Школьны пернік,

- 12:42Выхаваўчая прастора

або Як зрабіцьYouTube максімальна карысным

Маркетолагі лічаць відэа самым перспектыўным каналам перадачы інфармацыі: пакаленне Z вырасла на мульціках і цяпер ахвотна сочыць за жыццём відэаблогераў, пранкамі і чэленджамі. Відэахостынг YouTube пераўтварыўся ў паўнацэнную сацыяльную сетку, дзе можна гадзінамі спажываць гігабайты кантэнту і абмяркоўваць прагледжанае з іншымі.

Настаўнікі, якія стаміліся канкурыраваць з блогерамі за ўвагу дзяцей, часта скардзяцца на папулярнасць відэахостынгу. З ёй звязваюць і кліпавае мысленне, і праблемы са зрокам, і нерухомы лад жыцця школьнікаў. Каб зірнуць на пазітыўны бок медаля, мы пагутарылі з бацькам маленькага блогера і настаўніцай, якая завяла свой канал на YouTube.

На канале AOneCool можна знайсці папулярныя чэленджы, эксперыменты, лайфхакі, запісы камп’ютарных гульняў і проста ролікі пра штодзённае жыццё Арцёма. Найбольш папулярная публікацыя — віруснае відэа пра дамашняе заданне — сабрала 1,8 млн праглядаў. Хлопчык уважліва со-чыць за колькасцю праглядаў і падпісчыкаў, але радуецца толькі тады, калі за дзень-два ролік праглядзела больш за 2000 чалавек. А пачыналася ўсё з “выступленняў”, запісаных на бацькоўскі мабільнік.

— Арцём з трох гадоў сябе здымаў, — расказвае бацька блогера Павел Мікалаевіч. — Ёсць старыя запісы, дзе ён строіў з сябе рэпера ці яшчэ каго. Толькі трапляла ў рукі нешта новае — адразу расказваў пра гэта на відэа. Нават калі проста гуляў у тэлефоне, штосьці каментаваў сам сабе.

Арцём часта прасіў бацьку далучыцца да яго хобі, і аднойчы той здаўся: запісаў разам з сынам агляд новага канструктара. Відэа было доўгае, гаварыў хлопчык павольна. І нядзіўна: Арцёму тады было толькі 6 гадоў.

— Праз паўгода такіх запісаў змянілася маўленне, — згадвае бацька, — з’явілася хуткасць. Сёння многія пішуць у каментарыях, што ён занадта хутка гаворыць!

Праблемы з кантэнтам для маленькіх гледачоў пачаліся ў відэахостынгу ў лістападзе. Многія рэкламадаўцы (а менавіта яны забяспечваюць існаванне YouTube) разарвалі кантракты з кампаніяй, каб звярнуць увагу сэрвісу на дзіцячыя відэа. Гэтая катэгорыя ролікаў вельмі запатрабаваная, таму добра аплачваецца папулярным блогерам. І ў барацьбе за гледача яны гатовы здымаць сцэны насілля і небяспечных розыгрышаў, рэкламаваць няправільнае харчаванне і нездаровы лад жыцця.

Дзякуючы звароту кампаній-рэкламадаўцаў, з лістапада 2017 года YouTube не толькі абмяжоўвае доступ да відэа з такімі сцэнамі ці выдаляе яго зусім, але і блакіруе нават шматмільённыя каналы за загрузку матэрыялаў, што не адпавядаюць правілам публікацыі дзіцячага кантэнту.

Блогеры-пачаткоўцы спярша капіравалі кантэнт папулярных каналаў: зоркі YouTube часта запускаюць чэленджы (выклікі паўтарыць за імі пэўнае дзеянне) — ад аблівання халоднай вадой да начлегу ў зачыненым супермаркеце.

Але пасля Арцём з татам зразумелі, што гэта бессэнсоўна, і пачалі здымаць тое, што ў свеце блогераў называюць “лайфстайл” — замалёўкі пра штодзённае жыццё хлопчыка. Паказалі падпісчыкам дачу, “узялі” іх з сабой на прыроду.

— Апошнім часам YouTube вельмі жорстка кантралюе дзіцячы кантэнт, — тлумачыць Павел Мікалаевіч. — Напрыклад, было заблакіравана наша відэа, дзе Арцём даследуе, што знаходзіцца ўнутры цвёрдага дыска, таму што ён ужываў словы “разбіраць”, “ламаць”.

Зараз Арцём з бацькам здымаюць толькі пазнавальныя і забаўляльныя відэа. Але самастойна карыстацца нават такім бяспечным YouTube хлопчыку не дазваляюць: каментарыі “троляў” могуць пакрыўдзіць школьніка. Прыйшлося нават усталяваць спецыяльны фільтр, які блакіруе каментарыі з нецэнзурнымі словамі. Таму бацькі самі расказваюць сыну пра рэакцыю гледачоў на відэа, самі вядуць яго старонкі “УКантакце” і іншых сацыяльных сетках.

— Арцёму дазваляем толькі пагартаць фота ў Instagram ды пагутарыць з сябрамі ў Viber, — расказвае Павел Мікалаевіч. — Але час на гэтыя заняткі таксама абмежаваны, бо ў яго сіндром стомленага вока. Зрок слабее напрыканцы вучэбнага года, даводзіцца ўзнаўляць яго кожнае лета.

