Шоу, годнае вялікіх зал

У пятніцу вечарам у бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій сабраліся неабыякавыя да навукі людзі, каб паглядзець, як смелыя маладыя вучоныя выйдуць на “Навуковы рынг”.

Праект у фармаце навуковых баёў, або ScienceSlam, які вельмі папулярны ў розных краінах свету, упершыню стартаваў у Беларусі. І гэта было сапраўды цікава. Удзельнікі рынга пераканаўча даказалі, што навуковае спаборніцтва можа быць яркім шоу і гэтак жа, як спартыўныя мерапрыемствы, здольна збіраць вялікія залы.
Сутнасць праекта заключаецца ў тым, каб вучоныя ярка, наглядна, даступнай мовай і з дапамогай падручных сродкаў, не звяртаючыся да традыцыйных прэзентацый, змаглі растлумачыць аўдыторыі сутнасць сваіх даследаванняў. Кожнаму ўдзельніку рынга давалася на гэта ўсяго 10 хвілін, і 5 хвілін адводзілася на адказы гледачоў. За вызначаны час было неабходна даць максімальна разгорнутую інфармацыю і схіліць аўдыторыю на свой бок, паказаць, што навука — гэта не сухія формулы і сумныя высновы, а ў ёй — само жыццё.

Андрэй БЕЛАВЕШКІН, урач, кандыдат медыцынскіх навук, аўтар і вядучы вучэбных курсаў па рэсурсах здароўя:

“Кожны ведае, што ўсе хваробы ад нерваў. Расстроеныя нервы — як расстроены раяль. І можа быць вельмі дарагі інструмент, выдатныя ноты, цудоўны музыкант — а музыка ўсё роўна непрыгожая. Так і з нашымі нервамі, з нашымі галовамі: справа не ў дрэннай працы ці занадта высокім стрэсе, а ў тым, што мозг не настроены правільна. Я раскажу, як збалансаваць розныя нервовыя сістэмы і вырашыць пытанне з гармоніяй у галаве, бо менавіта адсюль пачынаецца здароўе”.

У спаборніцтвах бралі ўдзел маладыя вучоныя з Нацыянальнай акадэміі навук, універсітэтаў, а таксама незалежныя эксперты. “Навуковы рынг” складаўся з чатырох раўндаў. Шляхам галасавання слухачы выбіралі пераможцаў кожнага раўнда, таксама ў канцы вечара быў абраны абсалютны пераможца.

— Мы ведаем, што ў беларускай навуцы працуюць вельмі яркія таленавітыя маладыя навукоўцы, і грэх хаваць іх у сценах лабараторый, час выводзіць іх у вялікі свет, — адзначыла адна з арганізатараў праекта загадчыца аддзела маркетынгавых даследаванняў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Аліна Шкутава. — Безумоўна, для сур’ёзных вучоных выйсці перад вялікай аўдыторыяй у ненавуковым фармаце — гэта сапраўды выклік. Таму мы хварэем за кожнага ўдзельніка сённяшняга рынга і жадаем ім перамогі, у першую чаргу над сабой.

Максім РОДЗЬКІН, аспірант лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі нехрамасомнай спадчыннасці Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі:

“Гепатыт С уяўляе сабой віруснае захворванне печані, якое перадаецца праз кроў. Многія лічаць, што гэта іх ніяк не закране, аднак, згодна з даследаваннямі, ёсць верагоднасць заразіцца нават пры звычайных медыцынскіх аперацыях. Сітуацыя пагаршаецца тым, што гепатыт С працякае бессімптомна, пакуль не становіцца занадта позна. Традыцыйнае лячэнне эфектыўнае толькі ў палове выпадкаў, пры гэтым цяжка вызначыць загадзя, дапаможа яно чалавеку ці не. Нашай задачай з’яўляецца пошук надзейнага прагнозу паспяховасці тэрапіі гепатыту С”.

Для таго каб публічныя выступленні былі яркімі і відовішчнымі, а “Навуковы рынг” стаў запамінальным шоу, усе ўдзельнікі амаль два месяцы займаліся са спецыя-лістамі. Іх трэнерамі былі псіхолаг аўтар вучэбнага дапаможніка “Прамоўніцкае мастацтва і дзелавыя зносіны” Вольга Баева і бізнес-трэнер па майстэрстве публічных выступленняў, мове цела, перамовах і псіхалогіі аўдыторыі Аляксей Бурносенка.

Маладыя вучоныя справіліся з задачай і змаглі даходліва расказаць прае свае даследаванні, якія тычацца дыягностыкі, папярэджання і стратэгій лячэння разнастайных захворванняў, фармакалогіі, рэсурсаў чалавечага арганізма, экалогіі і інш. Дзякуючы ім, гледачы не проста атрымалі шмат каштоўнай інфармацыі, але і пабачылі выдатныя ўзоры публічных выступленняў, цікавыя нестандартныя прыёмы, якія таксама можна ўзяць на ўзбраенне.

Аляксандр БЯГЛЯК, выкладчык энергетычнага факультэта БНТУ, галоўны тэхнолаг ЗАТ “Энергапрам”:

“У нашай краіне штогод утвараецца больш за 3 млн тон цвёрдых побытавых адходаў. Яны вывозяцца на палігоны, утвараючы смеццевыя горы. Я даследую найбольш аптымальнае выкарыстанне смецця і ўцягванне яго ў энергетычны баланс”.

Зрэшты, акрамя стварэння шоу, у арганізатараў “Навуковага рынга” была яшчэ адна стратэгічная мэта: аб’яднаць вучоных, якія б заняліся папулярызацыяй навукі і знаёмілі шырокую грамадскасць з унікальнымі даследаваннямі, што вядуцца ў айчынных лабараторыях. Усё гэта павінна павысіць прэстыж навукі, а таксама прыцягнуць увагу грамадства, асабліва моладзі, да гэтай цікавай сферы дзейнасці.

Варта адзначыць, што “Навуковы рынг” праводзіўся пры падтрымцы Савета маладых вучоных НАН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, Парка высокіх тэхналогій, кампаніі EPAM Systems, а таксама высокатэхналагічнай лабараторыі EPAM-Гараж. І абсалютным пераможцам першых навуковых спаборніцтваў, на думку гледачоў, стаў аспірант Максім Родзькін.

Сяргей БЕСАРАБ, навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, навуковы супрацоўнік РНПЦ дзіцячай хірургіі:

“Працую над стварэннем кардыягідрагеляў, якія здольны аднавіць пашкоджаную інфарктам сардэчную мышцу і без аперацыі, адным чароўным уколам, выратаваць чалавечае жыццё”.

Дарэчы, EPAM Systems і EPAM-Гараж падрыхтавалі прызы для ўсіх удзельнікаў. Акрамя таго, адзін са стваральнікаў EPAM Systems вядомы папулярызатар навукі Леанід Лознер перадаў вучоным кнігі, якія дапамогуць ім стаць яшчэ больш дасканалымі прамоўцамі.

Такім чынам, першы ў Беларусі “Навуковы рынг” прайшоў з вялікім поспехам: пятнічным вечарам мерапрыемства сабрала поўную залу, і цікавасць гледачоў не згасала да самага канца. На мой погляд, было нават цікавей, чым на баксёрскім рынгу. Тым больш што і дзяўчаты, якія выносілі шыльды з нумарамі раўндаў (дарэчы, супрацоўніцы Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН), былі такімі ж сімпатычнымі. І вёў спаборніцтва вядомы беларускі шоўмен Яўген Булка. І навука ў выкладзе маладых таленавітых вучоных была надзвычай займальнай.

Таму ўсе, каму пашанцавала прысутнічаць на першым беларускім “Навуковым рынгу”, чакаюць працягу.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *