Сонца свеціць для ўсіх аднолькава

- 15:37Рознае, Сацыяльны ракурс

Міжнародная ініцыятыва “Горад, дружалюбны да дзяцей” — рэальная магчымасць для кожнага горада, які яе падтрымаў, зрабіць жыццё юных гараджан больш яркім і насычаным. Члены Маладзёжнага парламента Ліды (Гродзенская вобласць) замест традыцыйнага імкнення да абсталявання паркаў новымі атракцыёнамі, наладжвання дыскатэк і “зорных” канцэртаў узялі курс на сацыяльна значныя праекты. 

Хто, калі не мы?

Ужо на самай першай сустрэчы маладзёжнага парламента Ліды, якая прайшла ў кастрычніку роўна два гады назад, — на форуме “Горад для нас — мы для горада” — яго ўдзельнікі прапанавалі шэраг ініцыятыў. І так атрымалася, што большасць з іх павінна была змяніць жыццё тых, каму паклапаціцца пра гэта будзе найбольш складана — дзяцей і маладых людзей з псіхафізічнымі абмежаваннямі. У Лідскім раёне пражываюць 3613 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 161 з іх наведвае агульнаадукацыйныя школы — у горадзе 80 класаў інтэграванага навучання і выхавання. Тры навучэнцы займаюцца ў спецыяльным класе, а астатнія, хто жыве ў спецыялізаваных установах ці нават знаходзіцца на надомным навучанні, ізаляваны ад грамадства.
— Сяброўства паміж навучэнцамі школ горада пачалося даўно, калі яны арганізоўвалі сумесныя навагоднія святы ў дзіцячым доме (сёлета яго ўжо расфарміравалі), у сацыяльным прытулку, — гаворыць намеснік дырэктара Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі куратар ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” у Лідзе Ала Аляксандраўна Жылевіч. — За апошнія гады гэтыя сустрэчы сталі рэгулярнымі. Наладжана работа з дзецьмі па рэабілітацыйнай праграме “Магія, якая лечыць”: школьнікі вучаць простым фокусам дзяцей, якія маюць пераважна парушэнні апорна-рухальнага апарату. Для наведвальнікаў Лідскага ЦКРНіР валанцёры праводзяць заняткі з элементамі клоўнатэрапіі. Не застаюцца без увагі і маладыя людзі. У сярэдняй школе № 4 ужо трэці год рэалізуецца праект “Планета сяброў”, удзельнікамі якога сталі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У рамках праекта ўдзельнікі школьнага валанцёрскага атрада “Талісман” праводзяць забаўляльна-пазнавальныя, спартыўныя мерапрыемствы, арганізоўваюць дабрачынныя акцыі, закупляюць пачастункі для маладых людзей, дапамагаюць ім прыбіраць і добраўпарадкоўваць тэрыторыю цэнтра і проста цікава праводзяць выхадныя без усялякіх нагод.
лида 1— Вакол нас шмат людзей, якія маюць патрэбу ў клопаце, любові і падтрымцы, якім хочацца бачыць побач з сабой нераўнадушных людзей, — гаворыць дзесяцікласніца Антаніна Тучкоўская. — Актыўны і карысны адпачынак маладых людзей робіць іх жыццё больш насычаным, пашырае круг зносін, дапамагае ім адаптавацца ў грамадстве, павышае іх самаацэнку, дае стымул для самаразвіцця. Мы, валанцёры, атрымліваем яшчэ больш: новыя знаёмствы, новыя ўражанні, новы вопыт і адчуванне, што мы можам паўплываць на жыццё тых, пра каго часта забываюць.
У тым, што і самі дзеці, нягледзячы на іх асаблівасці, маюць таленты і здольныя падарыць мора пазітыву, упэўнены ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. І каб іх падтрымаць, педагогі і ўдзельнікі Маладзёжнага парламента ініцыіравалі праект “Мы будуем сонечны горад”.
— У гуртках цэнтра займаецца шмат дзяцей з абмежаваннямі, а да тых, якім праблематычна дабірацца, нашы педагогі ездзяць дадому, — гаворыць намеснік дырэктара РЦ ТДіМ і куратар праекта Ірына Іосіфаўна Янкоўская. — Большасць з выхаванцаў выбірае дэкаратыўна-прыкладны кірунак, паспяхова прымае ўдзел у конкурсах, выставах, творчых і святочных праграмах. І мы хочам, каб дзеці зразумелі: калі ў іх ёсць таленты, калі ім падабаецца займацца абранай справай, не варта ўспрымаць гэта толькі як хобі, і ў выпадку, калі яны не змогуць па медыцынскіх паказаннях асвоіць іншую справу, іх захапленне можа стаць прафесіяй. Некаторыя з нашых выхаванцаў ужо сталі нашымі калегамі, напрыклад, кіраўнік гуртка “Шахматы” Андрэй Васільевіч Раманюк. Хутка Наталля Ігараўна Астаніна, якая заканчвае навучанне ў Маскве, таксама будзе працаваць у нас. І мы ладзім творчыя сустрэчы з удзелам гэтых людзей, падчас якіх многія з выхаванцаў упэўніваюцца ў сваім выбары і больш сур’ёзна адносяцца да справы. А каб адчуць, ці будзе па сілах і да густу ім педагагічная справа, самі выхаванцы ўжо зараз маюць магчымасць пад кіраўніцтвам нашых педагогаў праводзіць майстар-класы для сваіх равеснікаў, скажам, па цестапластыцы ці скура-дызайне.

Не памыліцца з прафесіяй дапаможа камп’ютар

Так, прафарыентацыі навучэнцаў супрацоўнікі цэнтра ўдзяляюць вялікую ўвагу. І галоўны іх прынцып — даць магчымасць паспрабаваць сябе ў прафесіі. У прыватнасці тым, хто падумвае пра тэхнічныя і інжынерныя спецыяльнасці, спецыяльнасці ў сферы ІТ-тэхналогій, дапамогуць зрабіць выбар у ІТ-акадэміі, якая адкрылася ў верасні на базе цэнтра.
“Гэта чарговая ініцыятыва Маладзёжнага парламента, якую падтрымалі аддзел адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама і Парк высокіх тэхналогій, — гаворыць Ала Аляксандраўна Жылевіч. — лида 3Акадэмія дапаможа выявіць і развіваць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці навучэнцаў, якія змогуць вывучаць ІТ-тэхналогіі і праграмаванне на больш высокім узроўні, і акунуцца ў гэтую сферу, ацаніць свае здольнасці і інтарэсы. Дарэчы, гурткі будуць працаваць на платнай аснове, а для самых лепшых навучэнцаў, як і задумалі нашы маладыя парламентарыі, яны будуць бясплатнымі. Будуць курсы павышэння камп’ютарнай граматнасці і для педагогаў горада. З задавальненнем падключыліся і малышы: курсы “Прывітанне, камп’ютар” і “Маленькі мастак” складаюць частку развіццёвых заняткаў псіхолага з дашкольнікамі. Прадугледжана работа груп “Бацькі і дзеці”, “Малодшы вучыць старэйшага” і надомнае навучанне людзей з абмежаванымі магчымасцямі”.
Папулярнасцю ў старшакласнікаў, якія стаяць перад прафесійным выбарам, карыстаецца і ноу-хау ліцэя № 1— электронная база “Атлас прафесій”. У карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу менш рызыкі памыліцца з будучай прафесіяй, бо яны, перш чым вызначыцца, атрымліваюць падрабязную інфармацыю пра ўсе прафесіі, пра тое, у якіх навучальных установах можна іх атрымаць, якія патрабаванні прад’яўляе работадаўца, у якіх умовах будзе працаваць чалавек і які заробак будзе атрымліваць.

Танцуй дзеля жыцця!

Прадаставіць выбар — такая аснова дзейнасці і ў сярэдняй школы № 9 Ліды. Педагогі і навучэнцы за апошнія некалькі гадоў назапасілі багаты вопыт па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі сярод навучэнцаў. Школа актыўна супрацоўнічае з грамадскай арганізацыяй “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых”, Лідскім РЦТДіМ, Лідскім занальным цэнтрам эпідэміялогіі і гігіены і іншымі грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі. І пачалося ўсё з 2007/2008 навучальнага года, калі школа была ключавым партнёрам ХСДіМ у рэалізацыі праекта ў сельскіх школах Лідскага раёна па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, а з 2011/2012 навучальнага года школа — апорная пляцоўка па прынцыпе “Роўны навучае роўнага”. У праграму навучання ўваходзяць не толькі прафілактыка ВІЧ-інфекцыі, але і прафілактыка наркаманіі, алкагалізму, курэння, якая склала аснову работы клуба “У”. Запатрабаванымі і эфектыўнымі прыёмамі работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ў школе і за яе межамі сталі тэматычныя тэнсінг-шоу, інфапалатка, кінагрупа, тэматычныя дыскатэкі і іншыя творчыя метады і прыёмы.
лида пляцІх тэнсінг (энергічная сумесь спеваў, музыкі, танца, тэатра і духоўнага развіцця) не раз станавіўся лепшым сярод раённых конкурсных праграм па праблематыцы ВІЧ/СНІДу. Фотарэпартаж, падрыхтаваны педагогамі школы сумесна з валанцёрамі ХСДіМ на аснове рэальных падзей праграмы, атрымаў 3 месца на Рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі “Чырвоная стужка — сімвал барацьбы са СНІДам”. Цяпер пачаўся новы праект “Інтэрактыўныя ўрокі дзеля жыцця” ў школе і раёне. Яго задача — умацоўваць здароўе праз танец і кіно.
— Мы шукаем нестандартныя формы, каб прыцягнуць увагу да праблемы, — гаворыць навучэнка 11 класа Вікторыя Літус. — Можна прыйсці і пачытаць лекцыю пра тое, што такое ВІЧ, расказаць пра шляхі заражэння, але хто нас будзе слухаць? Нягледзячы на тое, што моладзь лічыць, што ўсё даўно ўжо ведае, распаўсюджванне ВІЧ не спыняецца. У новым праекце наш інструмент — кіно і танцы. Падчас выязных акцый у навучальныя ўстановы мы па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” расказваем усю неабходную інфармацыю падчас тэматычных шоу, праводзім віктарыны, самыя актыўныя ўдзельнікі якіх атрымліваюць прызы. Маладыя людзі разам з мадэратарамі становяцца на трэнінгах і кінакрытыкамі, і танцорамі.
Канечне, шкодным звычкам лепш процістаяць, падтрымліваючы добрую фізічную форму. Таму гэты прынцып стаў адным з галоўных для супрацоўніцтва моладзі і ўлад горада. У Лідзе дзейнічаюць 3 спарткомплексы, 2 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, 2 стадыёны, 2 басейны, 12 міні-басейнаў, 27 спартзал, 6 стралковых ціраў, футбольны і хакейны клубы і г.д.
Нядаўна адкрыўся шматфункцыянальны спартыўны комплекс з футбольнай, баскетбольнай, валейбольнай пляцоўкамі. Лёгкаатлеты збіраюцца на вулічныя спаборніцтвы на бегавой дарожцы, кожны вечар майстар-класы ад юных ролераў і веласіпедыстаў праходзяць на горках для велатрыяла, не пустуюць і турнікі. Ёсць чым тут заняцца і малышам.
Ажыццявілася і яшчэ адна мара юных гараджан — пра каток. Раней, як толькі прыходзілі першыя маразы, дзеці разам з педагогамі самі залівалі пляцоўкі. Цяпер навучэнцы гэтай школы, гэтак жа як і іншыя аматары, ганяюць у хакей, удасканальваюцца ў фігурным катанні ці проста з карысцю праводзяць час на каньках у шыкоўным Лядовым палацы.

Экскурсія па горадзе з аўдыягідам

Многія дзіцячыя ініцыятывы прадыктаваны любоўю да свайго роднага горада. Гэта і ўсе акцыі па ўборцы і азеляненні горада ў рамках праекта “Зялёны горад”, ініцыіраванага навучэнцамі сярэдняй школы № 6. Зараз толькі пачынаецца праект гімназіі № 1 Ліды “Вуліцы нашага горада”, які праводзіцца сумесна з гарадскім аўтапаркам. Пачаўся ён у бібліятэках і архівах, дзе гімназісты збіралі інфармацыю пра ўсе вуліцы горада, а працяг атрымаў прама ў аўтобусах: пасажыры чуюць не проста назвы прыпынкаў — вуліца Тухачэўскага, князя Гедыміна ці Замкавая, — але і самыя цікавыя факты з гісторыі, якія і далі назву вуліцы. А калі ёсць час, пасажыры нават прапускаюць свой прыпынак і едуць далей на гістарычную экскурсію з аўдыягідам.
Сёння моладзь можа шмат зрабіць для свайго горада і для яго жыхароў. Галоўнае — не быць раўнадушным да ўсяго, што адбываецца навокал. Гэта ўжо першы крок да таго, каб горад станавіўся яшчэ больш прыгожым, камфортным і каб усім без выключэння жылося ў ім лепш. Нездарма ж у песні пяецца: сонца свеціць усім аднолькава.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Лідскага РЦТДіМ.