім цэнтрам Нацыянальнага інстытута адукацыі. У дапаможніку рэалізаваны сучасныя метадычныя падыходы да навучання чытанню, прадстаўленыя калектывам аўтараў: В.І.Свірыдзенка, дацэнтам кафедры беларускага і рускага мовазнаўства факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдатам педагагічных навук, і В.І.Цірынавай, вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі пачатковай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдатам педагагічных навук.

Адной з асаблівасцей гэтага вучэбнага выдання з’яўляецца яго ярка выяўлены нацыянальны кантэнт, які адлюстроўвае каштоўнасці культуры беларускага народа. Дадатковым інфармацыйным рэсурсам пры навучанні грамаце выступаюць мультыплікацыйныя фільмы, якія распрацаваны кінастудыяй “Беларусьфільм”. У новы вучэбны дапаможнік уключаны спасылкі на мультфільмы, прысвечаныя кожнай літары беларускага алфавіта.

Да новага навучальнага года аўтарамі “Буквара” падрыхтаваны вучэбна-метадычны комплекс, які ўключае прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне, вучэбныя дапаможнікі для вучняў, вучэбна-метадычныя дапаможнікі для педагогаў. З асаблівасцямі гэтага новага комплексу па вучэбным прадмеце “Навучанне грамаце” для 1 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання можна больш дэталёва азнаёміцца ў навукова-метадычным часопісе “Пачатковая школа”.

У адпаведнасці са зместам новага “Буквара”, настаўнікамі гімназіі № 23 Мінска распрацаваны матэрыялы для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу (eior.by).

Гутарку вяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.