Сонечны дом

- 14:39Навука і інавацыі, Рознае
Зараз над уваходам у РІКВ на вуліцы Чайкоўскага размешчана вялікае табло, і ўсе прахожыя спыняюцца, каб кінуць позірк на зменлівыя лічбы. Гэтае табло ў рэальным часе паказвае, як працуе фотаэлектрычная станцыя, устаноўленая ў інстытуце. Паказчык магутнасці, што генерыруецца, абнаўляецца кожных 5 секунд. Акрамя таго, можна бачыць, колькі электраэнергіі было выпрацавана станцыяй за папярэднія суткі і колькі — з моманту яе ўводу ў эксплуатацыю. Лічбы сапраўды ўражваюць: за тры з паловай месяца станцыя выпрацавала 15 мВт*г.

Фотаэлектрастанцыя, устаноўленая ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, у многім унікальная. Нічога падобнага няма ў Мінску і, магчыма, ва ўсёй Беларусі. Гэта яскравы прыклад таго, як, дзякуючы энергіі сонца, можна забяспечыць электрычнасцю не хутар і не ферму, а даволі вялікую ўстанову з мноствам аргтэхнікі.
“На жаль, многія дагэтуль лічаць, што Беларусь не тая краіна, дзе можна развіваць сонечную энергетыку, — гаворыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай Сцяпанавіч Фяськоў. — Але я хачу сказаць, што ёсць шмат краін, размешчаных далей на поўнач (а гэта значыць, там яшчэ менш сонца, чым у нас), і пры гэтым паспяхова рухаюцца ў згаданым напрамку. Еўрасаюз паставіў мэту да 2020 года давесці долю энергіі, атрыманай з аднаўляльных крыніц, да 20%, і значная роля тут адводзіцца менавіта сонечнай энергетыцы”.
Дарэчы, заўчора, калі мы былі ў інстытуце, выдаўся вельмі пахмурны дзень, неба літаральна навісла над горадам, але на табло было бачна, што электрычнасць усё роўна генерыруецца. Паводле разлікаў, нават у лістападзе і снежні будзе выпрацоўвацца каля 1000 кВт*г штомесяц. Аднак чым бліжэй да лета, тым вышэйшая прадукцыйнасць станцыі. Напрыклад, у самыя сонечныя месяцы (з мая па ліпень), калі светлавы дзень вельмі доўгі, станцыя можа даваць 6000—6300 кВт*г штомесяц. У год жа выпрацоўка энергіі складзе каля 45000 кВт*г.
У тэставым рэжыме фотаэлектрастанцыя пачала працаваць яшчэ на пачатку лета, і адразу стала відавочна, што гэта выгадны праект. Было прынята рашэнне лішкі энергіі (а ў самыя сонечныя дні станцыя працавала на піку сваёй магутнасці) накіроўваць у гарадскую электрасетку. Да верасня ў сетку пастаўлялася нават больш энергіі, чым спажывалася інстытутам. А ўвогуле з канца жніўня, калі былі ўстаноўлены спецыяльныя лічыльнікі, РІКВ аддаў гораду больш як 2000 кВт*г.
“Мы даказалі, што і ва ўмовах Беларусі можна забяспечваць сябе электраэнергіяй, — гаворыць Мікалай Сцяпанавіч. — Вядома, інстытут не дасягнуў поўнай аўтаноміі. Недахоп энергіі ў пахмурныя дні даводзіцца кампенсаваць тым, што мы падключаны да гарадской электрасеткі. Але хачу адзначыць той факт, што, дзякуючы рабоце фотаэлектрычнай станцыі, у верасні мы заплацілі за электраэнергію ўдвая менш, чым у гэты ж перыяд летась”.
Паводле разлікаў, фотаэлектрастанцыя павінна цалкам акупіцца за 5 — 7 гадоў, а то і хутчэй, калі інстытуту ўдасца рэалізаваць норму пастановы Міністэрства эканомікі № 100 “Аб тарыфах на электрычную энергію, якая вырабляецца з аднаўляльных крыніц энергіі”, што прадугледжвае трайны тарыф на продаж такой энергіі дзяржаве. Зрэшты, гэтая пастанова і натхняла РІКВ на будаўніцтва фотаэлектрастанцыі, бо сэнс заключаецца ў тым, каб не толькі спажываць атрыманую энергію, але і прадаваць лішкі.
“Мы не можам цалкам спажываць вырабленую электраэнергію, — расказвае Мікалай Сцяпанавіч. — Напрыклад, летам шмат сонечных дзён і станцыя паўнацэнна можа працаваць да 22 гадзін, а рабочы дзень у інстытуце заканчваецца ў 17.15. Акрамя таго, ёсць выхадныя дні, калі электраэнергія практычна не спажываецца, таму вытворчасць лішняй энергіі непазбежная. І калі б нам удалося вырашыць праблему продажу лішкаў дзяржаве, гэта было б вельмі добра”.
На жаль, РІКВ амаль што піянер у галіне сонечнай энергетыкі ў Беларусі, і таму палажэнне аб трайным тарыфе, дакладна вызначанае ў пастанове № 100, ажыццявіць на практыцы не так і проста. Ёсць як мінімум тры ўмовы, якія трэба выканаць.
Па-першае, трэба падключыцца да трансфарматарнай падстанцыі. Відавочна, што гэтая падстанцыя павінна быць даволі блізка, інакш пракладка кабеляў будзе вельмі дарагой, а значыць, і збыт энергіі — нерэнтабельным.
Па-другое, якасць энергіі павінна адпавядаць устаноўленым стандартам. Але, як запэўніў намеснік дырэктара РІКВ Уладзімір Паўлавіч Тарасюк, з гэтым можна справіцца: на станцыі ўстаноўлены два інвертары нямецкай вытворчасці і сілавы шчыт (Швейцарыя). (Дарэчы, вытворца сонечных панэлей — літоўская кампанія MG AB Precizika.)
І, нарэшце, трэцяя ўмова, фактычна невыканальная, — пастаўка электраэнергіі па графіку. Цяжка нават уявіць, што можа быць графік сонечнай актыўнасці і прагноз надвор’я на год ці нават на месяц наперад. Гэта прыкладна тое, што планаваць прылёт птушак… Дарэчы, у разліках спецыялістаў, якія пацвярджаюць магутнасць фотаэлектрастанцыі, колькасць пікавых сонечных гадзін указана вельмі прыблізна. Напрыклад, у сакавіку: 83 — 111 гадзін. Як бачым, разбежка амаль 30 гадзін, і ніякага ўказання на канкрэтныя дні!
Вядома, РІКВ мае намер давесці справу да канца і атрымаць права прадаваць лішкі электраэнергіі, здабытай на ўласнай фотаэлектрастанцыі. Усё ж такі ёсць вельмі добрая пастанова, якая мае на мэце развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, але ніяк не згортванне яе на самым пачатку.
“Дарэчы, як толькі ў СМІ прасачылася інфармацыя пра нашу станцыю, многія ёю зацікавіліся, — расказвае Уладзімір Паўлавіч. — Напрыклад, нядаўна прыязджалі спецыялісты з адной дзяржаўнай арганізацыі, якія таксама хочуць устанавіць сонечныя панэлі. Вядома, гэта вельмі перспектыўна: не дыміць, не капціць, але працуе. І вынік відавочны”.

Ад старэнькага двухпавярховікада сучаснага энергаэфектыўнага дома

Сёння Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў — яскравы прыклад таго, як старэнькі, нічым не прыкметны будынак літаральна за дзесяцігоддзе можа ператварыцца ў сучасны, энергаэфектыўны і вельмі прыгожы дом.
Тыя, хто даўно не быў на вуліцы Чайкоўскага, ні за што не пазнаюць стары будынак. Так, у апошні час ён падрос на адзін паверх і займеў арыгінальную ўваходную групу. А нядаўна завяршылася поўная цеплавая рэабілітацыя будынка, у выніку чаго ён не толькі змяніў дызайн фасада і набыў унікальнае аблічча, але і стаў значна цяплейшым. Сцены спачатку ўцяплілі полістыролам, а зверху ўсталявалі фасад, які вентылюецца. Такім чынам, паміж сценамі і фасадам створана паветраная падушка, якая захоўвае цяпло.
Статыстыка наконт зберажэння цеплавой энергіі толькі пачала назапашвацца. Але ўжо зараз можна сказаць, што эканомія цяпла ў абноўленым будынку будзе значнай.
Дарэчы, уся тэхніка, устаноўленая ў інстытуце, належыць да класа А — самага эканамічнага ў плане энергаспажывання. Акрамя таго, ва ўсім будынку ўстаноўлены святлодыёдныя лямпы, якія даюць 50% эканоміі ў параўнанні з люмінесцэнтнымі лямпамі і 90% — у параўнанні са звычайнымі лямпамі напальвання. Святлодыёдныя лямпы яшчэ і больш даўгавечныя: рэсурс работы адной такой лямпы — 25 тысяч гадзін. Асвятленне пры гэтым больш якаснае.
“Мы завяршылі ўстаноўку святлодыёдных лямп на пачатку мая, — расказвае Мікалай Сцяпанавіч Фяськоў, — і ўжо ў першы месяц атрымалі эканомію 450 кВт*г. А ў чэрвені, калі ў тэставым рэжыме пачала працаваць фотаэлектрычная станцыя, эканомія адразу склала 2500 кВт*г”.
У кантэксце нашай размовы пра энергаэфектыўнасць варта ўзгадаць і пра сучасную сістэму пылавыдалення, якая ўстаноўлена ў інстытуце. Яе сэнс заключаецца ў тым, што прыбіральшчыцы не цягаюць пыласосы па ўсім будынку, а ажыццяўляюць уборку, падключыўшы шланг са шчоткай да агульнай сістэмы: на кожным паверсе ёсць некалькі спецыяльных “разетак”, праз якія і ўсмоктваецца пыл. Па-першае, гэта значна спрашчае працу жанчын, а па-другое, у адрозненне ад звычайных пыласосаў робіць яе практычна няпыльнай.
Вось так спакваля ў Мінску паўстаў энергаэфектыўны дом. Тут пайшлі не простым шляхам татальнай эканоміі, калі механічна зніжаецца колькасць спажывання электраэнергіі, а пачалі ажыццяўляць сучасны энергетычны менеджмент. У выніку была створана цэласная сістэма энергазберажэння і рацыянальнага выкарыстання ўсіх наяўных рэсурсаў, што дазволіла цалкам забяспечыць гігіенічныя нормы па асвятленні і ацяпленні памяшканняў і нават палепшыць умовы працы работнікаў. А эканомія пры такім падыходзе пачала істотна перавышаць тую, што дасягаецца пастаянным давядзеннем планаў і шматлікімі абмежаваннямі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.