Складана? Успомні, дзеля чаго пачаў

- 11:36Вышэйшая школа

“Навука — вельмі капрызная дама. Не ўдзяляй ёй увагі некалькі тыдняў — і прыйдзецца нямала папрацаваць, каб нанова заваяваць яе прыхільнасць”, — гавораць у акадэмічным асяроддзі. Аднак маладыя навукоўцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка лічаць, што, калі прысвяціць сябе гэтай “паненцы”, у яе прыязнасці можна не сумнявацца.

У сёлетняй выпускніцы гістарычнага факультэта На­дзеі Куімавай цікавасць да навукі развілася дзякуючы ўніверсітэту. На 1 курсе дзяўчына нават уявіць не магла, што будзе займацца нечым сур’ёзным. Аднак пасля заняткаў у архіве меркаванне Надзеі змянілася. Яна вырашыла па­спрабаваць і хутка зразумела важнасць таго, чым займаецца.

— Я ніколі не была актыўнай у плане арганізацыі свят, студэнцкіх праектаў і спартыўных мерапрыемстваў, — тлума­чыць свой выбар Надзея Куімава. — Ніколі не імкнулася нешта некаму даказаць. Проста рабіла тое, што мне падабаецца, — і навука стала часткай мяне.

Дзяўчына даследуе пытанні Земскай рэформы на тэрыторыі Беларусі. Надзея прызнаецца, што спачатку разумела праблему на нязначным узроўні, бо дэталёва тэма разбіраецца на 3 курсе, але пасля ўсвядоміла яе актуальнасць для беларускай рэчаіснасці.

— Земствы — гэта дэмакратычны інстытут. Аналізуючы вопыт мінулага, мы можам дзейсна прымяняць яго сёння, — лічыць малады даследчык. — І навука — гэта спосаб прасоў­ваць нашу краіну, дапамагаць у яе развіцці.

Калі некаторыя знаёмыя даведваюцца, што Надзея ідзе ў магістратуру, задаюць пытанне: “А яно табе трэба?”, дзяўчына толькі паціскае плячыма. Хіба патлумачыш людзям, якія лічаць магістратуру несур’ёзнай справай, што гэта працяг яе навуковага жыцця?

Надзея пераканана, што ў пачатку навуковага шляху любога чалавека вядучая роля адводзіцца навуковаму кіраўніку — таму, хто, з’яўляючыся выключным спецыялістам у сваёй галіне, зможа падтрымаць, параіць, падштурхнуць да дзеяння.

— Я такога ўжо знайшла, — гаворыць суразмоўца, — гэта дацэнт кафедры беларускіх і славянскіх народаў Святлана Аляксандраўна Талмачова. Яна спагадлівая, адказная, уважлівая ў словах, здольная зматываваць. Гэта вялікае апірышча для мяне. Калі хочацца ўсё кінуць, успамінаю пра свайго кіраўніка  — і супакойваюся. Усё падаецца не такім катастрафічным, калі ты ведаеш, навошта гэта робіш.

Праз асаблівасці характару дзяўчыне няпроста высту­паць на публіцы. Але яна пераканана, што праблема вырашаецца толькі назапашваннем вопыту: больш выступаеш — менш баішся, пераадольваеш сябе.

Пры гэтым Надзея гаворыць, што вольнага часу застаецца дастаткова. Яна лічыць, што ўсё патрэбна рабіць у меру: і вучыцца, і адпачываць. Але і вольныя хвіліны яна праводзіць з карысцю: або чытае мастацкую літаратуру, або глядзіць дакументальныя фільмы.

— Калі хочаце ісці ў навуку, вызначце для сябе, навошта гэта вам. Помніце, што калі навука звязваецца з разлікам, карыснымі мэтамі, прымусам з боку кагосьці, то нічога не атрымаецца. Адкажыце сабе на гэтае пытанне і паспрабуйце знайсці навуковага кіраўніка, які не пакіне вас на раздарожжы, — раіць Надзея Куімава.

Выпускніца факультэта дашкольнай адукацыі Дзіяна Корбут ступіла на шлях даследчай дзейнасці яшчэ ў школе. Штуршком да гэтага стала цікавасць, выкліканая першай настаўніцай дзяўчыны Марыяй Міцкевіч. Аднак больш сістэмнымі і мэтанакіраванымі заняткі навукай сталі пасля паступлення ў БДПУ. На 3 курсе студэнтка стала ўдзельніцай навукова-даследчай лабараторыі кафедры методык дашкольнай адукацыі, якая займаецца распрацоўкай праблем адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Тут Дзіяна сустрэла і свайго навуковага кіраўніка Алену Рублеўскую, з якой больш не расставалася.

У даследчай дзейнасці студэнтку прываблівае магчымасць спасцігаць невядомае і ствараць нешта новае. Так склалася, што нават з сяброўкамі яе аб’ядноўваюць не толькі асабістыя зносіны, але і любімая навука.

Галоўнае ў тым, што робіць, Дзіяна Корбут лічыць практычную значнасць даследаванняў. Дзяўчына заўсёды радуецца, калі педагогі дашкольнай адукацыі карыстаюцца напрацоўкамі яе лабараторыі: праектамі “Экадом”, лэпбукамі “Вада” і “Электрычнасць”.

— Навука — самая вялікая рэч для светапогляду сучаснасці і будучыні, — кажа выпускніца. — І добра, калі ты знаходзіш у гэтай сферы чалавека, які падтрымае, нягледзячы ні на што. Старэйшага таварыша з глыбокімі ведамі і імкненнем рухацца наперад, такога як Алена Анатольеўна. 

Дзяўчына расказвае, што ў няпростыя моманты яна стараецца супакоіцца і ненадоўга адпусціць сітуацыю: праз некаторы час праблема падаецца неглабальнай і шляхі яе вырашэння знаходзяцца самі сабой.

— Тата часта паўтарае фразу, што свет — не касмічная нянька, і ўзнагароджваць тых, хто сядзіць склаўшы рукі, не збіраецца. Гэта стала для мяне своеасаблівым дэвізам і ў любімай справе, і ў жыцці, — дзеліцца Дзіяна. — Таму цяжкасці калі і ўзнікаюць, то толькі з часам. Навуковая дзейнасць мнагапланавая: даследчая работа, апрабацыя вынікаў, прэзентацыя на канферэнцыях і семінарах, а таксама ўдзел у конкурсах. Для любога занятку, а таксама якаснага выніку неабходны  менавіта час.

У планах выпускніцы, як і ў яе калегі Надзеі Куімавай, — магістратура і далейшая распрацоўка праблем навучання ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Прадстаўніца філалагічнага факультэта Юлія Рогава расказвае, што на 1 курсе да даследчай дзейнасці студэнтаў імкнуліся далучыць многія выкладчыкі.

— Ты, учарашні школьнік, пры атрыманні вялікага аб’ёму інфармацыі нічога не цяміш, месцамі губляючыся і не ўяўляючы, чым бу­дзеш займацца. Знаёмячыся з праблемнымі палямі, складана пачынаць нешта рабіць, але жаданне займацца навукай пераадольвае, — расказвае малады даследчык.

У кола інтарэсаў Юліі ўваходзяць пытанні сінаніміі. Так, у скарбонцы дзяўчыны ўжо больш за 20 артыкулаў, сярод якіх ёсць напрацоўкі ў галіне хіміі і гісторыі. Пачатак многіх работ — у лекцыях або семінарах. Напрыклад, гістарычныя даследаванні студэнткі пачаліся з верша пра трагедыю Чырвонага Берага, і ўсе далейшыя публікацыі сталі лагічным працягам першай работы.

— Выкладчыкі і навуковы кіраўнік за­даюць напрамак, адказваюць на пытанні, у якіх ты не можаш разабрацца сам. Калі прыслухоўваешся — выходзіш на правільны шлях: без іх парад няма нічога, — пераканана Юлія. — Усе яны — прыклад. Паверце, няма нічога больш каштоўнага, чым жаданне быць падобным на сваіх выкладчыкаў.

Дзяўчына апісвае навуку як тайнік-скрыню, якую хочацца адчыніць, каб знайсці там нешта цікавае, што пасля стане “сваім”. Некалі гэтая “скрыня” выйграла ў супрацьстаянні з заняткамі валейболам: неставала фізічных сіл і трэба было выбі­раць галоўнае.

Па словах маладой даследчыцы, на яе навуковым шляху не ўзнікала момантаў, калі хацелася апусціць рукі: іх не магло быць, бо яна жыве тым, чым займаецца. А яшчэ адзін сакрэт Юліі хаваецца ў падтрымцы сям’і.

— Сям’я — гэта першыя людзі, якія адчу­ва­юць, што мне няпроста, да якіх я прыслухоўваюся. Мне вельмі важна, што яны вераць у мяне. Матуля заўсёды застаецца побач, заахвочвае, яна ведае, што навука — маё, — усміхаецца дзяўчына.

На кожную работу яна глядзіць як на пэўны вопыт. Тут, на думку Юліі, галоўнае месца займае вынік, нават калі ён адмоўны. У такім выпадку яна разумее, над чым трэба працаваць, у які бок варта скіраваць свае пошукі. Яна пераканана, што любому вучонаму заўсёды ёсць што ўдасканальваць.

— Калі становіцца няпроста, успамінаю, дзеля чаго ўсё рабіла дагэтуль. Разумею: важна не тое, што часам утрымліваешся на нагах, а тое, што, нават упаўшы, знаходзіш у сабе сілы падняцца і рухацца далей, — адзначае выпускніца, даючы парады сваім наступнікам. — Стаўце мэты і, ня­гледзячы на цяжкасці (а яны будуць 100%), ідзіце наперад. Успрымайце памылкі як вопыт, і яны дапамогуць зразумець, да чаго вы хочаце ўрэшце прыйсці. І галоўнае, не збівайцеся з дарогі, нават калі адчуеце, што ў вас не атрымліваецца. Калі займаецеся тым, да чаго ляжыць душа, нішто не будзе дарэмным.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва Юліі Рогавай.