Шчаслівыя дзеці, што з нецярплівасцю і захапленнем бягуць у школу, задаволеныя бацькі, якія актыўна бяруць удзел у мерапрыемствах, бадзёры настрой і карысць для ўсіх — такім выглядае ідэальны шосты школьны дзень. Магчыма, гэты ідэал, як і ідэал наогул, — недасягальны. Але імкнуцца да яго неабходна, таму ва ўстановах адукацыі бесперапынна працуюць над удасканаленнем арганізацыі работы ў шосты школьны дзень. На Міншчыне адным з важных крокаў у гэтай рабоце стаў цыкл семінараў “Рэгіянальная мадэль выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень: эфектыўная практыка і новыя падыходы”.
На працягу каляндарнага года семінары-нарады пройдуць у 7 раёнах Міншчыны, дзе спецыялісты будуць вывучаць мадэлі выхаваўчай работы, каб лепшыя знаходкі маглі ўзяць на ўзбраенне ўсе жадаючыя. Старт мерапрыемствам быў дадзены ў Валожынскім раёне.
— Работа ў шосты школьны дзень арганізоўваецца ўжо не першы год. Аднак сказаць, што праблем у гэтай рабоце няма, немагчыма. Ёсць што ўдасканальваць і над чым працаваць, — лічыць прарэктар па сацыяльнай і выхаваўчай рабоце МАІРА Святлана Казіміраўна Адамовіч. — Рэкамендацыі Міністэрства адукацыі пакідаюць для ўстаноў шырокае поле для дзейнасці, творчасці. Пэўная мадэль склалася і рэалізоўваецца ў кожным раёне і ўплывае на тое, як сістэма работы выбудоўваецца ва ўстановах адукацыі гэтага раёна. У кожным раёне ёсць станоўчы вопыт, які можна вывучаць і трансліраваць, тым самым удасканальваючы працу ўсіх устаноў адукацыі Міншчыны, краіны.
Удзельнікамі семінара-нарады ў Валожыне сталі намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі па выхаваўчай рабоце, педагогі-арганізатары. Мерапрыемства прадугледжвае комплексны падыход да пытання арганізацыі работы ў шосты школьны дзень: былі сістэматызаваны і актуалізаваны нарматыўныя прававыя патрабаванні, праведзены аналіз эфектыўнасці дзеючых мадэлей арганізацыі шостага школьнага дня ва ўстановах адукацыі, адбылося знаёмства з інтэрактыўнымі методыкамі работы з навучэнцамі, бацькамі, педагогамі.
Да практыкі праз тэорыю
Семінар-нарада прапанаваў тэарэтычную і практычную часткі. Падчас тэарэтычнай часткі перад удзельнікамі выступіла С.К.Адамовіч, прарэктар МАІРА па сацыяльнай і выхаваўчай рабоце. Святлана Казіміраўна расказала аб нарматыўным прававым забеспячэнні арганізацыі шостага школьнага дня, звярнула ўвагу на актуальныя дакументы. Таксама прарэктар спынілася на ролі, якая адводзіцца намесніку па выхаваўчай рабоце і адміністрацыі ўстановы ў арганізацыі работы па суботах, а таксама на тым, як наладзіць работу СППС у гэты дзень.
Прафарыентацыйная работа — актуальны від дзейнасці ў шосты школьны дзень, які таксама апынуўся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінара. Метадыст МАІРА Г.І.Юшкевіч прадставіла педагогам комплекс прафарыентацыйных заняткаў “Выбіраю профіль” і настольную гульню, якая падчас гэтых заняткаў можа прымяняцца. Гульнявая методыка разлічана на некалькі сустрэч з вучнямі. Адметна, што праводзіць заняткі з дапамогай распрацаванага комплексу можа не толькі педагог-псіхолаг, але і педагог сацыяльны, класны кіраўнік. Заняткі праходзяць у займальнай форме і дапамагаюць дзецям вызначыць свае здольнасці, больш даведацца аб прафесіях. Галіна Іванаўна паказала фрагмент заняткаў з удзельнікамі семінара, і яны змаглі ацаніць вартасць і пазнавальнасць гэтай прафарыентацыйнай гульні.
Цікавая і паспяхова дзеючая мадэль работы ў шосты школьны дзень склалася ў сярэдняй школе № 3 Нясвіжа. Тут дасягнулі вялікага працэнта ахопу навучэнцаў занятасцю, а мерапрыемствы праводзяцца змястоўныя і цікавыя. На семінар-нараду запрасілі прадстаўніка школы — намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы М.М.Макаўчык, якая расказала аб вопыце работы. “Ад цікавасці педагога да цікавасці навучэнца” — у гэтым, на думку Марыны Міхайлаўны, формула поспеху. Толькі асабісты прыклад педагога можа прыцягнуць увагу дзіцяці, захапіць яго любой дзейнасцю. У сярэдняй школе № 3 суботнія мерапрыемствы спланаваны так, каб кожны вучань мог наведаць не адно кропкавае мерапрыемства, а некалькі па чарзе, разнастайныя па змесце. Каб такая сістэма “спрацавала”, неабходна вялікая падрыхтоўчая работа і неабыякавы падыход тых, хто праводзіць заняткі. Акрамя мноства магчымасцей, што прапануюць педагогі школы, установа цесна супрацоўнічае з гарадскім басейнам, Нясвіжскім дзяржаўным каледжам і гарадскім маладзёжным цэнтрам. Там праводзяцца сумесныя мерапрыемствы, школьнікі наведваюць таксама мерапрыемствы, што прапаноўваюць гэтыя ўстановы.
Макет адзіны, змест розны
Калі з мадэллю работы на Нясвіжчыне ўдзельнікі семінара пазнаёміліся завочна, то работу, што вядзецца ў Валожынскім раёне, убачылі на свае вочы. Другая — практычная — частка прадугледжвала наведванне шэрага ўстаноў адукацыі і знаёмства з вопытам работы раёна. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама Вольга Анатольеўна Красоўская расказала аб асаблівасцях раённай мадэлі работы ў шосты школьны дзень. Работа вядзецца ў адпаведнасці з усімі нарматыўнымі патрабаваннямі. Вялікая ўвага ўдзяляецца інфармаванню дзяцей і бацькоў — у кожнай установе адукацыі ёсць спецыяльны інфармацыйны стэнд, дзе кожны аўторак вывешваюцца план работы, анонсы найбольш цікавых мерапрыемстваў на наступную суботу, яркія фотарэпартажы з папярэдніх мерапрыемстваў. Інфармаванне таксама адбываецца праз сайты ўстаноў, якія своечасова абнаўляюцца.
У Валожынскім раёне выпрацаваны адзіны макет плана работы ў шосты школьны дзень, дзе адлюстраваны ўсе асноўныя кірункі выхаваўчай работы на ўсіх ступенях навучання, узаемадзеянне з установамі сацыякультурнай сферы, дзейнасць факультатываў, работа аб’яднанняў, спецыялістаў службы СППС. У кожнай установе гэты макет запаўняецца рознымі мерапрыемствамі. Адзіны макет спрашчае работу па планаванні і аналіз праведзенай работы. Установам адукацыі рэкамендавана арганізоўваць тэматычныя суботы, зрабіўшы адзін з кірункаў выхаваўчай работы ў гэты дзень прыярытэтным. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай рабоце, мерапрыемствам па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Ва ўсіх установах адукацыі спартыўныя залы па суботах працуюць да васьмі гадзін вечара. Па суботах вядзецца мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа: праводзяцца экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна, вучні наведваюць дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Актыўна ў прафарыентацыйнай рабоце ўдзельнічае Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй.
Пэўныя складанасці пры арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, іх занятасці ў аб’яднаннях па інтарэсах, асабліва ў шосты школьны дзень, узнікаюць у тых установах, дзе значная частка вучняў жыве ў суседніх населеных пунктах і на заняткі ў буднія дні яны прыязджаюць з дапамогай арганізаванага падвозу. Такія дзеці не заўсёды маюць магчымасць і жаданне прыехаць у суботу ў школу. Каб вырашыць гэтую праблему, на Валожыншчыне ўмацоўваюць сувязі з рознымі ўстановамі сацыякультурнай сферы ў тых вёсках і мястэчках, дзе дзеці жывуць, а школы няма. У шосты школьны дзень мерапрыемствы для такіх школьнікаў праводзяцца на базе сельскіх цэнтраў культуры, бібліятэк, культурна-спартыўных цэнтраў. Арганізоўваюць іх педагогі школы, многія з якіх таксама жывуць у гэтых населеных пунктах, а таксама спецыялісты, што працуюць ва ўстановах, дзе ладзяцца мерапрыемствы. Прыклад такога ўзаемадзеяння ўдзельнікі семінара-нарады ўбачылі пры наведванні Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра. 30 працэнтаў дзяцей, што навучаюцца ў сярэдняй школе № 2 Валожына, прыязджаюць у школу з навакольных вёсак. Многія жывуць у аграгарадку Бабровічы, і кожную суботу тут праводзяцца мерапрыемствы. Кожная чацвёртая субота прысвечана сумесным мерапрыемствам з бацькамі. Удзельнікі семінара ў Бабровічах убачылі сямейнае свята “Мая сям’я — мая радасць”.
Цеснае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі дэманструе і Дорскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Заняткі для вучняў праводзяцца не толькі ў школе, але і ў Дорскім філіяле Івянецкай школы мастацтваў, Дорскім сельскім клубе, сельскай бібліятэцы. Усе гэтыя ўстановы знаходзяцца побач са школай, што вельмі зручна для дзяцей.
З веданнем запытаў сучасных школьнікаў
Педагогі Валожынскага раёна заўсёды ў пошуку новых форм работы для арганізацыі вольнага часу навучэнцаў па суботах. Напрыклад, у рамках рэалізацыі праекта “Валожыншчына слаўная мая” быў створаны экскурсійны кластар з 6 маршрутаў па Валожынскім краі. Каардынатарам работы выступіў ЦТДіМ Валожынскага раёна. На працягу года ўстановы адукацыі арганізоўваюць падарожжы па такіх экскурсійных маршрутах, як, напрыклад, “Дойлідства Налібоцкага краю”, “Зямля і неба Фердынанда Рушчыца”, “Ракава сівыя камяні” і інш. У ролі экскурсаводаў выступаюць школьнікі.
Чакаюць у школах і гімназіях дзяцей па суботах клубы па інтарэсах — інтэлектуальныя, сямейныя, клубы для навучэнцаў, якім патрэбна павышаная педагагічная ўвага. На базе ЦТДіМ дзейнічае сумесны з ДАІ цэнтр па вывучэнні правіл дарожнага руху “Святлафор” і псіхалагічны клуб “Зносіны”, арганізоўваюцца комплексныя мерапрыемствы, што ўключаюць у сябе правядзенне майстар-класаў, гульнявых праграм, тэматычных дыскатэк, у тым ліку выязных.
Таксама ў шосты школьны дзень рэалізуюцца праекты эканамічнай адукацыі навучэнцаў — дзейнічаюць 4 бізнес-кампаніі. Напрыклад, кампанія “Гліняны звон” вырабляе і рэалізуе сувеніры з гліны, кампанія “Свята і настрой” займаецца вытворчасцю паштовак. Дзеці на практыцы спасцігаюць усе этапы і нюансы стварэння і вядзення бізнесу.
Яшчэ з адной бізнес-кампаніяй удзельнікі семінара пазнаёміліся ў наступным пункце наведвання — Ракаўскай сярэдняй школе. Тут дзейнічае кампанія “Ракаў — Trip”, што аказвае турыстычныя і экскурсійныя паслугі. Школа ў Ракаве — сэрца аграгарадка і маладзёжнага жыцця, суботнія мерапрыемствы вельмі запатрабаваныя. Тут у шосты школьны дзень прапаноўваецца шырокі спектр заняткаў для навучэнцаў. І зноў пацвярджаецца ідэя аб неабходнасці ўсталявання добрых адносін з сацыяльнымі партнёрамі. У выніку такога ўзаемадзеяння з’яўляюцца цікавыя перспектывы, праекты. Напрыклад, для навучэнцаў 1—11 класаў пры ўдзеле фальклорнага калектыву “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці прайшло мерапрыемства “Кніжны кірмаш у Ракаве”, якое наведалі і ўдзельнікі семінара. Вялікая ўвага ў школе аддаецца фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай рабоце. І зноў партнёры ідуць насустрач — спартыўная база “Галактыка” і фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Надзея” з радасцю запрашаюць школьнікаў да сябе. Ды і ў самой школе створаны спрыяльныя ўмовы для спорту. Акрамя спартыўнай залы і стадыёна, ёсць сучасная трэніровачная пляцоўка са штучным пакрыццём, вулічны комплекс трэнажораў, спартыўна-гульнявое абсталяванне для самых маленькіх навучэнцаў. Надвычайнай папулярнасцю карыстаецца ў ракаўскіх школьнікаў аб’яднанне па інтарэсах “Тэквандо” — з кожным годам жадаючых займацца становіцца ўсё больш. Наогул, мерапрыемствы шостага школьнага дня карыстаюцца вялікім попытам у навучэнцаў школы. Дырэктар установы Ганна Генадзьеўна Віктаровіч кажа, што сакрэту тут ніякага няма, трэба добра ведаць запыты сучасных дзяцей і прапаноўваць ім па-сапраўднаму актуальныя заняткі.
Завяршаў семінар-нараду круглы стол, дзе ўдзельнікі дзяліліся меркаваннямі. І меркаванні яны выказвалі падобныя. Аб тым, што шосты школьны дзень спрыяе арганізацыі ўсебаковай занятасці навучэнцаў і становіцца добрай пляцоўкай для актыўнага ўзаемадзеяння дзяцей, педагогаў, бацькоў і грамадскасці. А таксама аб тым, што знаёмства з вопытам Валожынскага раёна было карысным. Наступны тэматычны семінар-нарада пройдзе ў Смалявіцкім раёне.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.