Справа жыцця

- 15:55Рознае, Сацыяльны ракурс

Сёння ў Рэспубліканскім палацы культуры ветэранаў сабраліся прадстаўнікі самых розных прафесій — рабочыя, інжынеры, урачы, педагогі… Розныя лёсы, розныя людзі, але ўсе яны аб’яднаны адной галоўнай рысай — сапраўднай адданасцю той справе, якую выбралі. А як інакш, калі гэты інтарэс да пэўнай прафесіі перадаецца ў іх з пакалення ў пакаленне, і сямейны працоўны стаж у многіх вымяраецца нават не дзясяткамі, а сотнямі гадоў. Гэта сапраўдныя працоўныя дынастыі — кожная са сваёй непаўторнай і цікавай гісторыяй, багатым вопытам і нязменным перакананнем, што іх прафесія — самая лепшая.
Сярод іх і педагагічная дынастыя Храпуцкіх, дзе тры пакаленні выбралі адзін і той жа прафесійны шлях, прычым не проста педагогаў, а менавіта педагогаў-славеснікаў. Што ж такога прыцягальнага ў гэтай прафесіі, што кожнае наступнае пакаленне і сваіх дзяцей накіроўвае на той жа шлях — вядома ж, што бацькі дрэннага сваім дзецям не параяць.

А пачалося ўсё з Марыі Данілаўны Храпуцкай. Хоць, па праўдзе кажучы, у далёкія даваенныя гады і не было ніякіх знешніх перадумоў для таго, каб звычайная сельская дзяўчынка ўрэшце стала настаўніцай. Сёння ж дынастыя Храпуцкіх — гэта тры пакаленні настаўнікаў-славеснікаў. Усе яны вучыліся ў добрушскай сярэдняй школе № 1 Гомельскай вобласці. Дрэва гэтай дынастыі моцна і надзейна трымаецца на магутных каранях — асобе Марыі Данілаўны Тамашовай (Храпуцкай) — настаўніцы рускай і беларускай мовы і літаратуры Пераростаўскай сярэдняй школы, сярэдніх школ № 5 і № 3 Добруша, дырэктара Добрушскага дома піянераў.
За яе плячыма складанае, а часам і драматычнае жыццё. Яшчэ ў маленстве дзяўчыне прыйшлося перажыць і раскулачванне — бацькі былі заможнымі сялянамі, і смерць матулі. Выхоўвалі яе бабуля з татам, а потым у доме з’явілася новая гаспадыня — бацька ажаніўся другі раз. Дзяцінства было галодным. І сёння жанчына памятае, як вечарамі ў сям’і загадвалі загадкі і елі па чарзе з адной міскі. Але ўсё ж больш памятнае для яе іншае: дзіцячае захапленне школай, вучобай і кнігамі. Па томіку вершаў Някрасава, які захаваўся ў сям’і да гэтага часу, у тыя гады дзеці ў сям’і Марыі Данілаўны вучыліся чытаць. А пазней, калі ў дом Храпуцкіх прыходзілі госці, бацька ставіў дзяўчыну на крэсла, і Марыя чытала вершы Купалы. Калі ж дзяўчына брала ў рукі і чытала газету — як сёння памятае, “Сталінец”, — бабуля ўсё здзіўлялася: “Унучка, ты і газету чытаць умееш? Абавязкова будзеш настаўніцай…”
Тое казаў і бацька: “Вы, хлопцы, як захочаце, а Марыя абавязкова будзе настаўніцай”. Гэтыя ж словы бацька сказаў і на развітанне, калі адыходзіў на вайну, з якой так і не вярнуўся.
Марыя Данілаўна выканала гэты наказ. Праўда, спачатку было рамеснае вучылішча, праца на папяровай фабрыцы, вучоба ў Гомельскім фізкультурным тэхнікуме, пасля якога дзяўчыну накіравалі на работу настаўніцай фізкультуры ў Пераростаўскую сярэднюю школу. Але Марыя Данілаўна не з тых людзей, якія лёгка адмаўляюцца ад сваёй мары: з дзяцінства яна захаплялася менавіта словам, кнігай. Таму ў вольны ад работы час вучыла чытаць і пісаць не толькі дзяцей, але і дарослых, якім вучыцца ў свой час перашкодзіла вайна. Ужо тады яна рыфмавала правілы, прыдумвала цікавыя гісторыі з “жыцця” часцін мовы. Выдатна, што ў гэты час знайшоўся чалавек — тагачасны дырэктар школы, які параіў: “Паступай на завочнае, вучыся на настаўніцу беларускай мовы. Зможаш”.

І сапраўды змагла. З усіх узнагарод, прызнаецца сёння Марыя Данілаўна, дыплом настаўніка беларускай мовы, які быў выдадзены ёй у 1961 годзе, — бадай што самая каштоўная і важная ўзнагарода. Таму і ў далейшым Марыя Данілаўна аддана займалася выбранай справай. Не абмяжоўвалася школьнай праграмай — заўсёды імкнулася выйсці за рамкі. На заняткі паэтычнага гуртка запрашала паэтаў і пісьменнікаў-землякоў: Паўлюка Пранузу, Івана Шамякіна, іншых мясцовых славутых людзей. Літаратурны гурток пад яе кіраўніцтвам вёў перапіску з Міхасём Лыньковым.
Шчырасць і справядлівасць заўсёды адчувалі і адчуваюць ад Марыі Данілаўны людзі, якія яе ведаюць, а ў Добрушы нехта абавязкова ці яе вучань, ці сын або дачка вучня, унук або ўнучка вучня, а можа быць, жонка, маці, бацька вучня… Гэтая настаўніца якраз з тых, з кім вучні падтрымліваюць сувязь усё жыццё. Сваіх былых вучаніц жанчына выдавала замуж, хлопцаў адпраўляла служыць у армію і падтрымлівала словам і наказам на працягу гэтага няпростага для кожнага юнака часу. Вось адзін з іх, Алег Уладзіміравіч Адарачкін, сёння ўзгадвае: “Калі служыў у арміі, з нецярпеннем чакаў лістоў ад настаўніцы, часта ўспамінаў школу, сяброў. Асабліва мне запомніліся словы класнага кіраўніка Марыі Данілаўны аб тым, што не важна, ДЗЕ працаваць, а важна, ЯК працаваць…”
У гэтым, напэўна, і ёсць сакрэт прафесійнага шчасця — працаваць з радасцю і захапленнем, засяроджваючыся на лепшым, што дае табе прафесія. А ў педагогаў, пераканана настаўніца, проста безліч такіх прыемных адметнасцей: штодзённая радасць ад дасягненняў, няхай і дробных, сваіх вучняў, пазнанне разам з дзецьмі новага, бо нават кожнае новае прачытанне аднаго і таго ж твора праз прызму іншага пакалення адкрывае штосьці нечаканае. І, безумоўна, удзячнасць людзей — за сябе, за сваіх дзяцей і ўнукаў.

Усё гэта разам вызначыла і прафесійны шлях наступнага пакалення сям’і Храпуцкіх — Галіны і Людмілы.
Сёння Галіна Анатольеўна Зайцава (Храпуцкая) — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, яе педагагічны стаж — 30 гадоў. А Людміла Анатольеўна Атрошчанка (Храпуцкая) працуе настаўніцай 25 гадоў. Гэтак жа, як і іх маці, жанчыны, нягледзячы на ўсе цяжкасці сённяшняга настаўніцтва, захоплены сваёй прафесіяй.
— Пяць шчаслівых гадоў універсітэта праляцелі як адно імгненне, пакінуўшы ў памяці мелодыі студэнцкага хору, дыпломы міжуніверсітэцкіх алімпіяд і… велізарнае жаданне працаваць у школе, — прыгадвае сёння Людміла Анатольеўна. — Па размеркаванні засталася працаваць у Гомелі: першыя самастойныя крокі ў прафесіі, добразычлівасць калег, адчуванне стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні — усё задавальняла. Але ўсё змяніла нечаканая просьба жанатага аднакурсніка памяняцца месцамі працы: “Выручай, сям’я распадаецца. Я ў вёсцы за 70 км, а жонка тут…” Так, літаральна праз два дні я ўжо ішла па калідоры Кругаўскай школы з адчуваннем, што трапіла ў іншы свет. Потым мае знаёмыя не раз здзіўляліся, чаму я змяніла Гомель на вёску і не пераходжу працаваць хаця б у раённы цэнтр. Усё проста: ад дабра дабра не шукаюць. Я патрэбна была менавіта там. Таму і працавала.
І сёння, праз многія гады, настаўніца прыгадвае свае першыя крокі сельскай настаўніцы і зноў пераконваецца: яе праца была патрэбнай, а гэта дае чалавеку такое неабходнае пачуццё недарэмнасці існавання. Людміла Анатольеўна з усмешкай прыгадвае эпізоды з таго часу. Вось застаецца пасля ўрокаў, да яе падыходзіць вучаніца і сарамліва пытаецца, як знайсці фікусы.
— Паказваю ёй кветку, а яна адмахваецца: не гэту, а ў слове, — застаёмся пасля ўрокаў і шукаем гэтыя загадкавыя “фікусы-суфіксы, — прыгадвае настаўніца. — А аднойчы раніцай з цяжкасцю адчыніла дзверы кватэры: ля іх стаяў мех з бульбай і запіскай “Анатольеўне”. Гэта быў сапраўды шчаслівы час, калі хобі і работа супадалі: выдатныя калегі, цікавыя дзеці, творчыя паездкі…
Пазней школу закрылі. Па ёй Людміла Анатольеўна сумуе і сёння, хоць і знайшла новы калектыў — перайшла ў гарадскую школу, да таго ж кіравала раённым метадычным аб’яднаннем настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. А потым пайшла на работу ў раённы аддзел адукацыі.

Трэцяе пакаленне дынастыі — гэта Людміла Уладзіміраўна Кулік і Марыя Уладзіміраўна Шапавалава (Зайцавы). Абедзве з адзнакай скончылі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і сёння працуюць педагогамі. Людміла Уладзіміраўна выкладчыцай англійскай мовы ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога, а Марыя Уладзіміраўна — настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 2 Добруша. Гледзячы на іх, бабуля, якая паклала пачатак традыцыям настаўніцтва ў сям’і, з усмешкай і адначасова гонарам кажа, што з такой зменай яна спакойная за будучыню прафесіі.
Дарэчы, у гэтым годзе дыплом выкладчыка атрымае яшчэ адна ўнучка Марыі Данілаўны Храпуцкай — Галіна Атрошчанка. Відавочна, што працяг у гэтай педагагічнай дынастыі, агульны стаж якой сёння ўжо 183 гады, будзе.

 

Алена МАРКЕВІЧ.