Снежны фестываль

- 16:54Нам пішуць

У суботу, 20 студзеня, у Слонімскім раённым экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі панавала святочная атмасфера. Музычныя калонкі “спявалі” бадзёрыя зімовыя песні, была абсталявана гульнявая пляцоўка. Надвор’е не падвяло: доўгачаканы сняжок і лёгкі мароз — тое, што трэба напярэдадні Сусветнага дня снегу!

Удзельнікамі свята сталі вучні сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма. Падзяліўшыся на дзве каманды, хлапчукі і дзяўчынкі з азартам сапернічалі ў тым, хто больш меткі ў стральбе снежкамі па мішэнях, хто збудуе самы вялікі лядзяш, хто хутчэй справіцца з рашэннем няпростых загадак.

Асаблівае захапленне выклікалі гонкі на санках: у запале барацьбы раз-пораз хто-небудзь вылятаў у гурбу на крутым павароце. Пасля завяршэння спаборніцкай часткі дзецям быў прапанаваны гарачы чай і пачастункі. Шмат смеху і пазітыўная сяброўская атмасфера — такі вынік штогадовага для нашага цэнтра Снежнага фестывалю!

Арцём МІКУЦЬ,
педагог дадатковай адукацыі
Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.