Па гэтай жа прычыне хлопчык не манціруе свае відэа сам: падрыхтоўка аднаго роліка можа займаць і 4, і 8 гадзін. Таму гэты абавязак узяў на сябе бацька.

— Мы з інтэрнэтам даўно на “ты”, цяпер прыйшлося вывучыць і мантажныя праграмы, а таксама купіць прафесійную фотатэхніку з оптыкай і мікрафонамі.

Да такіх укладанняў мусяць быць гатовы бацькі ўсіх маленькіх блогераў. Відэа без добрай стабілізацыі і якаснага гуку глядзець ніхто не стане. Ды перад пакупкай камеры абавязкова запэўніцеся, што цікавасць да блогінгу не знікне пасля першага ж відэа. Нават Арцёму час ад часу надакучвае здымаць ролікі. Матывуюць толькі каментарыі падпісчыкаў, якія чакаюць новае відэа.

— У рэальным жыцці Арцём таксама лідар, дзеці да яго цягнуцца, — лічыць Павел Мікалаевіч. — Многія пытаюць пра блог і просяць парады, калі самі пачынаюць нешта здымаць. Арцём скончыў на выдатна першы год музычнай школы, талент у яго ёсць. Мы жадаем, каб гэты канал стаў яго працай, каб ён гутарыў з падпісчыкамі, вандраваў, цікава праводзіў час.

Павел Мікалаевіч упэўнены, што, каб весці такі блог, трэба пастаянна развівацца і самаўдасканальвацца. А бацькам, якіх хвалюе, што іх дзеці шмат часу праводзяць на YouTube, рэкамендуе ўсталяваць прыладу “YouTube дзецям” і настроіць бацькоўскі кантроль.

Каб настроіць бацькоўскі кантроль, націсніце выяву замка ўнізе экрана, прыдумайце пароль і пасля выберыце патрэбныя функцыі. YouTube дазваляе абмяжоўваць доступ да пэўных каналаў і пошук відэа, мяняць гукавыя настройкі. Падчас асабістага карыстання камп’ютарам дарослыя могуць зняць усе абмежаванні і не захоўваць гісторыю прагляду.

Марына Аляксандраўна Кулакевіч скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і працуе выкладчыкам -выяўленчага мастацтва ў сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска. Камеру ў рукі ўзяла, калі прыйшла працаваць у школу (настаўніцу вельмі зацікавілі конкурсы відэаролікаў).

— Спачатку прайшоў конкурс ролікаў пра здаровы лад жыцця, пасля — пра самую лепшую прафесію (канечне, здымала пра настаўніка), далей было відэа на экалагічную тэму, — пералічвае Марына. — Прызавых месцаў мы не занялі, але на руках засталіся цікавыя работы, захацелася знайсці шлях да гледача.
Марына Аляксандраўна стварыла свой канал на YouTube, загрузіла ролікі і неўзабаве пачала здымаць відэа пра сваё жыццё.

— Я малады спецыяліст, і прыйшла ў школу два гады назад, — тлумачыць настаўніца, — таму свой блог цалкам прысвяціла тым, хто толькі скончыў універсітэт і збіраецца на працу. Расказвала, якія былі складанасці, як я знаёмілася са сваімі абавязкамі, як дапамагалі куратар і метадыст.

Хутка пра канал даведаліся вучні. Некаторыя нават з бацькамі паглядзелі блог маладога педагога, расказалі пра яго і іншым настаўнікам, якія таксама падтрымалі калегу. Так з’явіліся першыя падпісчыкі. Далучыліся школьнікі і да здымак. Вельмі хацелі трапіць у кадр, і Марына Аляксандраўна ім ніколі не адмаўляла.

— У роліку пра ўпрыгожванне школы да Новага года яны паўдзельнічалі вельмі ахвотна, — згадвае педагог. — Зараз у летнім лагеры буду працаваць, збіраюся зняць відэа для важатых і расказаць пра гульні на свежым паветры — таксама без дзяцей не спраўлюся.

На канале Марыны Аляксандраўны — відэа пра школьныя кірмашы і канцэрты, ідэі для ўрокаў, для творчасці. Першае, на што глядач звяртае ўвагу, — яго назва.

— “Школьны пернік” — гэта скарачэнне ад вядомага выразу “бізун і пернік”. Я хачу, каб на маіх уроках быў толькі пернік. Пернік салодкі і прывабны. Хачу, каб такімі ж прывабнымі былі ўрокі малявання і школа ў цэлым.

Настаўніца яшчэ толькі вучыцца здымаць і манціраваць відэа, на яе канале — не больш за 20 ролікаў. Марына Аляксандраўна ўпэўнена, што хутка іх будзе больш. Яна збіраецца шмат працаваць у гэтым кірунку, а школьнае жыццё дае цікавыя тэмы і ідэі.

— Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, бо я бачу, як яны развіваюцца, і не толькі ў маляванні, але і ў цэлым. Вельмі матывуе, калі атрымліваецца вырашыць канфліктную сітуацыю ў класе ці паўплываць на паводзіны вучня, таму пакідаць школу (і свой блог!) я не збіраюся.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістых архіваў і відэаролікаў герояў.