Шумеў, гудзеў кірмаш…

- 11:54Нам пішуць

Напярэдадні восеньскіх канікул у сярэдняй школе № 8 Гродна прайшоў традыцыйны кірмаш, які стаў даўгачаканым святам як для дзяцей, так і іх бацькоў.

Падрыхтоўка да яго вялася на працягу некалькіх тыдняў, каб, урэшце, уся школа апранулася ў восеньскія фарбы і ператварылася ў адну вялізную святочную пляцоўку.

Кожнаму класу было прапанавана месца пад гандлёвую пляцоўку, якой не заўсёды хапала, каб выставіць усё, што было згатавана. Пры чым зрабіць гэта было неабходна ў адпаведнасці з пэўнай канцэпцыяй.

Кірмаш пачаўся з прэзентацыі восеньскіх касцюмаў: ад кожнага класа былі прадстаўленыя мадэлі ў арыгінальных касцюмах, галоўнай тэмай якіх сталі жоўты і аранжавы колеры. Асабліва відовішчна глядзеўся касцюм вучаніцы 10 класа Ані Мартынчук, а таксама вучняў 3 класа.

Затым пачаўся сам гандаль прынесенымі ў школу прысмакамі, адначасова з якім вучні выконвалі песні пра восень.

У завяршэнне кірмаша вучні абаранялі падрыхтаваныя імі праекты, інсталяцыі і вырабы на восеньскую тэматыку. На іх падставе ў школе арганізавана выстава “Дарункі восені”.

Васіль ГЕРАСІМЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 8 Гродна.