Семінар “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” прайшоў сярод кіраўнікоў і шэф-повараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Навагрудскага раёна на базе Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Найважнейшым фактарам здароўя дзіцяці з’яўляецца захаванне прынцыпаў рацыянальнага харчавання. Агульнавядома, што нерацыянальнае харчаванне негатыўна адбіваецца на здароўі і фізічным развіцці дзіцяці, вядзе да парушэння абменных працэсаў, зніжэння імунітэту, спрыяе развіццю захворванняў страўнікава-кішачнага тракту, выклікае іншыя паталагічныя станы.
Асаблівае значэнне харчаванне мае, калі ідзе інтэнсіўны рост, развіццё ўсіх органаў і сістэм дзяцей. Разам з тым навучанне ва ўстанове адукацыі звязана з вялікімі разумовымі і фізічнымі нагрузкамі, што, несумненна, вызначае шэраг патрабаванняў да арганізацыі харчавання дзяцей 3—6 гадоў і навучэнцаў 6—17 гадоў. Так, дзеці, якія наведваюць установу адукацыі, на працягу дня атрымліваюць харчаванне і дома, і ў школе. Надзвычай важна, каб апошняе дапаўняла, а ў некаторай меры і папаўняла не заўсёды якаснае харчаванне дзіцяці ў сям’і.
Гарачае харчаванне дзяцей падчас знаходжання ў адукацыйнай установе з’яўляецца адной з важных умоў падтрымання іх здароўя і здольнасці да эфектыўнага навучання. У сувязі з гэтым аддзел адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта вырашыў правесці семінар “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця” сярод кіраўнікоў і шэф-повараў устаноў адукацыі раёна. Як сцвярджае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Уладзіміраўна Бузук, гэты семінар садзейнічае павышэнню прафесійнага майстэрства работнікаў устаноў адукацыі ў арганізацыі харчавання. Шэф-повары папоўнілі свае веды і ўменні ў гатаванні ежы, правільнай арганізацыі тэхналагічнага працэсу.
Загадчыца аддзялення гігіены харчавання і гігіены дзяцей і падлеткаў Навагрудскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Георгіеўна Зайко адзначыла, што правільнае харчаванне і яго добрая арганізацыя — гэта тое, што забяспечвае арганізм дзіцяці ўсімі рэсурсамі для росту і развіцця. Яна таксама прапанавала для прагляду відэаролік аб выкананні гігіенічных патрабаванняў пры арганізацыі харчавання ва ўстановах.
Інжынер-тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірына Георгіеўна Глябовіч прывяла прыклады двухтыднёвых рацыёнаў, якія распрацаваны дыферэнцыравана па ўзростах вучняў (6—10 гадоў, 11—13 гадоў, 14—17 гадоў) з улікам сезоннасці, разнастайнасці і спалучэння харчовых прадуктаў, спосабаў іх кулінарнай апрацоўкі, норм спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей згодна з санітарнымі нормамі і правіламі.
Для ўдзельнікаў семінара быў арганізаваны майстар-клас па гатаванні каўбасак па-слуцку. Гэтая страва будзе ўключана ў прыкладны двухтыднёвы рацыён харчавання.
Алена ШАКУЛЯ,
старшыня савета па харчаванні
Усялюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.