Майстроў эстрады будуць рыхтаваць у фестывальнай сталіцы: Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І.І.Салярцінскага сустрэне 100-гадовы юбілей новымі творчымі дасягненнямі і адкрыццём новай спецыяльнасці.
За гады плённай працы гэты педагагічны калектыў падарыў свету нямала прафесійных музыкантаў, імёны якіх з’яўляюцца гонарам не толькі ўстановы адукацыі, але і ўсёй беларускай культуры. Пра сённяшні дзень і перспектывы развіцця каледжа расказвае яго дырэктар Анатоль ГРЭЦКІ.
— Раскажыце, Анатоль Іванавіч, па якіх спецыяльнасцях ажыццяўляецца падрыхтоўка ў каледжы?
— На цяперашні час мы прапануем тры спецыяльнасці на аснове агульнай базавай адукацыі: “Дырыжыраванне” па напрамку “Акадэмічны хор”, “Музыказнаўства”, а таксама “Інструментальнае выкананне” па напрамках “Фартэпіяна”, “Аркестравыя струнна-смычковыя інструменты” (скрыпка, альт, віяланчэль, кантрабас), “Аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты” (флейта, кларнет, габой, фагот, труба, валторна, трамбон, туба, саксафон, ударныя), “Інструменты народнага аркестра” (баян, акардэон, домра, цымбалы, балалайка, гітара). У перспектыве мы плануем адкрыць спецыяльнасць “Мастацтва эстрады”.
— Чым абумоўлены гэты намер?
— Віцебск па праве называецца фестывальнай сталіцай краіны. У нашым горадзе штогод праходзіць шэраг рэйтынгавых рэспубліканскіх і міжнародных музычных форумаў, у тым ліку Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Толькі вось гаспадары там неяк не дужа прадстаўлены прафесійнымі эстраднымі выканаўцамі. Непарадак, трэба выпраўляцца!
Гэта жартам, а калі сур’ёзна, то адкрыццю любой новай спецыяльнасці заўсёды папярэднічаюць маніторынгавыя даследаванні. Пацвярджаюцца яе запатрабаванасць і неабходнасць, адпаведны матэрыяльна-тэхнічны і вучэбна-метадычны ўзровень установы прафесійнай адукацыі — можна гаварыць пра адкрыццё. І хаця “Мастацтва эстрады” пазначана пакуль у планах на найбліжэйшую будучыню, маштабная падрыхтоўка вядзецца ўжо сёння. Так, нам выдзелілі пэўныя сродкі на набыццё гукаўзмацняльнай апаратуры, каб стварыць сучасную музычную студыю і атрымаць магчымасць запісваць фанаграмы. Калі ўсё складзецца як належыць, то праз год аб’явім набор на вакальнае і, магчыма, інструментальнае аддзяленне.
— Дзе працуюць выпускнікі каледжа?
— Мы рыхтуем настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў, кіраўнікоў творчых калектываў, канцэртмайстраў, артыстаў аркестра, ансамбля і хору. Усе выпускнікі забяспечваюцца першым рабочым месцам. Пасля заканчэння каледжа многія працягваюць вучобу ў вядучых профільных установах вышэйшай адукацыі Беларусі і замежжа.
З нашым каледжам цесна звязана творчая і педагагічная дзейнасць члена Саюза кампазітараў Ніны Усцінавай і віцебскага кампазітара Віктара Шавякова. Сярод нашых выпускнікоў — прафесары Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казінец (у мінулым — рэктар акадэміі) і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сеўрукоў; заслужаны дзе яч мастацтваў Рэспублікі Беларусь мастацкі кіраўнік ансамбля “Класік-Авангард” Уладзімір Байдаў; галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча Іван Абразевіч; стваральнік і першы кіраўнік Віцебскага гарадскога народнага маладзёжнага хору Віталь Раўзо. Пералічваць знакавыя для айчыннай музычнай культуры імёны можна досыць доўга. Хачу звярнуць увагу, што нашы выкладчыкі — таксама пераважна выпускнікі каледжа. Калектыў склаўся моцны, устойлівы. Дарэчы, больш за 80% выкладчыкаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
— Хто прыходзіць да вас вучыцца, ці патрэбна папярэдняя адукацыя і якімі якасцямі павінен валодаць малады чалавек, каб паступіць у каледж?
