Сімвалічнае значэнне вобраза Паўлінкі ў камедыі Янкі Купалы

- 14:32Адукацыйная прастора

Метадычны каментарый да ўрока

На вывучэнне камедыі адводзіцца праграмай чатыры гадзіны. Урок па заяўленай тэме можа быць і другім, і трэцім, і чацвёртым у сістэме ўрокаў, паколькі яго выніковасць будзе цалкам залежыць ад ступені паглыблення вучнямі ў ідэйны змест твора. Настаўніку трэба мець на ўвазе, што васьмікласнікам даволі складана самастойна прачытаць твор, таму ключавыя сцэны камедыі пажадана разглядаць у класе, каб даць гістарычны каментарый.

Метадычная ідэя ўрока заключаецца ў тым, каб, абапіраючыся на падказкі тэксту, на веды пра творчасць Янкі Купалы, на жанравую адметнасць камедыі, вучні змаглі знайсці адказ на ключавое пытанне ўрока.

Ход урока

Этап мэтавызначэння

Настаўнік прапануе вучням знайсці адказ на ключавое пытанне ўрока:

“Каго ці што хацеў паказаць Янка Купала пад вобразам Паўлінкі?”

Заўвага. Настаўніку трэба трымаць пад увагай сітуацыю, калі вучні не прымуць такую мэту для ўрока. Для такога выпадку  трэба зага­дзя падрыхтаваць заданні для індывідуальнай работы. Напрыклад, перачытайце І акт камедыі. Уявіце, што пішаце сцэнарый сіткома. Спрагназуйце, у якіх месцах камедыі гледачы будуць смяяцца. Расстаўце 5 смехапаўз, патлумачце неадпаведнасці, якія, па-вашаму, будуць вы­клікаць смех.

Ёсць мноства метадычных прыёмаў, якія дазваляюць настаўніку даведацца пра тое, ці прынялі і зразумелі мэту ўрока вучні. Напрыклад, “Святлафор”, удакладняльныя пытанні, адкрытае галасаванне, калі настаўнік  просіць вучняў падняць уверх вялікі палец рукі. Эфектыўнасць урока ў многім залежыць ад прыняцця вучнямі мэты ўрока, таму высветліць гэта настаўніку вельмі важна.

Паколькі мэта ўрока сфармулявана недыягнастычна, неабходна вучням патлумачыць, што стане паказчыкам дасягнутасці мэты ўрока. Крытэрый ацэнкі настаўнік і вучні выпрацоўваюць разам. Можна папярэдзіць вучняў, што на­зваць прадмет ці паняцце, якое Янка Купала паказаў пад вобразам Паўлінкі, не самамэта, бо можна выпадкова адгадаць. Вельмі важна прадэманстраваць сваё ўменне лагічна мысліць, аргументаваць.

Прыкладны крытэрый ацэнкі дасягнутасці мэты ўрока па прапанаванай тэме.

На што звяртаць увагу ў творы, каб разгадаць значэнне вобраза Паўлінкі:

час напісання п’есы;

жанр твора;

канфлікт;

выбар гераіні;

гаваркія прозвішчы.

Знайсці адказ на ключавое пытанне, даказаць сваю думку трыма аргументамі з прапанаваных пяці.

Этап вызначэння апорных ведаў

Для высвятлення сюжэта камедыі прапануецца наступнае заданне для парнай работы:

“Знайдзі фактычныя памылкі ў акце І”.

Якiм i Пaўлiнкa paяццa, штo paбiць, кaб бaцькi дзяўчыны дaлi дaзвoл нa шлюб. Стapы Кpынiцкi не любiць нacтaўнiкa, бо жaдae мeць зяця з мyжыкoў. Якiм пpaпaнoўвae ўцячы і aбвянчaццa цiшкoм. Пaўлiнкa не бaiццa такой прапановы. Вяpнуўшыся з кipмaшy, п’янaвaты Кpыніцкі расказвае жонцы, штo напіўся з “зяцeм”, пaнaм Быкoўcкiм. Дaч­кa зaяўляe, штo пoйдзe зaмyж тoлькi зa Якiмa Сapoкy. Бaцькa вы­мушаны змірыцца з выбарам дач­кі.

“Знайдзі фактычныя па­мылкі ў акце ІІ”

Зa cтaлoм — Кpынiцкiя i гocцi. П’юць гapбaтy. Рaзмoвa зaxoдзiць пpa Якiмa Сapoкy: нeкaмy ён пaдaбaeццa, нeкaмy — нe. З’яўляeццa Быкoўcкi, тлyмaчыць cвaё cпaзнeннe тым, штo не было каня, каб прыехаць. Пачынаюцца танцы. Лепш за ўсіх тaнцye “Лявоніху” Адольф Быкоўскіcпявae paмaнcы нa бeлapycкaй мове. Пaўлiнкa з Быкoўcкiм гy­ляюць y кapты, Быкoўcкi выйгpae i ўpэшцe пaкiдae xaтy, пepaкaнaны, штo дзяўчынe cпaдaбaўcя. Пaў­лiнкa ў нepaшyчacцi гaвopыць, штo xaцeлa зaмyж icцi, а цяпер пе­радумала.

(Праверка работ.)

Заўвага. У тэксце заданняў падкрэслены сказы, у якіх дапушчаны фактычныя памылкі. Логіка задання ў тым, каб дзеці змаглі засвоіць ідэйную сутнасць вобразаў Якіма Сарокі, Адольфа Быкоўскага.

Асноўны этап па вырашэнні праблемы ўрока

(Слова настаўніка.)

У паэме Янкі Купалы “Чараўнік”, напісанай аўтарам у 1912 годзе,  чараўнік-слепаводнік наракае сынам ісці трыма сцежкамі: на ўсход, на захад і “тою, што сваёй не мінае граніцы”.

Бяда ў тым, што ні адзін шлях не прыносіць шчасця, бо выбару, па сутнасці, няма. Ёсць злы лёс, ёсць прад­вызначаныя слепаводнікам на­прамкі: на ўсходзе — “Напаткае чу­жацкі крывавы палетак і ў крывавай скупаецца рэчцы”.

Шлях на захад прывядзе да таго, што “Свой палетак любіць стане горай чужога, прыпадзе к чужой рэчцы, як п’яўка”.

Але самае трагічнае, што і тут, у сваім краі, наканавана “чэзнуць і вянуць паўцінай, смягнуць будзе над роднай крыніцай”.

Пытанні да вучняў:

— Ці заўважаеце вы падабенства паміж камедыяй Янкі Купалы “Паўлінка” і паэмай “Чараўнік”?

— Назавіце праблему, якую ўзнімае Купала перад чытачом у творах.

Заўвага. Важна, каб заданні прымушалі вучняў думаць, рабіць вывады лагічныя і аргументаваныя, падводзілі вучня да правільнай высновы, але ніяк не давалі гатовых ведаў. Калі заданне падасца складаным, то можна ўспомніць паэму “Магіла льва”, знайсці падабенства паміж творамі ў праблеме выбару.

Заданні і пытанні да праблемы выбару:

— Чаму Паўлінка выбірае Якіма Сароку?

— Як выбірае Паўлінка — розумам ці сэрцам?

— Чаму Сцяпан Крыніцкі не выбірае Якіма Сароку?

— Як выбірае Крыніцкі — розумам ці сэрцам?

Высновы, да якіх павінны прыйсці вучні ў сваіх разважаннях: нягледзячы на тое, што героі робяць розны выбар, выбіраюць яны аднолькава — сэрцам. Іншага і быць не можа, паколькі Паўлінка — дачка свайго бацькі. А калі чалавек выбірае сэрцам, то ён не можа крытычна адносіцца да прадмета свайго выбару, таму не заўважае істотных хібаў выбранніка.

Заданне парам ці групам па выяўленні ідэйнага зместу вобразаў герояў:

— Чаго не заўважае Паўлінка ў Якіме?

Паўлінка і Якім (у закаханых ёсць некалькі хвілін да прыезду бацькоў). З’ява другая.

Паўлінка.  Але, смела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да прадання і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі з “Песні аб Сокале” Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)

Адказ: не звяртае ўвагі на кнігу. Паўлінка не цікавіцца ідэямі, якія захапілі Якіма.

Якім. Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз, што татка твой ні на якія просьбы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака… Баць­кі спачатку пазлуюць трохі і адпусцяцца, — ведама, бацькаўскае сэр­ца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода — і ўсё будзе добра. Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заў­тра прыяз­джае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два  і — гатова.

Адказ: Якім не паважае традыцый народа.

— Чаго не заўважае Сцяпан Крыніцкі ў Адольфе Быкоўскім?

(Вучні слухаюць адказы на індывідуальнае заданне, якое атрымалі ў пачатку ўрока.)

— Мы смяёмся з Адольфа Быкоўскага. Чаму?

Заданні па выяўленні праблемы камедыі:

— Чым можна патлумачыць бунт Паўлінкі супраць бацькоўскай маралі?

— Якія парады дае Янка Купала Паўлінцы. Успомніце фінал твора. Звярніце ўвагу на гаваркія прозвішчы герояў.

Этап падвядзення выніку ўрока

Настаўнік прапануе вучням адказаць пісьмова (вусна) на ключавое пытанне ўрока.

Заўвага. Як паказвае практыка, вучні сярэдняга ўзроўню ведаў, у якіх не сфармуляваны на дастатковым узроўні ўменні заўва­жаць агульнае і адрознае, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, схіляюцца да таго, што Янка Купала пад вобразам Паўлінкі паказаў дзяўчынку, якая не ведае, за каго ісці замуж. Дастатковы ўзровень ведаў выводзіць вучняў на разважанні па праблеме выбару. І толькі вучні, надзеленыя творчым мысленнем, могуць убачыць пад вобразам Паўлінкі вобраз Маладой Беларусі. 

Этап самавызначэння на дамашняе заданне

Можна прапанаваць вучням працягнуць самастойны пошук адказу на ключавое пытанне.

Можна даць наступнае: “З каго смяецца ці з чаго смяецца Янка Купала?”

Галіна СУХАВА,
настаўнік-метадыст, настаўніца беларускай
мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска.
Фота з сайта Нацыянальнага  акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы.