У нашай школе зноў свята! Не паспела шумная дзятва апамятацца, як мінулі вераснёўскія дзянькі, як школьныя будні паволі ўцягнулі ў бясконцы кругаварот параграфаў, лічбаў, дат і адзнак.
А для першакласнікаў сапраўднае школьнае жыццё пачалося толькі цяпер, з 17 кастрычніка, з урачыстых слоў клятвы. Традыцыя прысвячэння ў першакласнікі крочыць у нашай школе побач са святам прысвячэння ў чытальнікі школьнай бібліятэкі, выпускным балем чацвёртакласнікаў, першым дарослым святам адзінаццацікласнікаў — “Стаднёўкай” (сто дзён да экзаменаў) і выпускным балем.
І кожнае свята — гэта сапраўдная падзея, якая помніцца, асабліва бацькам. Яны ледзь стрымліваюць слёзы радасці і смутку, бо раптам іх маленькія дзеткі, толькі сеўшы за школьныя парты, звонка і прыгожа чытаюць вершы пра Радзіму на трох мовах — беларускай, польскай і рускай, пацешна спяваюць песенькі, шукаючы маміны вочы сярод гледачоў, і вельмі сур’ёзна чакаюць моманту, калі дырэктар школы Данута Францішкаўна Сурмач урачыста прысвяціць іх у вучні сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання і дакранецца да іх вялізным чароўным алоўкам — сімвалам ведаў. Перад імі — увесь свет, шмат адкрыццяў і перамог. Шырокай дарогі, першакласнікі!
Вольга ПЕРАГІНЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання.