Справа ўсяго жыцця

- 10:50Людзі адукацыі

Васілевіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку функцыянуе ўжо амаль 60 гадоў (год заснавання — 1961) і ўжо амаль 40 гадоў (год назначэння — 1981) яе дырэктарам з’яўляецца Ігар Сяргеевіч Цыцура. Гэтыя лічбы гавораць самі за сябе: большая частка існавання гэтай установы адукацыі звязана з яго цяперашнім дырэктарам, увесь педагагічны шлях якога — гэта велізарны і неацэнны ўклад Ігара Сяргеевіча ў багатую на падзеі і дасягненні гісторыю школы.

Быць дырэктарам на працягу столькіх гадоў — асаблівы дар, прызванне. Гэта таксама вялікая адказнасць і вялікая гордасць за сваё дзецішча — сваю любімую школу.

У 1974 годзе Ігар Сяргеевіч пасля заканчэння ГДУ імя Ф.Скарыны ў якасці маладога спецыяліста з дыпломам выкладчыка гісторыі па размеркаванні прыбыў у Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Васілевіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку стала не толькі адзіным месцам работы, але і справай усяго яго жыцця.

Актыўны, мэтанакіраваны і камунікабельны педагог цалкам аддаваўся любой рабоце, як кажуць, гарэў ёй. Пачынаў Ігар Сяргеевіч з пасады выхавальніка, потым узяўся за абавязкі педагога-арганізатара. Прыродная прывабнасць, энергічнасць і яркія якасці лідара не засталіся без увагі кіраўніцтва. У 1981 годзе Ігар Сяргеевіч становіцца дырэктарам Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку.

Столькі гадоў знаходзячыся на чале школы, Ігар Сяргеевіч стараецца высока трымаць планку, прыкладае ўсе намаганні для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сваёй установы, для стварэння камфортных умоў пражывання і навучання дзяцей. З кожным годам школа становіцца толькі прыгажэйшай і больш утульнай, а адукацыйны працэс праходзіць у адпаведнасці з сучаснымі метадычнымі патрабаваннямі і новымі тэхналогіямі.

Ігар Сяргеевіч не з тых кіраўнікоў, якія спыняюцца на дасягнутым і спачываюць на лаўрах. Яго актыўная натура заўсёды ў бесперапынным пошуку, ён ставіць перад педагагічным калектывам новыя мэты і задачы, якія потым паспяхова ажыццяўляюцца. Ігар Сяргеевіч малады душой, поўны сіл і энтузіязму, здаровай амбіцыйнасці, жадання зрабіць сваю школу самай лепшай.

Педагогі і вучні школы вядуць насычанае грамадскае жыццё, дэманструюць поспехі і дасягненні. Дзеці ахвотна займаюцца ў гуртках па інтарэсах музычнага, мастацкага і спартыўнага напрамкаў, наведваюць школу мастацтваў гарадскога Дома культуры. Неаднаразова вучні нашай школы станавіліся пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў: “Вясёлкавы карагод”, “Музыка дзіцячай душы”, “Аб’ядноўваючы сэрцы”, “Музычны экспрэс” і інш. З апошніх дасягненняў — 2-е месца за ўдзел у абласным конкурсе “Дзве зоркі”, прызавыя месцы за ўдзел навучэнцаў школы ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах параалімпійцаў па лёгкай атлетыцы.

Педагагічны калектыў школы валодае вялікім творчым патэнцыялам і педагагічным майстэрствам. Ігар Сяргеевіч пастаянна стымулюе і заахвочвае далейшае развіццё здольнасцей і талентаў педагогаў як у творчасці, так і на педагагічнай ніве. Калектыў мастацкай самадзейнасці педагагічных работнікаў школы неаднаразова ўдзельнічаў у конкурсах і аглядах, паказваючы дастойныя вынікі.

У 2017 годзе ўстанова заняла 2-е месца ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшая спе­цыяльная агульнаадукацыйная школа (спе­цыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”.

Яркае, насычанае жыццё школы — гэта своеасаблівы стыль супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння дарослых і дзяцей, які пастаянна падтрымліваецца дырэктарам школы.

Ігар Сяргеевіч за гады свайго ды­рэктарства паставіў на ногі мноства выпускнікоў, што называецца, вывеў іх у людзі. Прыязджаючы ў любімую школу, яны з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю гавораць пра свайго дырэктара. Ніхто не крыўдуе за часам залішнюю строгасць, а калі і ўспамінае пра гэта, то толькі з гумарам. Але кожны можа ўспомніць штосьці асабістае і толькі добрае, звязанае з Ігарам Сяргеевічам: як пагладзіў па шчацэ ці прыабняў, заўважыўшы журбу; як знайшоў патрэбныя словы, каб супакоіць; як нечакана паставіў добрую адзнаку; як пачаставаў малыша цукеркай і многае іншае. Гэта сапраўды здорава — мець такога дырэктара: моцнага, разумеючага, цярплівага, які па-бацькоўску любіць усіх без выключэння сваіх падапечных.

Ігар Сяргеевіч — цудоўны чалавек, на­дзелены многімі станоўчымі якасцямі. У ім спалучаюцца мудрасць, сіла і на­дзейнасць вопытнага кіраўніка; руплі­васць, ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць добрага гаспадара; строгасць, дыпламатычнасць і гумар таленавітага педагога; ён выдатны сем’янін: любячы муж, бацька і дзядуля. А самыя галоўныя якасці нашага кіраўніка — прастата ў зносінах, спагадлівасць і дабрыня вялікай душы Чалавека.

Кацярына БЕЛАЯ,
выхавальніца Васілевіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.