Што важней: 3D-прынтар ці кавамашына?

- 12:32Вышэйшая школа

У фаблабе, які ствараецца на базе БНТУ, будзе і тое і другое

На базе двух беларускіх універсітэтаў — БДУ і БНТУ — пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза рэалізоўваецца праект “Фаблаб”. Яго вынікам стануць сучасныя інавацыйныя лабараторыі, укамплектаваныя спецыяльным абсталяваннем для хуткай распрацоўкі прататыпаў разнастайных прыстасаванняў і прылад. Тут студэнты інжынерных спецыяльнасцей змогуць рэалізаваць свае праектныя ідэі на практыцы для далейшага прапанавання інвестару і выхаду на рынак.

Адметна, што кожны з універсітэтаў ідзе сваім шляхам, і фаблабы БДУ і БНТУ будуць адрознівацца бізнес-мадэлямі і падыходамі. Пра тое, якім будзе фаблаб БНТУ, нам расказалі намеснік дырэктара па маркетынгу Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” Віталь ГМЫРАК і кіраўнік Цэнтра маркетынгу і трансферу тэхналогій тэхнапарка Наталія ТАМАШЭВІЧ.

Перадгісторыя

Сёння праект “Фаблаб” знаходзіцца на стадыі актыўнага развіцця. Ужо праведзены ўсе неабходныя кансультацыі з еўрапейскімі арганізацыямі-партнёрамі, зараз вядзецца закупка неабходнага абсталявання і актыўна абмяркоўваюцца магчымыя бізнес-мадэлі будучага фаблаба. Нядаўна тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік”, на базе якога ствараецца фаблаб, пераехаў у новы сучасны будынак. Акрамя ўсяго, тут размясціліся некаторыя інавацыйныя прадпрыемствы тэхнапарка (пры неабходнасці і яны змогуць прадаставіць сваё абсталяванне карыстальнікам фаблаба), ёсць прастора для арганізацыі каворкінга. Таму фаблаб БНТУ абяцае стаць спрыяльнай тэрыторыяй для інжынернай творчасці, дзе кожны чалавек можа матэрыялізаваць сваю ідэю і, што не менш важна, знайсці аднадумцаў для яе ўдасканалення і прасоўвання ў вялікі свет.

Трэба адзначыць, што ў фаблаба БНТУ вельмі добры “бэкграўнд”. Можна сказаць, што яго гісторыя пачалася не ў 2016 годзе, калі стартаваў праект “Фаблаб”, а значна раней — у 2013 годзе, калі па запрашэнні калег з Харкава БНТУ прыняў удзел у стварэнні сеткі ўніверсітэцкіх стартап-цэнтраў ва Украіне, Беларусі і Малдове. Гэта быў таксама еўрапейскі праект, дзе маладыя і амбіцыйныя спецыялісты БНТУ вельмі многаму навучыліся і вельмі многае зрабілі. Сёння стартап-цэнтр, які стаў вынікам гэтага праекта, — адзін з найбольш яркіх універсітэцкіх брэндаў, аднак у сваіх планах спецыялісты БНТУ ідуць далей.

Сёлета навукова-тэхналагічнаму парку БНТУ “Палітэхнік” спаўняецца 25 гадоў. Да юбілею тэхнапарк атрымаў новы сучасны будынак. У цэнтры сталіцы з’явілася сучасная пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў у інавацыйным фармаце. Сёння тут актыўна дзейнічае стартап-цэнтр, а ў верасні пачне працаваць фаблаб. Арганізатары абяцаюць стварыць тут атмасферу крэатыву, свабоды і вялікіх магчымасцей — і не толькі для моладзі, не толькі для мінчан, а для ўсіх, хто марыць ствараць і здзіўляць.

— Мы зразумелі, што стартап — гэта перш за ўсё ідэалогія, — гаворыць Віталь Гмырак. — Вось як вы думаеце, што важней: 3D-прынтар ці кавамашына? Многія кажуць, што 3D-прынтар, і калі вы падасце заяўку на фінансаванне, то вам хутчэй дадуць грошы на тэхніку і абсталяванне, чым на кавамашыну, якая “не стварае дабаўленага кошту”. Аднак новая ідэалогія заключаецца менавіта ў тым, што кавамашына часта важнейшая за ўсё астатняе, бо яна аб’ядноўвае і разнявольвае людзей, вакол яе ствараецца асаблівая атмасфера, фарміруецца культура, якая ў выніку і стварае інавацыі, бо інавацыі не могуць нараджацца пад прыгнётам.

— Сутнасць нашага стартап-цэнтра не ў тым, каб шукаць складаныя прадукты, якія потым трэба прадаваць, — гаворыць Наталія Тамашэвіч. — Мы шукаем найперш людзей, каманды, лідараў, якія хочуць займацца бізнесам, і дапамагаем ім расці.

У стартап-цэнтры нараджаліся розныя праекты — і складаныя тэхнічныя, і крэатыўныя. Сёння тут могуць расказаць цэлы шэраг гісторый поспеху, калі маладыя хлопцы прыходзілі ў стартап-цэнтр без ніякай асаблівай мэты, проста з ідэяй, а праз час знаходзілі каманду і пачыналі сваю справу.

— Стартап-цэнтр — гэта не памяшканне, а асяроддзе, дзе фарміруецца асаблівая культура, — гаворыць Віталь Гмырак. — Мы запрашаем да нас распрацоўшчыкаў, прадпрымальнікаў, вучоных, банкіраў, якія расказваюць свае гісторыі поспеху, адказваюць на пытанні, даюць кансультацыі. Тут моладзь вучыцца планаваць бізнес, шукаць грошы, афармляць інтэлектуальную ўласнасць і г.д. І мы бачым, што пакрысе людзі мяняюцца. Як сказаў Дональд Трамп, калі ты хочаш стаць мільярдэрам, то павінен мысліць, як мільярдэр. І гэта сапраўды так: нельга стварыць штосьці значнае, калі мысліць местачкова.

Месца, дзе матэрыялізуюцца ідэі

Калі праект па стварэнні стартап-цэнтра ў БНТУ завяршыўся, натуральна, з’явілася жаданне рухацца далей. Цяпер ужо беларускія спецыялісты распрацавалі праект “Фаблаб”, які быў падтрыманы Еўрасаюзам і атрымаў фінансаванне.

— БНТУ — тэхнічны ўніверсітэт, і праекты тут пераважна інжынерныя, — расказвае Віталь Гмырак. — Самая галоўная праблема любога стартапа — прыцягнуць грошы, а гэта прасцей зрабіць, калі ёсць прататып будучага прадукту. Аднак з гэтым у маладых інжынераў, у адрозненне ад айцішнікаў, заўсёды было складана. Многім даводзілася шукаць патрэбнае абсталяванне па ўсім горадзе, і нават у БНТУ, дзе гэтае абсталяванне ёсць, яно разгрупавана па розных факультэтах і лабараторыях. Калі ва ўніверсітэце з’явіцца фаблаб, аснашчаны 3D-прынтарамі, 3D-сканерамі, станкамі з лічбавым кіраваннем, лазернымі разакамі і г.д., сюды зможа прыйсці аўтар стартапа і стварыць прататып свайго будучага прадукту. Усё неабходнае абсталяванне будзе кампактна размешчана ў адным месцы.

У рамках праекта, бюджэт якога перавышае паўмільёна еўра, ствараецца 5 фаблабаў: тры ва ўкраінскіх універсітэтах і два — у беларускіх. Партнёрамі праекта выступаюць арганізацыі Вялікабрытаніі, Даніі, Францыі, Партугаліі, Іспаніі і Бельгіі.

— Праект складаецца з некалькіх частак, — расказвае Наталія Тамашэвіч. — Мы ўважліва вывучылі еўрапейскі вопыт: як там працуюць фаблабы, якім абсталяваннем яны забяспечаны, як яно выкарыстоўваецца. Мы наведвалі і дзяржаўныя, і прыватныя фаблабы, і тыя, што фінансуюцца непасрэдна ўніверсітэтамі. Усе выкарыстоўваюць розныя бізнес-мадэлі, і мы зараз спрабуем намацаць менавіта такую бізнес-мадэль, якая будзе найбольш эфектыўнай для нас. З аднаго боку, мы павінны даць доступ да абсталявання студэнтам, якія не надта багатыя і хацелі б працаваць бясплатна (дай бог, каб хацелі!). З другога боку, такія рэчы, як, напрыклад, 3D-друк і расходныя матэрыялы для яго, даволі дарагія, і трэба думаць, як кампенсаваць выдаткі. Мы бачылі, напрыклад, што ў некаторыя фаблабы карыстальнікі прыходзяць са сваімі расходнымі матэрыяламі — але гэта можа быць небяспечна для абсталявання. Іншыя набываюць расходнікі ў тых кампаніях, якія рэкамендуе фаблаб. Зараз мы абмяркоўваем усе варыянты.

Акрамя таго, што фаблаб БНТУ будзе забяспечаны неабходным абсталяваннем, плануецца распрацаваць пяць вучэбных модуляў па спецыяльнасцях: тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач; 3D-дызайн і мадэляванне; хуткі выраб і вытворчасць прататыпаў і мадэлей прылад; праект-менеджмент; даследаванне рынку. У перспектыве гэтыя модулі плануецца ўклю-чыць у праграмы ўніверсітэтаў — удзельнікаў праекта ў якасці факультатыўных заняткаў.

— У нас ёсць пілотны час, каб выпрацаваць усе неабходныя рашэнні, — дадаў Віталь Гмырак. — Напачатку расходныя матэрыялы будуць набыты за кошт праекта, што дасць нам магчымасць пратэсціраваць бізнес-мадэль. Магчыма, пазней нашы карыстальнікі будуць самастойна аплачваць расходнікі. Разглядаецца і іншы варыянт: мы бясплатна дапамагаем стварыць прататып і знайсці фінансаванне, а частка сродкаў ад гэтага будзе ісці на развіццё фаблаба. Ёсць розныя прапановы, будзем думаць.

У хуткім часе для фаблаба БНТУ за грошы Еўрасаюза будзе набыта абсталяванне на суму каля 50 тысяч долараў. Акрамя таго, сваё абсталяванне сюды паставяць універсітэт і тэхнапарк “Палітэхнік”.

— За грошы Еўрасаюза набываем толькі тое, чаго няма ва ўніверсітэце і ў тэхнапарку, — тлумачыць Віталь Гмырак. — Напрыклад, няма сэнсу набываць імпартныя 3D-прынтары, бо мы самі іх вырабляем, лепш на выдзеленыя сродкі купіць сучасны лазерны разак, такарны і фрэзерны станкі, новыя свердлы і г.д.

Віталь Мікалаевіч разгортвае план новага будынка. На цокальным паверсе прадугледжаны некалькі зон: фаблаб, дзе будзе адбывацца прататыпаванне, апрацоўка розных металаў, пластмас, драўніны; каворкінг — месца для сумеснай работы. Побач будуць размешчаны вытворчыя прадпрыемствы, напрыклад, па магнітна-абразіўным паліраванні, лазернай маркіроўцы і г.д. Плануецца арганізаваць работу так, каб тыя, хто прыходзіць у фаблаб, маглі карыстацца ўсім наяўным абсталяваннем.

Тут усё павінна дыхаць

— Мы прагназуем, што попыт на наш фаблаб будзе велізарны, бо нічога падобнага ў краіне няма, — гаворыць Віталь Гмырак. — Па-сутнасці, гэта працяг нашага стартап-праекта. Ствараецца комплексная інфраструктура для развіцця маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва. Увогуле, вельмі правільна, што фаблаб ствараецца ў тэхнічным універсітэце, дзе ёсць тэхнапарк і стартап-цэнтр, а галоўнае — сканцэнтравана асноўная маса прагрэсіўных, інавацыйна думаючых людзей.

Віталь Мікалаевіч расказаў, што ў хуткім часе будзе набрана пілотная група — 20 праектаў, якія змогуць бясплатна стварыць прататыпы ў фаблабе БНТУ. Пры гэтым ён папярэдзіў, што інавацыйнасць інжынерных распрацовак часта не навідавоку і можа быць ацэнена выключна спецыялістамі.

— Многія думаюць вельмі катэгарычна, чакаюць ад інжынераў чагосьці мудрагелістага, эфектнага, — гаворыць Віталь Мікалаевіч. — Напрыклад, да нас часта прыходзяць журналісты і просяць паказаць інавацыі. Паказваю ім медыцынскую спіцу, а яны разводзяць рукамі: “Ну якая гэта інавацыя!” А між тым звычайная, здавалася б, спіца, створаная ў нашым тэхнапарку, мае ўнікальнае пакрыццё, што робіць яе больш устойлівай да карозіі ў асяроддзі біялагічных вадкасцей, яна валодае высокімі механічнымі ўласцівасцямі, а дзякуючы спецыяльнаму завострыванню пацыенты менш траўміруюцца. Безумоўна, маленькая спіца шкілетнага выцяжэння не такая эфектная, як, напрыклад, забаўляльны дадатак для смартфона, але на практыцы, напэўна, больш важная.

Ідэалогія, якую ўзялі на ўзбраенне супрацоўнікі БНТУ пры стварэнні стартап-цэнтра — “3D-прынтар = кавамашына”, — будзе працаваць і ў фаблабе. Таму што, каб жыць і ствараць, “тут усё павінна дыхаць”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.