Сінтэз традыцый і інавацый: у сталіцы прайшоў фестываль дуэтных вучэбных заняткаў

- 16:03Образование

Фестываль “Сучасныя вучэбныя заняткі: сінтэз традыцый і інавацый” аб’яднаў маладых педагогаў Партызанскага раёна сталіцы і іх вопытных настаўнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Заснавальнікам і арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца ўпраўленне па адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска пры арганізацыйна-метадычнай падтрымцы ўпраў­лення каардынацыі метадычнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Па словах метадыста ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА Антаніны Сяргеевай, фестываль быў арганізаваны з мэтай абмену вопытам работы ўстаноў адукацыі па настаўніцтве, арганізацыі прадукцыйных зносін маладых педагогаў і іх вопытных калег. Ён право­дзіўся ў межах рэалізацыі інавацыйнага адукацыйнага праекта “Мадэль метадычнага суправаджэння як сродак развіцця прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў”, укараненне якога садзейнічала стварэнню комплекснай дыферэнцыраванай сістэмы метадычнай работы з выбарам форм, зместу суправаджэння і выхадам на канчатковы прадукт у адпаведнасці з узроўнем прафесійных кампетэнцый педагогаў.

Спачатку ўдзельнікі фестывалю пра­во­дзілі ўрокі, давалі іх самааналіз, а потым прадстаўлялі творчую самапрэзентацыю свайго педагагічнага дуэта, сваю агульную педагагічную знаходку для паспяховага навучання школьнікаў. Сярод крытэрыяў ацэньвання вучэбных заняткаў — пастаноўка мэт (арганізацыя пастаноўкі мэт педагогамі, разуменне і прыняцце мэты навучэнцамі), рэалізацыя зместу вучэбнага прадмета, дзей­насць дуэта педагогаў на ўроку, дзейнасць навучэнцаў па набыцці ведаў, рацыянальнасць выкарыстання сродкаў навучання, ацэнка эфектыўнасці ўрока.

Свой вопыт, педагагічны стыль, творчы патэнцыял і прафесіяналізм дэманстравалі 16 педагагічных дуэтаў: 8 дуэтаў настаўнікаў пачатковых класаў, 4 дуэты настаўнікаў замежнай мовы, па адным дуэце настаўнікаў інфарматыкі, біялогіі і хіміі, геаграфіі, рускай мовы і літаратуры.

Так, маладая настаўніца сярэдняй школы № 72 Марыя Лін разам са сваім вопытным настаўнікам Галінай Прышчэпавай запрасілі на ўрок матэматыкі па тэме “Параўнанне даўжынь прадметаў на аснове пачуццёвага ўспрымання”, дзе малодшыя школьнікі адправіліся ў вандроўку па казцы “Чырвоная Шапачка”, выконваючы розныя заданні на параўнанне і рашаючы задачы.

Урок англійскай мовы ў 5 класе прадставілі педагогі сярэдняй школы № 182: малады настаўнік Ілья Сальбыук і яго педагог-настаўнік Вольга Чартовіч. На занятках была створана атмасфера іншамоўных зносін, падабраныя практыкаванні былі накіраваны на развіццё навыкаў гаварэння на аснове прачытаных тэкстаў. Былі выкарыстаны электронныя рэсурсы lingvo.adu.by, Wordwall.

Урок інфарматыкі ў 7 класе па тэме “Стварэнне і рэдагаванне вектарнай выявы” правялі малады настаўнік гімназіі № 5 імя герояў сустрэчы на Эльбе Алена Трэнчава і яе вопытны калега Святлана Кудзіна. Падчас заняткаў была выкарыстана тэхналогія праектнага навучання. Сваю эфектыўнасць засведчылі і прыёмы “Падводзячы дыялог”, “Скетч”, “Кубік Блума” і інш. Апошні садзейнічаў усведамленню пройдзенага матэрыялу, пабудове лагічных ланцужкоў, сістэматызацыі атрыманага вопыту. 

Як адзначыла Антаніна Сяргеева, падчас фестывалю педагагічныя дуэты прадэманстравалі сучасныя падыходы да адбору зместу вучэбнага матэрыялу, традыцыйных і нетрадыцыйных форм, метадаў і прыёмаў навучання, выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў: праграмных прадуктаў, электронных вучэбных сродкаў і банка даных (тэстаў, прэзентацый, медыя-, відэаматэрыялаў і інш.).

— Сінтэз традыцый і інавацый, які выкарыстоўваецца ў сумеснай дзейнас­ці педагагічных дуэтаў, стварае ўмовы для творчай самарэалізацыі як маладых педагогаў, так і іх вопытных педагогаў-настаўнікаў, спрыяе ўдасканаленню прафесійнага майстэрства ўсіх катэгорый педагагічных работнікаў, — пад­крэсліла намеснік начальніка ўпраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА Валянціна Маеўская. — Дзякуючы ўдзелу ў інтэрактыўных формах метадычнага ўзаемадзеяння, настаўнік набывае статус настаўніка-даследчыка, тым самым павышаючы ўзровень свайго прафесійнага майстэрства, што спрыяе павы­шэнню якасці адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Акрамя таго, не сакрэт, што арганізацыя інтэрактыўнага метадычнага ўзаемадзеяння маладых педагогаў і больш вопытных настаўнікаў садзейнічае вырашэнню праблемы прафесійнага сама­захавання, пераадолення магчымага адставання, разыходжання паміж дасягнутым узроўнем і новымі патрабаваннямі да адукацыйнага працэсу. Метадычнае суправаджэнне дапамагае на­стаў­ніку пазбавіцца састарэлых поглядаў, робіць яго больш успрымальным да знешніх змяненняў, што ў канчатковым выніку павышае яго канкурэнтаздоль­насць, узровень яго функцыянальнай дасведча­насці.

Кожны ўдзельнік фестывалю адзначаны дыпломамі і граматамі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска, памятнымі падарункамі.

***

— Штогод ва ўстановы адукацыі прыходзяць маладыя педагогі. Учарашнія студэнты, безумоўна, маюць дастатковую тэарэтыка-метадычную падрыхтоўку па прадмеце, веды ў галіне педагогікі і псіхалогіі, аднак фарміраванне, удасканаленне і развіццё асобы настаўніка, станаўленне педагога адбываецца ў практычнай дзейнасці, — гаворыць метадыст упраўлення каардынацыі метадычнай работы МГІРА Антаніна Сяргеева. — Для паспяховай адаптацыі маладых педагогаў у прафесіі неабходна іх метадычная падтрымка, якая са­дзейнічае фарміраванню прафесійна значных якасцей асобы маладога педагога, яго метадычных уменняў і навыкаў, развіццю прафесійнага мыслення.

Ва ўстановах адукацыі Мінска склалася пэўная сістэма работы па метадычным суправаджэнні маладых педагогаў, якая ўключае замацаванне вопытных настаўнікаў за маладымі педагогамі; уцягванне маладых педагогаў (1-ы год работы) у дзейнасць раённых і гарадскіх школ пачынаючага настаўніка, дыферэнцыраваных па вучэбных прадметах; цьютарскае суправаджэнне маладых педагогаў (2-і год работы) настаўнікамі-метадыстамі на ўзроўні горада (у адпаведнасці з прадметам, які выкладаецца).

З мэтай вызначэння прафесійных запытаў, цяжкасцей маладых настаўнікаў і эфектыўнасці работы па іх метадычнай падтрымцы штогод праводзіцца дыягностыка. Па яе выніках арганізавана метадычная падтрымка маладых педагогаў з выкарыстаннем інтэрактыўных форм педагагічнага ўзаемадзеяння непасрэдна з вопытным настаўнікам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены МГІРА