Снежныя забавы

- 10:39Нам пішуць

Чысты белы сняжок, гурбы, беласнежнае покрыва — усё гэта так падымае настрой! Хочацца гарэзаваць, весяліцца і гуляць на гэтым цудоўным белым снезе! І ўсё, што трэба для гульняў, ужо ёсць на вуліцы! Самае галоўнае — ёсць снег! 20 студзеня да Сусветнага дня снегу ў Варонскім дзіцячым садзе — пачатковай школе Астравецкага раёна наладзілі камандныя спаборніцтвы “Снежныя забавы”.


Для пачатку назапасілі снежак, бо без іх не абысціся ў снежных забавах. У якасці размінкі правялі вясёлую і цікавую гульню “Два гарады”. Падзяліліся на дзве каманды: “Забіякі” і “Удальцы”. Гульцы адной каманды ўцякалі, гульцы другой “салілі” іх снежкамі. Кожнае пападанне — ачко. Атрымалася своеасаблівае дваябор’е, змаганне і ў спрыце, і ў меткасці. На гэтым этапе “Забіякі” перамаглі. Наступным этапам спаборніцтваў стала забава “Мой снежны камяк большы”. Мацнейшай аказалася каманда “Удальцы”. Перад удзельнікамі спаборніцтваў з’явіліся снежныя камякі. Вырашылі зладзіць снежныя абганялкі. Па сігнале гульцы кацілі камяк у напрамку да фінішу, куды ўдзельнікі абедзвюх каманд дабраліся адначасова.


Немагчыма ўявіць свята снегу без санак. Таму наступным змаганнем стаў конкурс “Цягні-штурхай!”. На санкі садзіліся два гульцы адной каманды, але адмысловым чынам: спінай адзін да аднаго. Задача — як мага хутчэй дабрацца да фінішу, адштурхоўваючыся толькі нагамі (адзін удзельнік едзе тварам да фінішу, другі — спінай). У гэтым змаганні больш спрытнай аказалася каманда “Забіякі”.

Заключным этапам стала спаборніцтва “Патрапіць у мішэнь”. Балы налічваліся па колькасці пападанняў снежкамі ў мішэнь. Вынікі паказалі, што ў “Снежных забавах” наймацнейшай была каманда “Забіякі”. Але каманда “Удальцы” не засмуцілася, бо галоўнае ж, што спаборніцтвы падарылі велізарны зарад бадзёрасці, добры настрой і непаўторныя эмоцыі.

Галіна ЧАХРАЧ,
намеснік дырэктара Варонскага дзіцячага сада — пачатковай школы Астравецкага раёна.