Спорт аб’ядноўвае

- 10:09Спартыўныя падзеі

Старажытнае Гродна на тыдзень стала месцам, дзе панавалі юнацтва, спартыўны азарт і сяброўства. Горад над Нёманам чацвёрты раз прымаў удзельнікаў спартакіяды навучэнцаў “Алімп” у рамках спартакіяды Саюзнай дзяржавы.

Спаборніцтвы праходзілі па трох відах спорту: настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы, баскетболе 3х3. У іх удзельнічалі 96 спартсменаў 2004—2005 гадоў нараджэння.

Урачыстая цырымонія адкрыцця спартакіяды адбылася ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Тут прысутнічала спартыўная дэлегацыя з Расіі — юныя спартсмены і іх трэнеры з Масквы і Маскоўскай вобласці, Архангельска, Пскова, Вялікага Ноўгарада, Ейска, Ніжняга Ноўгарада, Смаленска, Татарстана, а таксама беларускія спартсмены.

Прывітальны адрас ад дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты агучыў начальнік аддзела сацыяльнай палітыкі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Сяргей Ігнацьеў. Удзельнікаў віталі намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Дурноў і двухразовы алімпійскі чэмпіён чатырохразовы чэмпіён свету па цяжкай атлетыцы Аляксандр Курловіч.

— Высокія дасягненні пачынаюцца з такіх стартаў, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Я сам пачынаў займацца спортам у дзесяць гадоў, а ў трынаццаць меў юнацкі рэкорд. Такія спаборніцтвы даюць неацэнны вопыт юным спартсменам, дазвалюць ім сталець і станавіцца чэмпіёнамі.

Трэнер па баскетболе са Смаленска Ігар Ніколін, выхаванцы якога выступалі за зборную каманду Расіі, таксама падкрэслівае важнасць удзелу юных спартсменаў у такіх спаборніцтвах. Тут можна ўбачыць узровень калег з іншых рэгіёнаў, адчуць адказнасць за права прадстаўляць сваю краіну і абараняць яе гонар.

І хоць ад “Алімпіі” да Алімпіяды шлях доўгі, зоркі тут таксама запальваліся. Пяць разоў узнімаўся на п’едэстал гонару навучэнец сярэдняй школы № 13 Баранавіч Уладзіслаў Крушын. Хлопец перамог у бегу на 100, 200, 400 метраў з уласным рэкордам, а таксама ў складзе каманды ў эстафетным бегу. Каманда Брэсцкай вобласці заняла 1-е месца па лёгкай атлетыцы. Уладзіслаў займаецца ў СДЮШАР № 2 па лёгкай атлетыцы Баранавіч у трэнера Мікалая Паўлоўскага.

А яшчэ мэта “Алімпіі” — выхаванне сяброўства паміж юнымі грамадзянамі Беларусі і Расіі. Дзеці на спартыўных пляцоўках былі сапернікамі, а па-за імі — сябрамі, для якіх арганізавалі экскурсію па Гродне, наведванне маладзёжнага цэнтра “Гродна”, агратурыстычнага комплексу “Каробчыцы”. І, як сказаў юны гродзенскі баскетбаліст Андрэй Валюк перад пачаткам спаборніцтваў, яго мэта — знайсці новых сяброў і заняць першае месца. І хоць першае месца каманда не заняла, сябры пасля спартакіяды ў Андрэя з’явіліся.

Урачыстае закрыццё спартакіяды “Алімпія” прайшло ў цэнтральным спартыўным комплексе “Нёман”. Пераможцам уручылі медалі, граматы, кубкі і падарункі. У лёгкай атлетыцы 1-е месца ў камандным заліку заняла Брэсцкая вобласць. На 2-м месцы — Гродзенская вобласць, на 3-м — каманда Смаленскай вобласці. У баскетболе перамаглі дзяўчаты з Мінска. На 2-м і 3-м месцах — каманды Смаленскай і Пскоўскай абласцей. У юнакоў таксама перамагла каманда з Мінска, на 2-м і 3-м месцах адпаведна каманды Масквы і Пскоўскай вобласці. У настольным тэнісе лепшай стала каманда Масквы. 2-е месца заваявалі юныя спартсмены з Татарстана, 3-е — каманда Брэсцкай вобласці.

Напрыканцы цырымоніі расійскія і беларускія спартсмены абмяналіся памятнымі вымпеламі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.