Шляхамі супрацоўніцтва

- 15:43Нам пішуць

«Нельга, каб дзіця сталела, абнаўляла сваё жыццё толькі ў школе або толькі ў сям’і. Калі мы хочам выхаваць у ім асобу, то ўсё яго асяроддзе, усе людзі, якія кіруюць гэтым працэсам, павінны складаць мэтанакіраванае выхаваўчае асяроддзе”. Гэтыя словы Ш. Аманашвілі сталі адным з кірункаў дзейнасці нашай установы адукацыі.

Тыдзень супрацоўніцтва стаў часткай вучэбнай і пазашкольнай дзейнасці ў Бярозавіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэты тыдзень пачаўся з цёплай маральна-асветніцкай сустрэчы навучэнцаў школы з настаяцелем Пакроўскай царквы в. Бярозавічы пратаіерэем Міхаілам. У час размовы святар Міхаіл адзначыў, што царква, сям’я і школа, дапамагаючы адно аднаму, вырашаюць самую цяжкую на зямлі задачу – задачу правільнага выхавання дзяцей і моладзі. Царква вучыць дзяцей шанаваць бацьку і маці, а ў школе множацца таленты, дадзеныя ад Бога. Сям’я ў сваю чаргу выхоўвае пачуццё глыбокай павагі да царквы і пачуццё адказнасці перад школай.Выдатным сродкам выхавання любові да кнігі, чытання ў дашкольным і малодшым школьным узросце з’яўляюцца літаратурна-музычныя святы, інсцэніраванне казак. Менавіта з гэтай мэтай навучэнцы 5-7 класаў падрыхтавалі і паказалі тэатралізаванае прадстаўленне “Прыгода ў казачнай краіне” для выхаванцаў дашкольнай установы адукацыі і навучэнцаў 1-4 класаў. У падарунак ад вучняў школы выхаванцы дашкольнай установы адукацыі атрымалі кнігі казак. 27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту, Дзень памяці яўрэяў – ахвяр нацызму . Не абышла бокам гэтая трагедыя і жыхароў Бярозавіцкага сельскага савета. Вучні сустрэліся са старажылам вёскі, сведкам дадзенай трагедыі. А ў памяць аб загінуўшых навучэнцы 9 класа правялі адкрытае пазакласнае мерапрыемства “Памяць пра Халакост – шлях да талерантнасці”. Вучні абмеркавалі вельмі важную для ўсяго грамадства праблему – праблему талерантнасці людзей адно да аднаго незалежна ад веравызнання, колеру скуры і іншых этнічных і культурных адрозненняў. У абмеркаванні праблемы прынялі ўдзел вучні 8-11 класаў. Пасяджэнне метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў адбылося на тэму «Традыцыйныя і нетрадыцыйныя формы ўзаемадзеяння з бацькамі навучэнцаў». Менавіта супрацоўніцтва сям’і і школы – аснова паспяховага адукацыйнага працэсу. У рамках тыдня супрацоўніцтва бацькі змаглі наведаць вучэбныя заняткі ў классе, дзе навучаецца іх дзіця. У сваю чаргу класныя кіраўнікі, настаўнікі – предметнікі правялі індывідуальныя гутаркі, кансультацыі з бацькамі.У шосты школьны дзень быў арганізаваны дзень здароўя «Спорт любіць – дужым і здаровым быць». Яго працягам сталі спартыўныя спаборніцтвы па шахматах, шашках, настольным тэнісе. Для гульні ў валейбол было сфарміравана тры каманды: навучэнцаў, педагогаў і бацькоў. І вельмі радуе, што перамогу атрымала каманда навучэнцаў.

Людміла БЕРАСЦЕНЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Бярозавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна.