Смяшарыкі ў гасцях у акцябрат

- 16:15Нам пішуць

З 25 па 30 студзеня ў Пархімаўскай базавай школе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці прайшоў тыдзень акцябрат «Смяшарыкi ў гасцях у акцябрат».

Кожны дзень быў асаблівым! У панядзелак дзеці адправіліся ў падарожжа разам з жыццярадасным трусам Крошам у акцябрацкі гарадок. На кожнай станцыі іх чакала новае заданне. Займальнымі і цікавымі былі выпрабаванні на станцыях «Спартыўная», «Талентаў», «Дружбы».
У аўторак падарожжа акцябрат у краіну сяброўства з парасём Нюшай прайшло пад дэвізам «Калі разам, калі дружна». Дзеці прынялі ўдзел у конкурсе-выставе творчых работ «Акцябрацкая зорачка». У сераду дзеці адправіліся ў краіну ведаў з ласянём Ласяшам, дзе актыўна адказвалі на пытанні віктарыны «Ці гатовы я стаць акцябронкам?», адгадвалі загадкі, гулялі ў гульні на ўважлівасць. У гэты час праводзіліся гутаркі на тэму «Хто такія акцябраты», разам з класнымі кіраўнікамі хлопчыкі і дзяўчынкі вывучалі правілы акцябрат, з цікавасцю слухалі “Легенду аб акцябратах», малявалі эмблемы акцябрацкіх груп.
У краіне паэтаў, у чацвер, акцябраты ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў «Дабрыня і сяброўства маленькіх рабят», дзе чыталі і інсцэніравалі вершы, аналізавалі прапанаваныя сітуацыі і падбіралі ветлівыя словы. У завяршэнні літаратурнай гасцінай дзеці склалі кветку дружбы, прывітання, развітання і ўдзячнасці.
Дэвізам для дзяцей у краіне здароўя стала адно з правілаў акцябрат «Усе прывыклі мы да парадку, раніцай робім зарадку». У пятніцу галоўным мерапрыемствам сталі вясёлыя старты “Спартыўны калейдаскоп». У гульні прынялі ўдзел дзве каманды – «Маланкі» і «Зорачкі». У конкурсах дзеці праяўлялі свой спрыт, вынослівасць і самае галоўнае – згуртаванасць. А галоўнай падтрымкай для каманд былі іх старэйшыя сябры – піянеры, якія шчыра перажывалі і актыўна хварэлі за ўдзельнікаў гульні. Па выніках конкурсаў першае месца заняла каманда «Маланкі».
А ў суботу акцябраты разам са сваімі старэйшымі сябрамі піянерамі сабраліся на вясёлы флэшмоб. З добрым настроем завяршылі дзеці падарожжа са Смяшарыкамі ў краіну акцябрат.

Кацярына Качан,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Пархімаўскай базавай школы Бераставіцкага раёна.