Што хаваецца за паняццем “РАС”?

- 10:46Рознае, Спецыяльная адукацыя
На базе Гродзенскага гарадскога ЦКРНіР у верасні мінулага года быў створаны абласны рэсурсны цэнтр, мэта якога — метадычнае суправаджэнне працэсу навучання і выхавання дзяцей з расстройствамі аўтычнага спектра (РАС) ва ўмовах установы адукацыі і сям’і. У цэнтры ўжо назапашаны трывалы педагагічны вопыт работы з дзецьмі з аўтызмам. Установа прымала ўдзел у эксперыментальнай дзейнасці. Педагогі цэнтра гатовы сёння аказваць падтрымку сваім калегам, а таксама бацькам па пытаннях развіцця дзяцей з аўтызмам.

“На базе нашага рэсурснага цэнтра сёння ёсць магчымасць вырашаць сумесна тыя важныя праблемы, якія не могуць быць вырашаны самастойна ні педагогамі, ні бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей з РАС, — адзначае дырэктар цэнтра Ірына Яўгенаўна Куроўская. — Дзеці з аўтызмам заўсёды наведвалі нашу ўстанову з моманту яе стварэння, але раней спецыялісты не вылучалі іх у асобную катэгорыю (адносілі да дзяцей з разумовай адсталасцю) і не аб’ядноўвалі разам у класах і дашкольных групах. Няшмат часу прайшло, як у грамадстве больш смела загаварылі аб праблеме аўтызму, медыкі пачалі вызначаць гэты дыягназ, і з такімі дзецьмі сталі праводзіць карэкцыйную работу. Клас для дзяцей з аўтызмам існуе ў нашым цэнтры на працягу васьмі гадоў, столькі ж гадоў нашы спецыялісты вывучаюць гэтае парушэнне, праводзяць дыягностыку і карэкцыю выхаванцаў. Ёсць яшчэ адна прычына павышанай увагі да праблемы аўтызму — пастаянна павялічваецца колькасць дзяцей з РАС. Зараз у вобласці зарэгістраваны 42 дзіцяці з дыягназам “аўтызм” (у 2007 годзе іх было 12). У нашым цэнтры сёння займаюцца чацвёра дзяцей з гэтым парушэннем”.

Першае, што было зроблена ва ўстанове са з’яўленнем рэсурснага цэнтра, — быў адкрыты кабінет для дадатковага абследавання дзяцей з аўтызмам і для індывідуальных карэкцыйных заняткаў з імі. У ім стварылі неабходнае адаптыўнае асяроддзе, усё абсталявалі такім чынам, каб спецыялісты мелі магчымасць комплексна ацэньваць стан дзяцей (узровень іх развіцця, запас ведаў, паводзінскія навыкі) і вызначыць для іх далейшы адукацыйны маршрут. У кабінеце знаходзяцца дапаможнікі, распрацаваныя педагогамі цэнтра: камунікатыўныя альбомы (асобныя альбомы прадугледжаны для дзяцей з аўтызмам, у якіх парушаны слых або зрок), вучэбна-метадычны дапаможнік па развіцці камунікатыўнасці, “Я — кніга” для работы з дзецьмі і іншыя матэрыялы.
Дадатковае абследаванне выхаванцаў праводзіцца пасля праходжання імі псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, спецыялісты якой зрабілі заключэнне аб наяўнасці ў іх таго ці іншага парушэння. Бацькі, ды і самі спецыялісты маюць магчымасць упэўніцца ў правільнасці дыягназу. Калі і ў ходзе дадатковага абследавання ўзнікаюць сумненні наконт наяўнасці РАС, дзіця накіроўваюць для канчатковага вызначэння дыягназу ў псіханеўралагічны дыспансер да ўрача-псіхіятра або прапануюць даабследаванне ў стацыянары.
“Аўтызм — складанае парушэнне, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг Ларыса Валер’еўна Сямёнава (яна выкладае ў класе для дзяцей з РАС). — Яно часам не адрозніваецца ад іншых, такіх, як цяжкае парушэнне маўлення, інтэлектуальная недастатковасць. На фоне аўтызму ў дзяцей могуць назірацца спадарожныя парушэнні зроку і слыху. Расстройствы аўтычнага спектра могуць мець дзеці як з захоўным інтэлектам (так званы сіндром Аспергера), так і дзеці з цяжкімі інтэлектуальнымі парушэннямі. Чым больш спецыялістаў прыме ўдзел у ацэнцы стану дзіцяці, тым больш дакладным будзе канчатковае заключэнне. Мы заўсёды раім бацькам, каб яны не адмаўляліся ад кансультацый самых розных спецыялістаў. Быў выпадак, калі спецыялісты нашага цэнтра і медыкі з упэўненасцю ставілі дзіцяці дыягназ “аўтызм”. Але праз некалькі месяцаў іх меркаванне змянілася, бо ўсе прыкметы аўтызму ў выхаванца зніклі. І ў гэтым была вялікая заслуга бацькоў, якія зрабілі ўсё, каб іх дзіця развівалася належным чынам. У выніку — парушэнне перастала прагрэсіраваць, і дыягназ быў зняты”.

Калі наяўнасць парушэння нарэшце вызначана, спецыялісты распрацоўваюць для дзіцяці індывідуальную праграму карэкцыйных мерапрыемстваў. На першых этапах педагогі замацоўваюць у дзіцяці найважнейшыя эмацыянальныя рэакцыі, фарміруюць зрокава-маторны комплекс, развіваюць зрокава-тактыльнае, кінестэтычнае і мышачнае ўспрыманне. Адначасова вядзецца работа па выхаванні навыкаў самаабслугоўвання, па сацыялізацыі дзяцей, па развіцці камунікатыўнасці, вырашаюцца паводзінскія праблемы. У класе, дзе займаюцца дзеці з аўтызмам, усё прадумана да дробязей. У кожнага навучэнца абавязкова ёсць асобны рабочы стол, за якім ён працуе на працягу ўсяго дня. Перад яго вачыма пастаянна знаходзяцца фотаздымкі і карткі, якія нагадваюць яму пра расклад дня, аб тым, што і ў якой паслядоўнасці яму трэба рабіць.
“Каб дабіцца відавочных вынікаў у рабоце з дзіцем з аўтызмам, трэба шмат сіл і часу, — працягвае Ларыса Валер’еўна. — Безумоўна, многае залежыць ад цяжкасці парушэння. Можа здарыцца нават так, што пры ўсіх намаганнях спецыялістаў і бацькоў заняткі з дзіцем паспяховымі не будуць. І самае галоўнае ў такім выпадку — не дапусціць адмоўнай дынамікі, далейшай аўтызацыі выхаванца. У кожнага навучэнца ЦКРНіР будуць свае дасягненні і станоўчыя вынікі. Але перш за ўсё мы вучым дзяцей арыентавацца ў паўсядзённым жыцці: у суправаджэнні дарослых яны наведваюць магазіны і робяць пакупкі, карыстаюцца паслугамі службаў быту, вучацца гатаваць простыя стравы”.
У абласны рэсурсны цэнтр звяртаюцца спецыялісты іншых ЦКРНіР і бацькі з усёй Гродзенскай вобласці, каб больш даведацца аб РАС, атрымаць канкрэтную кансультацыю па дзіцяці, правесці яго дадатковае абследаванне. Многія прыязджаюць, каб прыняць удзел у мерапрыемствах, якія праходзяць у цэнтры, і атрымаць пакет дакументаў па пэўнай тэме, метадычныя рэкамендацыі ў электронным і раздрукаваным выглядзе. Спецыялісты цэнтра па просьбах калег выязджаюць ва ўстановы адукацыі вобласці, а таксама запрашаюць педагогаў да сябе, каб глыбей азнаёміць іх са спецыфікай работы з дзецьмі з аўтычнымі парушэннямі, у прыватнасці, як ажыццяўляць іх псіхолага-педагагічнае навучанне, наладжваць з імі ўзаемаадносіны, далучаць да актыўнай дзейнасці на занятках. Педагогі знаёмяцца таксама з асаблівасцямі выкарыстання ў сваёй дзейнасці праграмы TEACCH, якая дае магчымасць развіваць у дзіцяці з аўтызмам побытавыя і практычныя навыкі, а таксама невербальныя формы зносін.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.