— Абавязковая ўмова для абітурыентаў: падрыхтоўка павінна адпавядаць аб’ёму ведаў, што дае дзіцячая музычная школа. Амаль кожны навучэнец прайшоў такую школу, хаця атэстат аб заканчэнні поўнага сямігадовага курса ў прынцыпе неабавязковы. Усё вырашаюць узровень валодання інструментам, тэарэтычная музычная падрыхтоўка і, галоўнае, жаданне вучыцца і атрымаць прафесію. Выпадкі, калі маладыя людзі рыхтаваліся ў прыватным парадку і паспяхова да нас паступалі, хутчэй выключэнні, але яны ёсць.
Асноўны ўзроставы кантынгент навучэнцаў — ад 15 да 23 гадоў. Такой разбежцы не варта здзіўляцца. Здараецца, да нас прыходзяць вучыцца і пасля службы ў арміі, і нават з дыпломамі аб вышэйшай адукацыі — пры жаданні змяніць спецыяльнасць. Навучэнцы розныя, але заўсёды на выпуску каля 20% з іх атрымліваюць дыпломы з адзнакай. Агульная паспяховасць складае 95%, адсеў нязначны і пераважна па ўважлівых прычынах — напрыклад, у сувязі з пераездам.
— Бывае, дзіця ідзе ў 1 клас агульнаадукацыйнай і музычнай школы, праз сем гадоў заканчвае апошнюю, аднак да атрымання дыплома аб агульнай базавай адукацыі яму яшчэ два гады. Перапынак у занятках музыкай непажаданы. Што ў такім выпадку параіце рабіць?
— У 1996 годзе Міністэрства культуры дазволіла нам адкрыць спецыяльную школу для адораных дзяцей. Штогод у канцы мая, пасля таго як музычныя школы завяршаюць набор, мы праводзім свой — па 7 чалавек у класы з 5-га па 9-ы. Практычна ўсе гэтыя дзеці потым становяцца нашымі абітурыентамі і паспяхова заканчваюць каледж. Такім чынам перыяд адаптацыі скарачаецца да мінімуму: мы ведаем, на што здольныя і да чаго гатовы навучэнцы, а яны, у сваю чаргу, добра знаёмыя з выкладчыкамі і ўмовамі вучобы.
Яшчэ адзін варыянт — студыя пры каледжы. Яе асноўнае прызначэнне — адаптаваць будучых абітурыентаў да нашых патрабаванняў. Разам з тым будучае паступленне ў каледж не з’яўляецца умовай для заняткаў у студыі, мы прымаем усіх жадаючых ад 5 да 55 гадоў. Малодшых прыводзяць бацькі, для 3—4 курсаў студыі ў нас дзейнічае сектар практыкі, дзеці паэтапна здаю ць экзамены і могуць па іх выніках быць прыняты ў нашу спецшколу. Дарослыя прыходзяць з пэўнай мэтай. Хтосьці хоча ўдасканаліць музычна-тэарэтычную падрыхтоўку — з гэтымі навучэнцамі мы асобна займаемся сальфеджыа і тэорыяй музыкі. Быў у практыцы студыі выпадак, калі некалькі жанчын за 40 гадоў прыйшлі, каб навучыцца іграць на класічнай гітары. Маючы пэўныя вакальныя даныя, сяброўкі захацелі сабе акампанаваць — і мы дапамаглі ім ажыццявіць мару. Увогуле вакал у студыі прадстаўлены вельмі шырока. І не толькі нашымі суайчыннікамі. Напрыклад, займаліся ў нас вакалісты і віяланчэлісты — грамадзяне КНР, якія адначасова вучыліся ў ВДУ імя П.М.Машэрава. На радзіме яны атрымалі першасныя навыкі, а ў нас працягвалі музычную падрыхтоўку.
Акрамя таго, прапануем падрыхтоўчыя курсы для жадаючых паступіць на спецыяльнасці “Інструментальнае выкананне” і “Дырыжыраванне”.
— Каледж ведаюць ва ўсім свеце дзякуючы бліскучым перамогам яго навучэнцаў і выкладчыкаў…
— За час існавання нашага каледжа дзясяткі навучэнцаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльнай прэміі Віцебскага аблвыканкама, больш за 100 — лаўрэатамі вядомых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў з геаграфіяй ад Санкт-Пецярбурга і Масквы да Юрмалы, Прагі, заходнееўрапейскіх сталіц. Лаўрэатамі міжнародных конкурсаў і фестываляў з’яўляюцца ўсе нашы аркестравыя і харавыя калектывы.
Каб падрыхтаваць лаўрэата, неабходны ўмовы. Па-першае, навучэнец павінен быць мэтанакіраваны і з Божай іскрай. Патрэбен выкладчык, які зможа знайсці да яго падыход, — у такім выпадку супадзенне адыгрывае выключную ролю. Трэцяе па ступені важнасці, што ні кажы, наяўнасць добрага інструмента і сучаснага абсталявання. Як і ўсё ў свеце, яны з цягам часу ўдасканальваюцца, развіваюцца і, зразумела, патрабуюць фінансавання. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць за падтрымку каледжа нашаму аблвыканкаму, абласному Савету дэпутатаў і асабіста яго старшыні Уладзіміру Цярэнцьеву. Неабходныя новыя музычныя інструменты ў каледж мы набываем штогод. Нядаўна купілі і ўстанавілі светлавое абсталяванне, зараз, як я казаў раней, займаемся абсталяваннем студыі і працягваем капітальны рамонт. Сцэна каледжа пасля рамонту па акустыцы стала адной з лепшых у горадзе. У абласной філармоніі, канцэртнай зале “Віцебск”, не кажучы ўжо пра Летні амфітэатр, шырока выкарыстоўваецца аўдыяапаратура і так званая фанера, а ў нас гучыць жывая музыка.
— Пра што марыцца напярэдадні юбілею каледжа?
— Хацелася б завяршыць капітальны рамонт, а ў наступным годзе — адкрыць новую спецыяльнасць. Гэта цалкам рэальна і, я ўпэўнены, спраўдзіцца. Мара з разраду недасяжных — уласны інтэрнат. Жыллём мы забяспечваем усіх, хто мае ў гэтым патрэбу: дапамагаюць калегі — дырэктары віцебскіх устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А вось уласнага інтэрната не маем. А яшчэ марым аб набыцці вялікага Steinway у нашу канцэртную залу. Было б грандыёзна!
— Музыка не толькі гучыць са сцэны падчас канцэртаў, але вольна цыркулюе па ўсіх паверхах каледжа. Такое ўражанне, што пастаянна…
— Асабліва драматычным яе гучанне становіцца ў перадсесіённы перыяд. Нават калі пойдзеш дадому — музыка ў вушах. А калі сур’ёзна, то вучэбны корпус працуе ў нас з 6 гадзін, да гэтага звычайна 5—10 чалавек ужо збіраюцца на ганку і чакаюць, каб пайсці на самастойныя заняткі. Час выбіраюць самі навучэнцы, як ім зручней, але мы гаворым, што самая прадукцыйная работа з раніцы. А 8-й гадзіне пачынае працаваць міні-кавярня, дзе можна паснедаць і з новымі сіламі ўзяцца за гармонію з сальфеджыа. З 8.30 да 19 гадзін ідуць заняткі па вучэбным плане, потым зноў (да 23 гадзін) самападрыхтоўка.
— Як часта ў вас здараюцца канцэрты?
— Не тое каб здараюцца, а рэгулярна праходзяць. Да пэўных дат, сольныя аўтарскія, справаздачныя; па розных напрамках і на розных інструментах — ад фартэпіяна да балалайкі; арганізаваныя сіламі выкладчыкаў, навучэнцаў, гасцей каледжа — знакамітых выканаўцаў і творчых калектываў нашай краіны і замежжа. Іншымі словамі, штомесяц на базе каледжа праходзіць як мінімум 4—5 канцэртаў. Трэба яшчэ ўлічваць, што мы праводзім актыўную канцэртную, музычна-асветніцкую, валанцёрскую дзейнасць, аказваем платныя паслугі, удзельнічаем у рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных фестывалях, конкурсах, акцыях. У 1991 годзе мы пачалі, а ў апошнія гады сумесна з абласной філармоніяй штогод праводзім Міжнародны музычны фестываль імя І.І.Салярцінскага, на які запрашаюцца лепшыя выканаўцы і вядомыя ва ўсім свеце аркестравыя калектывы. Праводзім таксама фестываль фартэпіяннай музыкі, рэспубліканскія конкурсы. Традыцыйнымі сталі майстар-класы вядомых выканаўцаў Ігара Алоўнікава, Ашота Мндаянца, нашых выпускнікоў з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Мы іх не выпускаем з поля зроку, кантактуем і, безумоўна, чакаем на святкаванне 100-годдзя каледжа.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.