Што я ведаю пра школу?

- 12:12Дашкольная адукацыя, Рознае

Ці трэба рыхтаваць дзяцей дашкольнага ўзросту да школы? На маю думку, вельмі неабходна, прычым не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Падрыхтоўка да школы павінна пачынацца задоўга да таго часу, калі дзіця пойдзе ў школу, можна сказаць, з моманту, як яно толькі пераступіць парог дзіцячага сада. Але найбольш актыўна падрыхтоўка павінна весціся ў старшай групе. Мэта падрыхтоўкі да школы — развіццё пазнавальнай матывацыі, цікавасці да школы, да чытання.

У нашай дашкольнай установе створана сістэма падрыхтоўкі да школы.

Стала добрай традыцыяй першага верасня з дзецьмі старэйшага ўзросту праводзіць экскурсію да помніка Францыска Скарыны.

Дашкольнікі атрымліваюць звесткі пра першадрукара, мы размаўляем з імі пра тое, навошта патрэбны веды, разважаем, ці трэба ведаць родную мову. У другой палове дня звычайна праводзіцца музычная забаўка “Падарожжа ў краіну ведаў”.

У першы тыдзень верасня праводзіцца тэст “Што я ведаю пра школу”. Гэты тэст мы праводзім і ў канцы навучальнага года, каб параўнаць адказы дзяцей.

На працягу навучальнага года мы час ад часу размаўляем з дзецьмі пра школу, расказваем пра ўрокі, вучым правілам паводзін у школе. На базе нашай установы размешчаны першыя класы школы, і дашкольнікі з цікавасцю назіраюць за жыццём першакласнікаў. У нас праводзяцца сумесныя з імі спартыўныя мерапрыемствы. Нашы выхаванцы наведваюць памяшканне класаў, дзе спрабуюць сябе ў ролі школьніка: сядзяць за партай, пішуць на дошцы, гартаюць буквар. Усё гэта стварае добры, пазітыўны настрой у адносінах да школы, пашырае веды дзяцей. Дашкольнікі таксама наведваюць школьную бібліятэку, назіраюць за ўрокамі фізкультуры, працоўнага навучання.

У старшых групах сада створаны куткі для правядзення сюжэтна-ролевай гульні “Школа”, дзе знаходзіцца лялька-школьніца, дошка, сшыткі, алоўкі, класны журнал, літары. Гэта дазваляе дзецям у гульнях замацоўваць веды, атрыманыя падчас гутарак, экскурсій у школу.

Нашы педагогі праводзяць пазнавальна-матывацыйныя комплексы заняткаў “Я хачу ў школу”, якія не толькі заахвочваюць дашкольнікаў новай вучэбнай дзейнасцю, але і развіваюць працэсы пазнання, камунікатыўныя здольнасці. Падрыхтоўка да школы не магчыма без удзелу бацькоў. Для іх кожны год праводзіцца дзень адкрытых двярэй “Хутка ў школу”. На сустрэчы з бацькамі мы запрашаем спецыялістаў: педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага, які расказвае бацькам пра асаблівасці моўнай падрыхтоўкі дзяцей, дае парады, як папоўніць слоўнікавы запас дзяцей, як навучыць іх правільна размаўляць. Кіраўнік фізічнага выхавання паказвае бацькам практыкаванні для фарміравання правільнай паставы, расказвае пра фізічную падрыхтоўку дашкольнікаў.

Працуе ў нас і завочная школа будучага першакласніка, дзякуючы якой бацькі папаўняюць педагагічныя веды па тэмах “Калі пачынаць рыхтаваць дзіця да школы”, “Як сфарміраваць у дашкольнікаў элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Як дапамагчы авалодаць чытаннем і пісьмом”, “Як выбраць кнігу для дашкольніка, які пачынае чытаць”, “Як сфарміраваць пазітыўныя адносіны да школы” і інш.

На сайце дашкольнай установы кожная група мае сваю старонку. Для выхаванцаў старшых груп педагогі размясцілі заданні для дадатковай падрыхтоўкі да школы. Выконваючы гэтыя заданні, дзеці не толькі развіваюць свае інтэлектуальныя здольнасці, але і весела і з карысцю праводзяць час разам з бацькамі. Напрыканцы навучальнага года праводзіцца бацькоўскі сход, на які запрашаецца настаўнік пачатковых класаў. Ён дае карысныя парады, раіць практыкаванні, якія можна выконваць з дзецьмі ў час летніх канікул.

Я вельмі спадзяюся, што мае сённяшнія дашкаляты праз год з усмешкамі пераступяць парог школы. Нашы дзеці будуць ведаць, што вучоба ў школе — гэта сур’ёзная праца, але ў той жа час гэта захапляльнае падарожжа ў краіну ведаў!

Тэст “Што я ведаю пра школу”

1. Што такое школа? (Школа — гэта вялікі прыгожы дом з класамі, са спартыўнай залай, бібліятэкай, сталовай, медыцынскім кабінетам. У школе дзеці вучацца.)

2. Што такое ўрок? (Гэта час, калі дзеці вучацца чаму-небудзь новаму, слухаюць тлумачэнне настаўніка, адказы вучняў, выконваюць розныя заданні і не выходзяць з класа.)

3. Як даведацца, што час пачынаць урок? (Звініць званок, калідоры пусцеюць, дзеці ідуць у клас.)

4. Як у школе называецца стол, за якім дзеці пішуць? (Парта.)

5. Якая адзнака ў школе самая высокая? (Самая высокая адзнака — “дзясятка”. Яе атрымліваюць уважлівыя і працалюбівыя дзеці.)

6. Што такое школьны дзённік? (Гэта спецыяльны сшытак, куды пішацца расклад заняткаў, заданне на дом і куды настаўнік ставіць адзнакі.)

7. Што такое перапынак? (Гэта свабодны час паміж урокамі.)

8. Для чаго ён патрэбен? (Ён патрэбен для таго, каб падрыхтавацца да наступнага ўрока, выйсці з класа, пагуляць, паесці.)

9. У школе вучацца дзеці аднаго ўзросту ці рознага? (Рознага. Самыя малодшыя з іх — першакласнікі. Самыя старэйшыя вучацца ў 11 класе.)

10. Дзе і чым піша настаўнік, калі тлумачыць заданне? (На дошцы крэйдай.)

11. Як звярнуць на сябе ўвагу настаўніка, калі трэба аб нечым спытаць на ўроку? (Моўчкі падняць руку так, каб яе было відаць.)

Калі дзеці правільна адказалі:

* на 1—3 пытанні — неабходна ўдзяліць шмат увагі, каб дзеці атрымалі неабходную інфармацыю пра школу;

* на 4—6 пытанняў— трэба падрабязней пазнаёміць іх са школай;

* на 6—10 пытанняў — нядрэнна, але не пашкодзіла б яшчэ пагутарыць або пачытаць пра школу.

Алена ЖЭГЗДРЫН,
выхавальніца ясляў-сада № 29 Ліды.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.