У гэтыя дні ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка праходзіць кампанія па размеркаванні выпускнікоў. Працэдура стандартная, адпрацаваная гадамі, аднак для студэнтаў яна была і, напэўна, застанецца хвалюючай падзеяй, паколькі страхаваць маладых людзей ад так званых неспадзяванак падчас размеркавання ніхто не бярэцца. Здаецца, усё ўжо прадумана і вырашана ў ходзе папярэдняга размеркавання, але кожны раз, калі дэкан факультэта называе “першы пункт назначэння” для выпускніка, апошні міжволі затрымлівае дыханне на некалькі секунд, ведаючы, што камісія можа прыняць іншае рашэнне. Уздыхнуць з палёгкай атрымліваецца толькі пасля слоў рэктара “Згодны? Распішыцеся!”.
Своеасаблівым выпрабаваннем размеркаванне становіцца і для наймальнікаў, якія прыязджаюць ва ўніверсітэты, каб знайсці сабе работнікаў: кадравая праблема для ўстаноў адукацыі краіны сёння актуальная як ніколі.
Каму кватэру?
На факультэце пачатковай адукацыі сёлета выпускаюцца практычна адны дзяўчаты. У аўдыторыі, дзе 10 красавіка вырашаўся іх далейшы лёс, акрамя камісіі па размеркаванні, прысутнічалі патэнцыяльныя работадаўцы — прадстаўнікі раённых аддзелаў адукацыі і дырэктары канкрэтных школ. У выпадках, калі студэнт заставаўся працаваць у сталіцы або размяркоўваўся па мэтавым накіраванні, пытанняў не ўзнікала, а вось калі дэкан факультэта вымаўляла, напрыклад, “…размеркавана ў Барысаўскі раён”, наймальнікі ажыўляліся і пачыналася сапраўдная барацьба за спецыяліста.
— А вы не хочаце паехаць у Зялёны Бор? У нас прыгожа, калектыў добры, вучняў няшмат… Гэта Смалявіцкі раён, і да сталіцы рукой падаць…
Між тым галоўным аргументам, насамрэч, выступала не прыгажосць названага гарадскога пасёлка, а наяўнасць жылля для маладых спецыялістаў. Дзяўчаты задумваліся над прапановамі работадаўцаў
Людміла, напрыклад, была размеркавана ў Жодзіна. І хоць Зялёны Бор знаходзіцца ўсяго за 18 км ад названага населенага пункта, паехаць у пасёлак не пажадала — выбрала горад.
А вось Таццяна вырашыла падумаць на працягу гадзіны. Родам яна з таго самага Смалявіцкага раёна, папярэдняе размеркаванне атрымала ў аддзел адукацыі Барысаўскага райвыканкама. Ці прадаставяць там жыллё, дзяўчына не ведала, таму кватэра ў Зялёным Бары магла стаць для яе важкім аргументам. У той жа час, як прызналася Таццяна, ёй хочацца працаваць там, дзе ёсць больш перспектыў для прафесійнага росту, а гэтаму, на яе думку, спрыяе блізкасць буйнога населенага пункта. Таму і прапанова прадстаўніка аддзела адукацыі Жодзінскага гарвыканкама таксама зацікавіла дзяўчыну. У выніку разважанняў выпускніца вырашыла паехаць працаваць у Жодзіна.
“Нам бы ў горад…”
Дырэктар Зеленаборскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Таісія Анатольеўна Калбасенкава ў той дзень так і не знайшла для сваёй установы настаўніка пачатковых класаў з ліку выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка. 11 красавіка яна зноў накіравалася ва ўніверсітэт — на размеркаванне выпускнікоў факультэта дашкольнай адукацыі, паколькі выхавальнікі Зялёнаму Бору таксама патрэбны: выхаванцаў у дзіцячым садзе налічваецца больш за 30, і ўзровень нараджальнасці ў пасёлку ў апошнія гады расце.
Намеснік дырэктара школы Таццяна Аляксандраўна Салабаева паведаміла нам, што сітуацыя з педагогамі ў Зялёным Бары сёння сапраўды складаная.
— Праз год-два многія нашы работнікі пойдуць на пенсію, — сказала Таццяна Аляксандраўна. — Нам патрэбны спецыялісты, вось толькі геаграфічнае становішча пасёлка ў адносінах да райцэнтра не вельмі выгаднае: да Смалявіч 40 км, дабірацца адтуль на работу штодзень мала хто захоча. Непадалёк, праўда, знаходзіцца Жодзіна (18 км), аўтобус ходзіць 4 разы ў дзень, і ў гэтым годзе ў нас працуюць тры педагогі, якія прыязджаюць адтуль. Але ім усё роўна не надта зручна… На сёння мы маем патрэбу ў выхавальніку дашкольнай групы, настаўніках пачатковых класаў, біялогіі, інфарматыкі, фізічнага выхавання, англійскай мовы.
Што тычыцца маладых спецыялістаў, то ў Зялёным Бары, па словах Т.А.Салабаевай, ім аказваецца значная падтрымка. Да нядаўняга часу педагогам-навічкам прапаноўвалася арэнднае жыллё, цяпер жа, дзякуючы дамоўленасці кіраўніка школы са старшынёй сельвыканкама, ім будуць прадастаўлены ведамасныя кватэры з усімі выгодамі (у якасці інтэрната).
Чатыры гады назад у школу прыйшлі два маладыя спецыялісты — настаўніцы пачатковых класаў, якія, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін па размеркаванні, засталіся ў Зялёным Бары, нягледзячы на тое, што ім даводзіцца наймаць жыллё.
— Дзяўчатам падабаецца ў нас, — заўважыла Т.А.Салабаева. — Калектыў добры, класы па напаўняльнасці невялікія (ад 4 да 10 чалавек), таму работа з вучнямі толькі ў радасць. Дырэктар школы, Таісія Анатольеўна, робіць усё магчымае для стварэння годных умоў для работы педагогаў і навучання дзяцей. Дзякуючы яе актыўнасці, школа наладзіла кантакт з усімі прадпрыемствамі, што размешчаны ў пасёлку, і яны зараз з’яўляюцца спонсарамі ўстановы.
Прыгожыя мясціны, выдатныя ўмовы для работы, з’яднаны калектыў, жыллё — што яшчэ патрэбна пачынаючаму работніку? Аказваецца, для ідэалу многім выпускнікам не хапае толькі аднаго — перанесці ўсе пералічаныя даброты ў горад, у “цывілізацыю”.
— Яшчэ ў райцэнтры маладыя людзі пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну застаюцца, — адзначае спецыяліст аддзела адукацыі Смалявіцкага райвыканкама Кацярына Мікалаеўна Фятковіч-Мусько. — Некаторым з іх прапаноўваюцца кіруючыя пасады, нехта будуе кватэры — усё гэта дазваляе замацаваць спецыялістаў на месцах. У сельскай мясцовасці больш складана з замацаваннем. Таму недахоп педкадраў у раёне адчуваецца пастаянна: з году ў год патрабуюцца настаўнікі пачатковых класаў, матэматыкі, фізікі і інфарматыкі. З улікам таго, што зараз у горадзе будуецца дзіцячы сад, захоўваецца патрэба ў педагогах-дашкольніках. Летась у абласное ўпраўленне адукацыі мы падавалі заяўку на 46 маладых спецыялістаў, сёлета — на 23 (даводзіцца ўлічваць працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі). Спадзяёмся, што ў гэтым годзе ўдасца закрыць вакансіі па максімуме.
І яшчэ раз пра жыллё
Па максімуме жадаюць задаволіць заяўкі на маладых спецыялістаў і ў педуніверсітэце, аднак зрабіць гэта не атрымліваецца.
— Сёлета ў нас падпалі пад размеркаванне 60 выпускнікоў дзённай бюджэтнай формы навучання і 4 завочнікі, якія больш за палову тэрміну правучыліся за сродкі бюджэту, — расказвае дэкан факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Наталля Уладзіміраўна Ждановіч. — Між тым асноўным заказчыкам кадраў універсітэта — Мінску і Мінскай вобласці — патрабуецца больш за 160 спецыялістаў. Закрываецца, такім чынам, толькі кожнае трэцяе планавае месца. Штогод заявак становіцца больш, а колькасць выпускнікоў застаецца без значных змяненняў. Безумоўна, ёсць яшчэ студэнты-платнікі, але яны вольныя самі выбіраць першае працоўнае месца. Некаторыя з іх звяртаюцца за накіраваннем на работу, але такіх выпадкаў няшмат. У гэтым годзе камісія задаволіла пяць зваротаў ад выпускніц нашага факультэта з просьбай накіраваць іх на работу.
У той жа час Наталля Уладзіміраўна прыгадвае сітуацыю шасцігадовай даўнасці, калі нават выпускнікі-мінчане вымушаны былі ехаць працаваць на перыферыю (у Чэрвень, Узду, Любанскі раён), паколькі Мінск проста не меў патрэбы ў спецыялістах. На сёння ж, згодна з міністэрскім планам размеркавання выпускнікоў БДПУ імя Максіма Танка, толькі ў сталіцы неабходна закрыць 113 вакансій. Між тым у Мінск (і абласныя цэнтры) размяркоўваюцца выключна тыя выпускнікі, якія маюць пастаянную рэгістрацыю ў горадзе.
— У апошнія два гады часткова вырашаць кадравую праблему дазваляе той факт, што выпускнікоў факультэта пачатковай адукацыі стала больш за кошт адначасовага выпуску студэнтаў, якія навучаліся 5 гадоў і 4, — заўважае Н.У.Ждановіч. — Многія выпускнікі пасля заканчэння ўніверсітэта вяртаюцца ў тыя ўстановы, дзе працавалі, навучаючыся на апошніх курсах: атрымліваюць сталічную рэгістрацыю і застаюцца ў сваіх класах са сваім педагагічным калектывам, хаця жыллёвае пытанне ўсё роўна не страчвае для іх актуальнасці.
Дарэчы, БДПУ імя Максіма Танка таксама часта пакутуе з-за немагчымасці забяспечыць жыллём сваіх лепшых выпускнікоў і пакінуць іх працаваць ва ўстанове. Вось і цяпер падчас размеркавання на факультэце пачатковай адукацыі рэктар універсітэта П.Д.Кухарчык са шкадаваннем адзначыў, што адну з выбітных выпускніц спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Выяўленчае мастацтва” — Яну Васільеву — ім так і не ўдалося пераканаць застацца ў alma mater. Яна старшыня студсавета БДПУ імя Максіма Танка, на працягу пяці гадоў была актыўным удзельнікам зорных паходаў, і за гэтую дзейнасць у лютым 2013 года нават атрымала грамату Міністэрства адукацыі.
Родам дзяўчына з Барысаўскага раёна, але некалькі гадоў назад выйшла замуж і была размеркавана ў Віцебск — туды, дзе жыве і працуе старшым следчым яе муж.
— Магчыма, калі б у Мінску прадастаўлялася жыллё, то можна было б падумаць пра пераезд, — гаворыць Яна. — Так, я хацела б застацца ва ўніверсітэце, паколькі з ім звязана значная частка майго жыцця. Аднак ёсць сям’я, і для мяне яна стаіць на першым месцы. І я вельмі люблю працаваць з дзецьмі — мы ж і ішлі сюды вучыцца, каб стаць педагогамі. Таму, спадзяюся, знайду сябе і ў школе.
***
Размеркаванне працягваецца. Выпускнікі хвалююцца, кіраўнікі ўстаноў адукацыі не страчваюць надзеі знайсці патрэбных спецыялістаў. Педагагічны калектыў школы ў Зялёным Бары, як стала вядома, папоўніцца ў наступным навучальным годзе новым настаўнікам біялогіі. Магчыма, пашанцуе з кадрамі і іншым установам. У крайнім выпадку, выпускнікоў, якія будуць размеркаваны на педагагічную работу, наймальнікі змогуць накіраваць у той жа БДПУ імя Максіма Танка на завочныя курсы перападрыхтоўкі па неабходнай спецыяльнасці (2 гады навучання). Аднак усе — і работадаўцы, і выпускнікі — да апошняга вераць у тое, што крайні выпадак не здарыцца.
Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
liatkouskaya@ng-press.by