Спяшацца рабіць дабро

- 12:57Нам пішуць

У рэспубліканскай акцыі “Цуды на Каляды”, арганізаванай БРСМ, актыўны ўдзел прынялі школьнікі Маларытчыны. Так, у раённай гімназіі на працягу некалькіх дзён вучні 1—7 класаў збіралі цацкі і канцылярскія прылады, з якімі актывісты пярвічнай арганізацыі БРПА разам з сацыяльным педагогам Ларысай Сцепанюк, педагогам-арганізатарам Вольгай Махнавец, Дзедам Марозам і Снягуркай наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Маларыце. Яго гаспадары Таццяна і Вячаслаў Абрамук выхоўваюць 11 дзяцей: 7 прыёмных (самаму меншаму, Раману, — год, а самай старэйшай, Анжаліцы, — 13) і 4 сваіх.

— Працаваць мамай — маё прызванне, — гаворыць Таццяна Абрамук. — Як цудоўна атуляць дзяцей увагай і клопатам! Кожнаму з іх імкнёмся аддаваць часцінку сябе і сваёй цеплыні, штодзень дорым ім радасць. Каб працаваць у дзіцячым доме сямейнага тыпу (а ў ім мы жывём ужо крыху больш за год) неабходны цярпенне і вялікая любоў, спагада і чуласць, міласэрнасць і жаданне быць патрэбным дзецям.Госці з раённай гімназіі шчыра павіншавалі сям’ю Абрамук са святамі, прачыталі вершы, пажадалі дарослым шчасця і поспехаў ва ўсім, а дзецям — добрых адзнак і цудоўнага настрою.
Дзед Мароз і Снягурка ўручылі дзецям падарункі, сабраныя гімназістамі, і разам з імі звадзілі карагод вакол навагодняй ёлкі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.