Спаборніцтва, свята, сустрэча сяброў

- 11:37Адукацыйная прастора

Трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах на Віцебшчыне — гэта больш за 1,1 тысячы ўдзельнікаў, новы вучэбны прадмет у праграме, вяртанне алімпіяды па роднай мове і літаратуры ў Віцебск, рэкордны бал па рускай мове і літаратуры, поспех каманд Міхаіла Волкава і Веранікі Лакціной.

Абсалютныя пераможцы абласнога этапу алімпіяды па вучэбных прадметах Арцём Віленскі і Анастасія Прусакова (гімназія № 2 Віцебска).

Алімпіяда праходзіла ў абласным цэнтры, Оршы (геаграфія, руская мова і літаратура) і Полацку (замежныя мовы). Сёлета ўпершыню была арганізавана алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі, за кошт чаго павялічыўся склад удзельнікаў, а найбольшая іх колькасць была заяўлена па замежных мовах і матэматыцы. У алімпіядзе па фізіцы разам з беларусамі спаборнічала каманда Масквы. Практычныя туры па хіміі, біялогіі і інфарматыцы праходзілі на базе ўніверсітэтаў (ВДМУ і ВДУ імя П.М.Машэрава). Па выніках абласнога этапу ў лідары выйшлі Першамайскі і Чыгуначны раёны Віцебска (112 і 54 дыпломы) і Полацкі раён (63 дыпломы). Лепшую падрыхтоўку прадэманстравалі навучэнцы гімназій №№ 8, 2 і 1 Віцебска (51, 50 і 37 дыпломаў). Варта адзначыць выступленне навучэнцаў настаўніцы гімназій №№ 1 і 8 Віцебска Веранікі Лакціной (17 дыпломаў) і каманды матэматыкаў гімназіі № 8 Віцебска, трэнерам якой з’яўляецца славуты Міхаіл Волкаў: на яе рахунку 20 дыпломаў, у тым ліку чатыры — І ступені (настаўнікі Наталля Даброцкая, Ларыса Іванова і Галіна Крыванос). Адкрыццём алімпіяды па рускай мове і літаратуры стаў васьмікласнік гімназіі № 2 Віцебска Арцём Віленскі (настаўнік Галіна Дзегцярова), які паставіў рэкорд алімпіяды — 92,25 бала. Па словах старшыні журы, дэкана філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава, доктара педагагічных навук, прафесара Сяргея Нікалаенкі, за вуснае выступленне ўсе члены журы паставілі Арцёму па 15 балаў — такое ў практыцы алімпіяд сустракаецца выключна рэдка. Дарэчы, каманда гімназіі па ўказаным прадмеце мае абсалютнага пераможцу ў 11 класе Марыю Барабашову і, акрамя таго, яшчэ ўзнагароды.

Традыцыйна пляцоўкамі правядзення алімпіяды па беларускай мове і літаратуры былі ўстановы адукацыі Оршы і Полацка. Сёлета ўпершыню за 28 гадоў яе прымаў абласны цэнтр: 90 удзельнікаў сустрэліся ў Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжы. Спаборніцтва ўключала тры этапы: пісьмовы водгук, комплексную работу па прадмеце і вуснае выступленне. Былі прадстаўлены ўсе раёны вобласці. Як адзначыў старшыня журы, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М.Машэрава Генадзь Арцямёнак, у параўнанні з мінулым годам прыкметна вырас узровень падрыхтоўкі і, адпаведна, канкурэнцыя сярод каманд. У выніку ўзнагароды пераможцаў у геаграфічным разрэзе размеркаваліся больш раўнамерна. Найлепш праявілі сябе навучэнцы з Полаччыны — на іх рахунку сем дыпломаў; у знаўцаў роднай мовы і літаратуры з Наваполацка і Першамайскага раёна Віцебска па пяць дыпломаў, тры — у скарбонцы каманды Глыбоцкага раёна.

Абсалютнымі пераможцамі алімпіяды сталі Паліна Сляпцова (11 клас, Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны, настаўніца Алена Казлова), Ілона Мішчук (10 клас, гімназія № 8 Віцебска, настаўніца Алена Бажэлка) і Анастасія Прусакова (9 клас, гімназія № 2 Віцебска, настаўніца Вольга Каламійцава). Усяго ў вучняў Алены Казловай — тры ўзнагароды; па два дыпломы ў вучняў Алены Бажэлка і настаўніцы сярэдняй школы № 12 Наваполацка Лідзіі Ярахновіч.

У сакавіку ў Віцебскай вобласці адбудзецца заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, замежных мовах, фізіцы і астраноміі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.