Будучы нядаўна ў Гомелі ў камандзіроўцы ў рамках праекта “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, пачуў ад аднаго са сваіх інтэрв’юентаў гітарыста вакальна-інструментальнага ансамбля “Трыб’ют” Жлобінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Мішы Шаронава слова “камора”. Ён гаварыў пра тое, што ў “камору” яго і таварышаў прывёў яго выкладчык Дзмітрый Марозаў. Там яны пачалі гісторыю свайго гурта, а ўрэшце выйшлі на вялікія сцэны, у тым ліку на гала-канцэртную сцэну “АРТ-вакацый” у якасці пераможцаў. У мяне не было іншых альтэрнатыў назвы раздзела пра “Трыб’ют” і Мішу — “З каморы на сцэну”.
Мы гутарылі з Мішам у Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.
А ў філасофіі ёсць такое паняцце, як антыцыпацыя. Са старажытнай грэчаскай мовы гэтае слова перакладаецца як “прадугадванне”, “апярэджанне”, “вызначэнне наперад”, “калька”. Пачуўшы з вуснаў Мішы слова “камора”, я нейкім шостым пачуццём адчуў, што і ў Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі знайду такую “камору”, адкуль дзеці выходзяць на сцэну.
Маё пачуццё мяне не падвяло. Блукаючы па першым паверсе дома, я незнарок зазірнуў у адзін кабінет. А там убачыў… Макса Лорэнса, які вёў заняткі са сваімі выхаванкамі. “Макс, добры дзень, — сказаў я. — Я журналіст “Настаўніцкай газеты”. Так нечакана вас тут сустрэць. А можна ўзяць у вас інтэрв’ю?”
“Ну, канечне. Толькі пачакайце крыху. Пасля рэпетыцыі…” — адказаў Макс.
“Добра, вялікі дзякуй”, — адказаў у сваю чаргу я і зірнуў на шыльду: “Вакальная стартап-студыя Макса Лорэнса”. Мяне тут жа перапоўнілі эмоцыі: праз колькі часу буду браць інтэрв’ю ў музыканта, вядомага на ўвесь былы СССР, першага ў гісторыі “Славянскага базару ў Віцебску” беларускага ўладальніка гран-пры гэтага конкурсу, аднаго з аўтараў незабыўнага хіта “Чорны бумер”, калегі і сябра Сярогі… Выкладчыка Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.
— Максім, наколькі ведаю, ваша мама — музыкант. І вы скончылі ў свой час музычна-педагагічны каледж. Як вы самі лічыце: адкуль у вас музыкальнасць — ад мамы, ад каледжа, ад лёсу?
— Ад прыроды. Я ніколі не ставіў сабе задачы заканчваць установы вышэйшай адукацыі музычнага профілю… Я наогул ішоў крыху па іншым шляху, па шляху замежных моў. Але прырода заўсёды мацнейшая за ўсё астатняе. Таму мае прыродныя магчымасці перацягнулі коўдру на сябе, і музыка стала тым, што называецца “маё”. Гітару пачаў вывучаць самастойна. Гэта было стыхіяй: у двары, на ложку дома, усюды, дзе было магчыма. Але сёння разумею, што я, сапраўды, імкнуўся да музыкі добрай якасці: Майкла Джэксана, Bon Jovi, Міка Джагера… Вось гэтае ўсё заходняе, што нам, людзям савецкім, у свой час дазвалялася, я вывучаў. Гэтыя 7 гукаў, у якіх была нейкая прыемная гармонія, любоў, дабро. У нейкі момант я незаўважна для сябе зацягнуўся ў сферу госпела — паслухаў гурт Boyz II Men, іх балады End of the Road, I’ll Make Love to You, One Sweet Day… Гэта было накшталт нейкай рэвалюцыі ў маёй свядомасці. А я на той момант зусім не ведаў такога стылю: адкуль ён бярэцца, з якіх нетраў свядомасці…
Макс Лорэнс (Максім Анатольевіч Сапацькоў)
Нарадзіўся 13 чэрвеня 1981 года ў сям’і выкладчыцы вакалу Ларысы Сяргееўны Сапацьковай і інжынера-механіка Анатоля Ананьевіча Сапацькова. У Максіма ёсць старэйшая сястра. У 6 гадоў пайшоў у гомельскую сярэднюю школу № 46 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы (з 2007 года гімназія № 46, у 2008 годзе гімназіі прысвоена імя Блеза Паскаля). Паралельна вучыўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Спяваў з ранняга дзяцінства, але па-сапраўднаму пачаў захапляцца спевамі з 13 гадоў. Таксама захапляўся баскетболам, выяўляў вялікія здольнасці да вывучэння замежных моў і малявання. Пасля музычнай школы сам асвоіў гітару. У дзіцячым узросце ўзяў удзел у сольных спевах на конкурсе царкоўных песень у Польшчы і заняў 1-е месца. У падарунак атрымаў Біблію і каляндар, якія беражліва захоўвае да гэтага часу.
Пасля 9 класа паступіў у музычна-педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. З гэтага часу на працягу некалькіх гадоў удзельнічаў у розных музычных тандэмах і групах. Найбольш працяглым быў удзел у групе Slam Jam (soul, pop, r’n’b). У 2000 годзе паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. А ў 2002 годзе ў творчай кар’еры Максіма адбыўся першы вялікі поспех: праект “Сярога” з яго непасрэдным удзелам атрымаў гран-пры на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў у Арле. У 2003 годзе Максіма запрасілі прыняць удзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дзе ён таксама атрымаў гран-пры. Такім чынам, Максім стаў першым беларускім выканаўцам, які ўзяў гран-пры на гэтым конкурсе. “Я быў вельмі рады гэтай магчымасці — прыняць удзел у “Славянскім базары ў Віцебску”, — успамінаў Максім. — Было сапраўды нялёгка перамагчы ў ім. Пасля перамогі на “Славянскім базары” маё жыццё падзялілася на дзве часткі: у адной я быў Максімам Сапацьковым, выканаўцам лірычных песень і рамансаў, у другой — Максам Лорэнсам у праекце “Сярога”. Нягледзячы на тое, што Максіма Сапацькова пасля перамогі ў конкурсе чакалі ўсенародная любоў і папулярнасць, я адчуваў, што бліжэй мне праект “Сярога”, дзе я рэалізоўваўся не толькі як выканаўца, але і як музыкант і кампазітар”.
У 2004 годзе праект “Сярога” выпускае альбом “Мой двор: вяселле і пахаванне”, які прынёс яго аўтарам (Макс Лорэнс удзельнічаў у праекце як вакаліст і кампазітар) сапраўдную папулярнасць ва ўсіх краінах СНД.
Разам з рэперам Сярогам Максім займаўся напісаннем тэкстаў песень, стварэннем аранжыровак, выступаў на канцэртах разам з ім. Прымаў удзел у шматлікіх папулярных шоу і праграмах: КВЗ, “Званая вячэра”, “Залаты грамафон”, “Песня года”, MTV Russia Music Awards, “Фабрыка зорак” і інш. У 2007 годзе Сярога і Макс Лорэнс запісалі саўндтрэкі да кінафільма “Бой з ценем”.
Свой першы сольны альбом “Танцы пад Месяцам” Макс Лорэнс запісаў у 2008 годзе ў Берліне ў супрацоўніцтве з лепшымі бітмэйкерамі Германіі. Такія кампазіцыі аўтарства Макса, як “Лебядзіная”, “Каля хаты тваёй”, “Вар’яцею”, сталі хітамі.
На сённяшні дзень Макс Лорэнс супрацоўнічае з такімі вядомымі выканаўцамі, як Сярога, Б’янка, Дзідзюля, Сацура, Ліён, Anggun, St1m, ST, Dj Шаўцоў і Dj Miller і інш.
Некалькі цікавых фактаў пра спевака.
Макс невыпадкова выбраў у якасці псеўданіма прозвішча Лорэнс: дзявочае прозвішча маці Максіма — Ларэнсон (прозвішча мае нямецкія карані).
Кампазіцыя Макса Лорэнса “Вар’яцею” стала адным з саўндтрэкаў да гульні GTA IV.
У 2010 годзе Макс Лорэнс прыняў удзел у экстрэмальным рэаліці-шоу “Зачыстка”, здымкі праходзілі ў Аргенціне.
У дзяцінстве Максім вельмі любіў маляваць. Часта маляваў персанажаў з дыснееўскіх мульцікаў, пазней пачаў маляваць аўтарскія коміксы. На прадмеце “Маляванне” ў каледжы Максім намаляваў комікс пра сваё жыццё і атрымаў “выдатна”.
Макс свабодна гаворыць на нямецкай мове, што не ў апошнюю чаргу дазволіла яму супрацоўнічаць з берлінскімі заканадаўцамі сучаснай хіп-хоп музыкі.
— Нечаканае для мяне адкрыццё. А я думаў, што вы выхоўваліся на творчасці такіх хлапечых (па-руску кажучы, мальчуковых) гуртоў, як Backstreet Boys, NSYNC…
— І на іх таксама. І Backstreet Boys, і NSYNC перапявалі Boyz II Men. І я хацеў бы сказаць, што менавіта Boyz II Men — заснавальнікі стылю r’n’b: рытм-энд-блюза — гэтай усечанай музыкі, многагалосся, змяшанага з танцам…
— Ваш творчы кантынент сёння — гэта r’n’b?
— О, я не ведаю наогул, на якім кантыненце зараз знаходжуся! За апошнія гады паспеў даведацца пра вельмі многія сакрэты сучаснай музыкі — як яна робіцца, як аранжыруецца, як ствараецца бэк-вакал, як пішацца вакальная драматургія… Усё гэта для мяне неяк раскрылася незаўважна, бо я гэтага вельмі хацеў.
— Але ж, напэўна, яно раскрываецца не для кожнага… У чым ваш сакрэт?
— Я вельмі хацеў спяваць. Зачыняўся ў сваім пакоі і спяваў. Штодня. А калі прырода ўзяла сваё і дзікае жаданне спяваць перамагло ўсе іншыя юнацкія жаданні, я стаў аналізаваць сродкамі логікі, філасофіі і іншых навук сваю творчаць, змог для сябе растлумачыць усё тое, што было зароджана калісьці аднымі вушамі і голасам. У нейкі момант я сам сабе расказаў, як трэба рабіць музыку. Па палічках усё расставіў.
— Макс, вы гамяльчанін… І не толькі вы з Сярогам родам з Гомеля, хто дасягнуў поспеху ў музыцы ў рэспубліканскім і нават большым маштабе. Успомніць, напрыклад, дэз-метал каманду Gods Tower… У вас у Гомелі ёсць нейкая аўра поспеху?
— Растлумачу. Усё, што знаходзіцца бліжэй да поўдня, больш развітое, чым тое, што знаходзіцца на поўначы. У творчым сэнсе. У той жа Амерыцы, Германіі, Францыі ўсё, што паўднёвае, музычнае. Лос-Анджэлес невыпадкова стаў кузняй відэа- і музычных шэдэўраў. А Нью-Ёрк халодны. Таму нью-ёркскія музыканты і імкнуцца ў Лос-Анджэлес, дзе акіян і круглы год лета. Джасцін Тымберлейк, думаю, наогул не ведае, што такое ларынгіт і фарынгіт. Ён практычна 365 дзён у годзе спявае, стварае музыку. А ўсё, што на поўначы, халоднае, пазбаўленае гукаў.
— Чаму так?
— Ды таму, што на поўдні больш сонца, больш цяпла і, адпаведна, больш натхнення. Сябры часам летам тэлефануюць са сталіцы: “Як, Макс, справы? У нас +15. І дождж”. Я тады з такім непрыхаваным захапленнем адказваю: “А ў нас +35. І ўсе на пляжы!” А для музыкантаў цяпло — самая дарагая рэч. У цяпле яны не хварэюць. Займаюцца творчасцю, не азіраючыся на надвор’е.
— Але, з іншага боку, колькі таленавітых музыкантаў дала свету заўсёды халаднаватая і дажджлівая Брытанія, пачынаючы з The Beatles і Genesis і заканчваючы Muse!
— Дык жа і музыка англійскіх музыкантаў такая ж дажджлівая, як і іх надвор’е. Паслухайце пераважную большасць рэпертуару The Beatles і Genesis, не кажучы ўжо пра Muse. А я лічу, што музыка — гэта не дэпрэсія. Гэта свята для людзей.
Хаця “Бітлы” найбольш хітрыя з усіх англійскіх музыкантаў. Яны многа гастралявалі і многіх пераймалі. Яны самыя вясёлыя з усіх брытанскіх гуртоў.
— Макс, у вас ёсць вялікі вопыт супрацоўніцтва як з расійскімі, так і з заходнімі, у прыватнасці, нямецкімі музыкантамі… Куды сёння гледзіце вы як творца ў першую чаргу — на Маскву ці на Берлін?
— Я гляджу заўсёды наперад. Бо калі глядзець направа ці налева, можна спатыкнуцца і не заўважыць перад сабой сцяну. Я гэтаму навучыўся за сваё жыццё. Быў перыяд, я быў маленькім хлопчыкам, і ішоў гэты маленькі хлопчык па жыцці як па магазіне — туды-сюды глядзеў па баках. А бацькі мяне вялі за ручку. Але, дзякуючы найперш бацькам, я навучыўся глядзець наперад. Налева і направа я сёння гляджу толькі тады, калі ў мяне выхадныя дні. А іх не так і шмат. Пераважна даводзіцца ісці па жыцці і ламаць сцяну лбом.
— І ўсё-такі, Максім, якой культуры ў вашай творчай асобе больш — заходняй ці ўсходнееўрапейскай?
— Безумоўна, заходняй. Па чарнобыльскай праграме ў дзяцінстве я часта ездзіў у Германію. Там у мяне многа сяброў. Адтуль я прывозіў сабе і сваім гомельскім сябрам касеты з лепшымі навінкамі еўрапейскай музыкі. Сябры ўздыхалі: “Якія ж класныя песні! Чаму ў нас такіх няма?” Я іх супакойваў: “Яны хутка ў вас з’явяцца…”
— Вы адчуваеце сябе зараз цалкам сфарміраваным музыкантам? Або намацваеце перад сабой прастору для пэўнай вучобы?
— Я думаю, што я сфарміраваны музыкант. Але той, які павінен колькасцю пацвердзіць сваю якасць, узаемадзейнічаючы яшчэ з большай колькасцю музыкантаў, ствараючы ўсё новыя і новыя, цікавыя і арыгінальныя музычныя прадукты. Я не іграю так добра на гітары, як Эрык Клэптан, але я… кожны дзень іграю на гітары.
— Макс, вы кіруеце вакальнай студыяй у Гомельскім абласным доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі адносна нядаўна. Скажыце шчыра, вы надоўга ў Гомелі? Ці заўтра з’едзеце ў Маскву, Берлін, Мінск?
— Заўтра не з’еду. А пра паслязаўтра нічога не скажу. Я заўсёды іду туды, дзе мяне чакаюць, дзе ёсць работа, дзе ёсць музыка і дзе я магу сябе рэалізаваць.
— Тут, у гомельскай студыі, вы адчуваеце сябе камфортна?
— Так. Шчыра кажучы, не думаў займацца студыяй… Думаў: стукне “саракетнік” — тады. Але нечакана ад Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі з’явілася прапанова стварыць тут студыю, і я нечакана для сябе ахвотна згадзіўся. Пра што зусім не шкадую, бо ўжо сёння бачу рэальныя вынікі. І для мяне гэта сапраўднае задавальненне. Іншы раз я спяваю цэлую гадзіну, а мае вучаніцы мяне слухаюць усю гэтую гадзіну і спяваюць толькі нейкія 5 хвілін. А бывае, што мы размаўляем цэлую гадзіну і толькі потым дзяўчынка пачынае спяваць… Зразумеўшы што да чаго.
Кожны ўрок у мяне ў студыі — гэта такі жывы працэс.
Як у акіяне рыбкі плаваюць. Таксама ж жывы працэс.
— Дзякуй вам вялікі за гутарку.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.