“Задачка” з жыцця для спецыялістаў аховы дзяцінства. Жыла звычайная сям’я. У невялікай сталічнай двухпакаёўцы мясціліся адразу тры пакаленні: бабуля, мама і яе дачка. Але ў нейкі момант мама, як кажуць, “заблыталася ў жыцці”: клопат аб дачцэ змяніўся вячоркамі з сумніўнымі сябрамі. Далей — горш: праз пэўны час мама апынулася ў месцах пазбаўлення волі. На гэты час апекуном маленькай дзяўчынкі стала яе родная бабуля. Але спецыялісты бачылі, што ў сям’і, мамы ёсць добры патэнцыял і яна можа вярнуцца да дачкі. Таму маму і не пазбаўлялі бацькоўскіх правоў, а ўсю работу з гэтай сям’ёй будавалі такім чынам, каб пасля вяртання дадому жанчына зноў стала сапраўднай мамай для сваёй дачкі. І, здаецца, усё атрымлівалася — дачка чакала маму, упэўненая, што тая, хаця і памылілася ў жыцці, але зможа выправіцца, а мама планавала пачаць новае жыццё. Калі б не адно “але”. Бабуля напярэдадні вяртання дачкі выступіла катэгарычна супраць яе аднаўлення ў ролі мамы. Не дапамагалі ні ўгаворванні, ні тлумачэнні мясцовых спецыялістаў. Больш за тое, бабуля падала дакументы на пазбаўленне дачкі бацькоўскіх правоў. Спецыялісты сістэмы аховы дзяцінства, што працавалі з гэтай сям’ёй, апынуліся ў сітуацыі, якая не ўпісвалася ў заканадаўчыя нормы. Так, пры падачы іску аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў маецца на ўвазе, што гэтыя бацькі могуць нанесці шкоду дзіцяці, адпаведна, немагчыма сумеснае пражыванне бацькоў, у адносінах да якіх пададзены іск, і дзяцей. Але ў дадзеным выпадку мама, згодна з заканадаўствам, вярталася пасля пазбаўлення волі ў тое ж жыллё, дзе пражывалі апякун і падапечная. Бабуля выганяла дачку, дзіця ўсё гэта бачыла і жыло ў стане пастаяннага стрэсу.
Як вырашыць такую сітуацыю: пайсці насустрач бабулі і падтрымаць іск? Але як у такім выпадку вырашаць пытанне сумеснага пражывання маці і дачкі? І, галоўнае, ці ў інтарэсах дзіцяці такое рашэнне? Ці наадварот, падтрымаць маці і абараняць у судзе яе правы? Але, зноў жа, як быць з сумесным пражываннем бакоў канфлікту, бо зразумела, што ён у такім выпадку будзе толькі набіраць моц?..
Такіх неадназначных сітуацый у рабоце спецыялістаў па ахове дзяцінства вельмі шмат. І праблема не толькі ў тым, што кожная гісторыя сямейнай нядобранадзейнасці непаўторная і мае свае карані, але і ў тым, што сёння далёка не ўсе спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы маюць шырокі практычны вопыт: змяняльнасць кадраў у гэтай сферы — праблема практычна для ўсіх рэгіёнаў. Менавіта таму стварэнне ў сталіцы рэсурснага цэнтра па ахове дзяцінства “Сіці-дом” на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, задача якога найперш і заключаецца ў практычнай дапамозе спецыялістам адзначанай сферы, з’ява запатрабаваная і своечасовая. Асабліва ўлічваючы той факт, што рэсурсны цэнтр прапагандуе і развівае інавацыйныя методыкі ў рабоце па ахове дзяцінства, такія як “Сямейна-арыентаваны падыход”, “ПРАЙД”, “Паспяховае бацькоўства”, “Хатняе візіціраванне”.
— Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі пастаянна ажыццяўляе дзейнасць па павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў, у тым ліку — і сацыяльна-педагагічнай службы. У адносінах да апошняй катэгорыі ў свой час былі праведзены курсы па сямейна-арыентаваным падыходзе ў дзейнасці сацыяльнага педагога — на сёння гэты падыход у многіх краінах свету прызнаны адным з найбольш дзейсных у рабоце з сям’ёй. Усяго навучанне ў нас прайшлі 183 чалавекі. З іх 19 атрымалі сертыфікаты трэнераў, — расказвае кіраўнік рэсурснага цэнтра “Сіці-дом” Наталля Вячаславаўна Панамарэнка. — Аднак у далейшым, выкарыстоўваючы рэфлексійныя методыкі, мы выявілі праблему працягу прымянення атрыманых ведаў на практыцы з-за адсутнасці сістэмы паслядоўнага прафесійнага суправаджэння навучаных кадраў. Як выявілася, навучаныя спецыялісты маюць праблемы ва ўкараненні і апрабацыі інавацыйных методык. Гэта з часам прыводзіць да звароту ў рабоце да мінулых методык, што зніжае эфектыўнасць выкарыстання сродкаў, выдаткаваных на павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства, і эфектыўнасць у рабоце, накіраванай на рэабілітацыю сем’яў, якія маюць у ёй патрэбу. Вывад відавочны: неабходна развіваць самастойнасць і самадастатковасць у навучаных спецыялістаў праз арганізацыю сістэмы работы рэсурснага цэнтра як сродку кваліфікаванай падтрымкі, метадычнага і арганізацыйнага суправаджэння.
І гаворка тут ідзе менавіта аб практычнай дапамозе, прычым не толькі педагогам сацыяльным, педагогам-псіхолагам, але і класным кіраўнікам, выхавальнікам, спецыялістам органаў апекі, а таксама замяшчальным бацькам.
— Сёння практычна кожны, хто працуе з сям’ёй, можа звярнуцца да нас за кансультацыяй па вырашэнні нейкай праблемнай сітуацыі, — адзначае Наталля Вячаславаўна. — Кваліфікаваныя спецыялісты цэнтра гатовы разгледзець кожны складаны, неадназначны выпадак і дапамагчы калегіяльна вырашыць сітуацыю.
Дарэчы, і ў сітуацыі канфлікту бабулі і мамы маленькай дзяўчынкі, прыведзенага вышэй, спецыялісты цэнтра знайшлі вырашэнне.
— Падпісалі з бабуляй, мамай, спецыялістамі аховы дзяцінства часовы “дагавор аб перамір’і” — па сутнасці, гэта не дакумент, ён не можа на заканадаўчай аснове да чагосьці схіліць удзельнікаў канфлікту. Але ўсё ж такі ўласныя подпісы пад пэўнымі абавязацельствамі прымушалі ўдзельнікаў канфлікту прытрымлівацца абумоўленых правіл гульні, а пісьмовыя абавязацельствы спецыялістаў аховы дзяцінства ўмацоўвалі ўдзельнікаў канфлікту ў думцы, што сітуацыя будзе на кантролі і ў выпадку, калі штосьці пойдзе не па плане, будуць прыняты належныя меры. Тым самым спецыялісты змаглі пэўным чынам уздзейнічаць на бабулю, каб яна дала магчымасць рэалізавацца маці. Спецыялісты дапамаглі маме ўладкавацца на працу, яе запрашаюць у клуб бацькоў, каб яна магла аднавіць свае бацькоўскія навыкі. Школа, дзе вучыцца дзяўчынка, таксама знайшла магчымасць падтрымаць сям’ю. І з цягам часу бабуля змяніла сваю пазіцыю, забрала дакументы на пазбаўленне ўласнай дачкі бацькоўскіх правоў.
Аднак кансультацыйная дапамога па пэўных праблемных сітуацыях — не адзіны напрамак работы рэсурснага цэнтра. У цэлым цэнтр ажыццяўляе інфармацыйную, метадычную, арганізацыйную падтрымку тым, хто пачынае працаваць з інавацыйнымі тэхналогіямі. А гэта — стварэнне лакальных груп падтрымкі ў раёнах сталіцы, правядзенне семінараў, трэнінгаў, круглых сталоў па выяўленні праблем унутры новых методык. Адпрацоўка на практыцы разам з куратарам — спецыялістам рэсурснага цэнтра — набытых навыкаў, карэкцыя праблем, што ўзнікаюць у рабоце, дазволіць спецыялістам адчуваць сябе ўпэўнена, працуючы па праграмах на месцах. А таксама ўмацуе ўпэўненасць спецыяліста ў сваёй кампетэнтнасці. Акрамя таго, адна з задач цэнтра — маніторынг эфектыўнасці ўкаранення, работы па адзначаных тэхналогіях і тым самым садзейнічанне пабудове эфектыўнай сістэмы падтрымкі ўкаранення інавацый на мясцовым узроўні.
Вынікам жа работы рэсурснага цэнтра будзе самастойнае эфектыўнае выкарыстанне праграм спецыялістамі аховы дзяцінства і распрацоўка метадычных рэкамендацый па адаптацыі ўкаранення інавацыйных методык па ахове дзяцінства.
Важна адзначыць, што яшчэ адзін з напрамкаў работы цэнтра — гэта прафілактыка прафесійнага “выгарання” ў спецыялістаў сістэмы аховы дзяцінства.
— Гэты напрамак па важнасці быў адзначаны слухачамі інстытута як адзін з самых важных, — адзначае кіраўнік цэнтра. — І нядзіўна: работа з нядобранадзейнымі сем’ямі заўсёды маральна вельмі складаная. Кожны канфлікт, зрыў бацькоў, адабранне дзіцяці — неверагодны стрэс для кожнага спецыяліста. Працаваць у такіх умовах без паўнавартаснай псіхалагічнай разгрузкі доўга немагчыма. Таму ў праграме работы цэнтра — трэнінг па прафілактыцы прафесійнага выгарання для спецыялістаў сістэмы, які будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове.