Сістэмна і зладжана: як працуе метадычная служба ў Дзяржынскім раёне

- 10:14Образование

Фарміраванне адкрытага прафесійнага навукова­-метадычнага асяроддзя ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці рэалізуецца праз аказанне сістэматычнай метадычнай дапамогі педагогам, укараненне ў практыку работы найноўшых дасягненняў у галіне педагогікі, абагульненне і распаўсюджванне актуальнага педагагічнага вопыту. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сістэма адукацыі Дзяржынскага раё­на далёка не першы год утрымлівае лі­дзіруючыя пазіцыі на Міншчыне, — гаворыць начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама Галіна Гапанькова. Навучэнцы школ і гімназій з’яўляюцца неаднаразовымі дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных навукова-даследчых канферэнцый па матэматыцы і біялогіі, пастаяннымі фіналістамі абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Большая частка вучняў 10—11 класаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Актыўна працуюць класы прафесійнай накіраванасці: у гімназіі Дзяржынска — педагагічны, у гімназіі № 1 Дзяржынска — прававы “Юны пракурор” (быў адкрыты ў сярэдзіне лістапада), у сярэдняй школе № 2 Дзяржынска — спартыўна-педагагічны, у Петкавіцкай сярэдняй школе — міжшкольны аграрны. У трох установах адукацыі (гімназіі Фаніпаля, сярэдняй школе № 1 Фаніпаля, нега­рэльскай сярэдняй школе № 1) пачалі сваю работу класы інжынернай накіраванасці. У васьмі ўстановах дзейнічаюць спецыялізаваныя па спорце класы. А на базе Дзяржынскага дзяржаўнага каледжа навучэнцы трэцяй ступені навучання атрымліваюць прафесіі кухара 3-га разраду і слесара па рамонце аўтамабіляў 1-га разраду.

У гімназіі Дзяржынска і негарэльскай сярэдняй школе № 1 дзейнічаюць STEM-цэнтры, на базе сярэдняй школы № 1 Фаніпаля — робалабараторыя, ва ўсіх установах адукацыі створаны лабараторыі робататэхнікі. Новая адукацыйная прастора аб’ядноўвае захопленых педагогаў і навучэнцаў усяго раёна і дае магчымасць займацца даследаваннямі, рэалізоўваць міжпрадметныя праекты і, вядома, здзяйсняць уласныя навуковыя адкрыцці.

Такая разнапланавая дзейнасць устаноў адукацыі, дасягненні вучняў і педагогаў (а сёння сістэма адукацыі Дзяржыншчыны — гэта не толькі педагагічныя асы, але і маладыя кадры, якія толькі пачына­юць свой працоўны шлях, арыентуючыся на настаўнікаў-мэтраў, і мудрыя кіраўнікі, якія ўмеюць планаваць, ставіць мэты, дасягаць іх і дзяліцца сваімі поспехамі) немагчымы без зладжанай работы метадычнай службы раёна.

— Сёння ўжо не выклікае сумненняў неабходнасць функцыянавання ў раёне метадычнай службы, — адзначае загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Дзяржынскага райвыканкама Таццяна Гаркаўчук. — Метадыст — гэта выручалачка ва ўсім: і ў арганізацыі работы з высокаматываванымі вучнямі, і ў асваенні найноўшых педагагічных тэхналогій, і ў падрыхтоўцы да конкурсаў прафесійнага майстэрства, і ў праходжанні атэстацыі педагогаў, і ў рэалізацыі эксперыментальных і інавацыйных праектаў. Сёння метадыст — гэта пераважна дарадчык, кансультант, цьютар педагога, а часам — пры правядзенні комплекснай праверкі — і кантралюючы орган.

У ВМК, які Таццяна Сцяпанаўна ўзначальвае пяты год, працуюць 12 чалавек (загадчык, 10 метадыстаў, сакратар). Метадысты курыруюць вучэбныя прадметы ва ўстановах адукацыі, адказваюць за павышэнне кваліфікацыі і атэстацыю, перападрыхтоўку кадраў, ажыццяўляюць  арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне мерапрыемстваў для навучэнцаў і педагагічных работнікаў. Так, напрыклад, метадыст па рускай і беларускай мовах Таццяна Мойса каардынуе работу настаўнікаў-філолагаў, а метадыст Наталля Еўтуховіч — настаўнікаў-пачаткоўцаў, да таго ж актыўна працуе з намеснікамі дырэктара ўстаноў, дзе асобная пасада намесніка па пачатковай школе не прадугледжана. Метадыст Ганна Мірановіч разам з галоўным спецыялістам Таццянай Грыгаровіч працу­юць над павышэннем прафесійнага ўзроўню педагогаў дашкольных устаноў.

Метадычная сетка раёна дастаткова вялікая, дзейнічаюць 67 метадычных фарміраванняў: 8 майстар-класаў, 10 творчых груп, 7 школ і 42 вучэбна-метадычныя і метадычныя аб’яднанні. Раённыя метадычныя фарміраванні працуюць па адзінай тэме “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па пытаннях выхавання і развіцця асобы навучэнца з дапамогай вучэбнага прадмета”.

— Уся наша работа накіравана на павышэнне якасці адукацыі, — адзначае Таццяна Гаркаўчук. — Мы нацэлены на атрыманне добрых вынікаў нашых навучэнцаў у нацыянальным даследаванні якасці адукацыі. У гімназіі Дзяржынска сёлета пройдзе рэспубліканская кантрольная работа, у межах якой будуць вывучацца і псіхалагічныя аспекты, і правядзенне факультатыўных заняткаў, і адаптацыя навучэнцаў 9, 11 класаў. Навучэнцаў 11 класа чакаюць новаўвядзенні: у ЦЭ і ЦТ будуць уключаны заданні пятага ўзроўню. 27 студзеня пройдзе рэпетыцыйны ЦЭ на базе Дзяржынскага дзяржаўнага каледжа. Таму зараз усе намаганні накіраваны на падрыхтоўку гэтых мерапрыемстваў.

Вучэбна-метадычны кабінет прымае актыўны ўдзел у арганізацыі работы з высокаматываванымі вучнямі, падрыхтоўцы іх да трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды (летась навучэнцамі было заваявана 27 дыпломаў на вобласці і 5 на рэспубліцы), конкурсу навукова-даследчых работ, а таксама з творчымі таленавітымі педагогамі, якія прымаюць удзел у прафесійных конкурсах. Гэта дае свой плён. На абласным конкурсе “Педагагічная ІТ-мазаіка”, вынікі якога былі падве­дзены гэтымі днямі, у педагогаў раёна тры дыпломы І ступені і дыплом ІІІ ступені.

Раскрыць прафесійны і асобасны патэнцыял сучаснага педагога дазваляюць актыўныя формы метадычнай работы — семінары-практыкумы, майстар-класы, круглыя сталы. Сцэнарый метадычнага квеста, праведзенага з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, адзначаны дыпломам пераможцы рэспубліканскага марафону “Вучым дарослых: выкарыстанне інтэрактыўных метадаў і форм навучання ў метадычнай рабоце з педагогамі”.

— Як паказвае практыка, дапамога метадыста асабліва патрэбна ў працэсе апісання вопыту педагагічнай дзейнасці, падрыхтоўкі да экзамену на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. У педагогаў узнікаюць цяжкасці ў падрыхтоўцы матэрыялаў да публікацыі ў сродках масавай інфармацыі, канструяванні і правядзенні майстар-класаў. А таму не страчваюць актуальнасці такія правераныя часам формы прафесійнага ўзаемадзеяння метадыста з настаўнікам, як наведванне вучэбных заняткаў, індывідуальныя і калектыўныя метадычныя кансультацыі, — адзначае Таццяна Сцяпанаўна.

Да правядзення майстар-класаў для педагогаў раёна прыцягваюцца настаўнікі-метадысты: па фізіцы — настаўнік сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Максім Дубіна (арганізацыя эксперымента), па матэматыцы — настаўніца гімназіі Фаніпаля Галіна Васількевіч, па інфарматыцы — настаўніца сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Святлана Пузіноўская. Т.С.Гаркаўчук спадзяецца, што сёлета шэрагі настаўнікаў-метадыстаў папоўняцца.

Вялікую дапамогу настаўнікам аказва­юць і створаныя ў раёне рэсурсныя цэнтры. Так, на базе Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея працуе цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, а на базе Петкавіцкай сярэдняй школы — рэсурсны цэнтр “Формула суботы”. На базе рэсурснага цэнтра па англійскай мове, які дзейнічае ў гімназіі Фаніпаля, штогод праводзяцца сустрэчы з настаўнікам-метадыстам Інесай Зубрылінай.

Прафесійнае станаўленне педагога праходзіць тым больш паспяхова, чым шырэйшыя магчымасці яго самарэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці. У раё­не дзейнічае школа маладога педагога, мэта якой — адаптацыя пачынаючых спецыя­лістаў да прафесіі, аказанне дапамогі ў авалоданні асновамі прафесійнага майстэрства, фарміраванне патрэбы ў бесперапыннай самаадукацыі. Планаванне работы школы на навучальны год ажыццяўляецца на дыягнастычнай аснове: вывучаюцца прафесійныя цяжкасці і запыты настаўнікаў, улічваюцца іх пажаданні. 

З году ў год пытанні, на якія маладыя спецыялісты хочуць атрымаць адказы, паўтараюцца: ацэнка вучэбных дасягненняў вучняў, іх карэкцыя, ажыццяўленне маніторынгу якасці адукацыі; тэматычны кантроль (самакантроль і ўлік ведаў); работа з адоранымі школьнікамі; работа з цяжкімі навучэнцамі і нядобранадзейнымі сем’ямі; метады навучання і іх эфектыўнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе; работа з дакументацыяй і яе афармленне.

— Мы арыентуем маладых спецыялістаў на тое, што ў прафесіі настаўніка няма дробязей. Выкарыстоўваем актыўныя формы работы, якія забяспечваюць зваротную сувязь, дазваляюць праяўляць ініцыятыву ўсім маладым настаўнікам. Паколькі маладых спецыялістаў у раёне 56 (38 педагогаў першага года работы і 18 — другога), мерапрыем­ствы для кожнай катэгорыі арганізоўваюцца асобна. Маладыя педагогі займаюць актыўную пазіцыю: удзельнічаюць у метадычных дыялогах, педагагічных майстэрнях, творчых лабараторыях, майстар-класах, практыкумах, інтэрактыўных гульнях. У праграму работы абавязкова ўключаюцца псіхалагічныя трэнінгі, — расказвае загадчык ВМК. — На занятках вопытныя настаўнікі знаёмяць прысутных з нарматыўным прававым забеспячэннем вучэбнага працэсу, арганізацыяй сучаснага ўрока, методыкай правя­дзення самааналізу ўрока, фактарамі, якія ўплываюць на якасць выкладання, арганізацыяй работы па прадухіленні непаспяховасці; з сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі і іх выкарыстаннем у адукацыйным і выхаваўчым працэсе. Кожныя заняткі, як правіла, завяршаюцца інтэрактыўным практыкумам.

Драйверам развіцця сістэмы адукацыі Дзяржынскага раёна з’яўляецца інавацыйная дзейнасць. У бягучым навучальным годзе рэалізоўваюцца 2 эксперыментальныя, 5 інавацыйных рэспубліканскіх, 4 педагагічныя абласныя і 24 раённыя педагагічныя праекты. Паспяхова працягваецца рэалізацыя інавацыйных праектаў “Укараненне методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту” ў дзіцячым садзе № 1 Дзяржынска, “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметнай кампетэнтнасці навучэнцаў ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі (другая ступень агульнай сярэдняй адукацыі)” у негарэльскай сярэдняй школе № 1, сярэдняй школе № 1 Фаніпаля і інш.

— Дзейнасць у інавацыйным рэжыме садзейнічае стварэнню ўмоў для якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу, павышэння кіраўніцкай культуры дырэктараў і іх намеснікаў, высокай замацавальнасці маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы, фарміраванню станоўчага іміджу сістэмы адукацыі раёна ў цэлым, — падкрэслівае Таццяна Гаркаўчук.

Спецыялісты ВМК імкнуцца працаваць на апярэджанне. Ужо зараз вядзецца распрацоўка палажэння конкурсу прафесійнага майстэрства маладых спецыялістаў “Педагагічны трыумф”, які плануецца правесці вясной. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі Дзяржынска Кацярыны Мінько клуб настаўнікаў раёна “Крышталё­вая сініца” пачаў работу па падрыхтоўцы педагогаў да наступнага конкурсу “Настаўнік года”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара