Выхаванне на праваслаўных драдыцыях
Свята Нараджэння Хрыстова — гэта ўвасабленне Божай любові да людзей. І каму, як не дзецям, асабліва важна ў гэтыя святочныя дні адчуваць Божую ласку і бацькоўскую любоў. Напярэдадні свят усе старанна рыхтуюцца і робяць добрыя справы. Далучыліся да святкавання і вучні пачатковых класаў Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Перш вучні наведалі Свята-Міхайлаўскую царкву. Настаяцель храма айцец Валерый ветліва сустрэў дзяцей, расказаў гісторыю храма, а таксама гісторыю нараджэння Ісуса Хрыста. Свяшчэннік растлумачыў, чаму важна маліцца, наведваць храм, спавядацца і прычашчацца.
Дзеці расказвалі вершы, спявалі калядныя песні. Ад бацюшкі кожны атрымаў салодкі падарунак. Айцец Валерый павіншаваў усіх са святам і пажадаў Божага блаславення. Традыцыйна падчас калядных свят дзеці наведваюць хворых, адзінокіх людзей, дораць ім падарункі, якія падрыхтавалі самастойна. Мясцовыя жыхары шчыра дзякавалі дзецям і настаўнікам за ўвагу, а на іх вачах былі слёзы і радасці, і смутку.
Па традыцыі на свята Богаяўлення, або Хрышчэння Гасподня, навучэнцы разам з праваслаўнымі вернікамі здзяйсняюць хрэсны ход да мясцовай купелі. Душы дзяцей напаўняюцца захапленнем, здзіўленнем, радасцю і шчасцем.
Жанна ЖЫНКО,
настаўніца пачатковых класаў Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.